Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій прыняў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 100-годдзю пакутніцкай смерці шаркаўшчынскага свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава
11.05.2019
—
Разное
|
Светлай памяці заступніка зямлі шаркаўшчынскай было прысвечана мерапрыемства з удзелам архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, духавенства Полацкай епархіі, кіраўніцтва Шаркаўшчынскага раёна. Гэта падзея прайшла ў гарадскім пасёлку 10 мая. Урачыстыя богаслужэнні ў памяць пра свяшчэннамучаніка айца Канстанціна Жданава пачаліся спачатку каля помніка святару, а затым прадоўжыліся ў храме іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых Радасць”. Усе, хто ў той дзень прыйшоў на набажэнства ў царкву, у сваіх думках разам са свяшчэннікамі прасілі заступніцтва і абароны ў святога айца Канстанціна Жданава. У шчырай малітве гучалі словы любові, надзеі, пакаяння перад Усявышнім. Пасля набажэнства ў танцавальнай зале раённага цэнтра культуры вучні дзіцячай школы мастацтваў, яе выпускнікі, удзельнікі гурткоў раённага цэнтра рамёстваў падрыхтавалі выставу работ духоўнай накіраванасці. Выкладчык мастацкага аддзялення ДШМ Віктар Крук і кіраўнік народнага клуба “Талака” Святлана Заіка пазнаёмілі Уладыку Феадосія, духавенства, кіраўніцтва раёна з працамі вучняў, расказалі пра стварэнне кожнай работы, пра той сэнс, які закладзены ў прадстаўленых творах. Са словамі прывітання да прысутных са сцэны звярнуўся Уладыка Феадосій. Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі ў сваёй прамове заклікаў кожнага быць добрым, міласэрным адно да аднаго, несці ў сваіх сэрцах ласку і пяшчоту, дарыць людзям толькі спагаду і любоў. Уладыка папрасіў задумацца аб сэнсе веры для чалавека, яго прадвызначэнні на гэтай зямлі. Ён таксама папрасіў, як мага часцей наведваць храмы, у словах малітвы размаюляць з Богам, прасіць заступніцтва ў святых і быць удзячнымі за кожны дзень жыцця. Уладыка Феадосій уручыў медалі “Святога Канстанціна Жданава”, падзячныя лісты ад Полацкай епархіі за працу, накіраваную на адраджэнне, захаванне і развіццё духоўнасці, вялікую работу ў дадзеным накірунку старшыні райвыканкама Дзмітрыю Ламака, яго намесніку Юрыю Васілеўскаму, дабрачыннаму Шаркаўшчынскіх цэркваў протаіерэю Пятру Бараноўскаму, протаіерэю Віктару Валашчуку, выкладчыку Шаркаўшчынскай ДШМ Віктару Круку, шаркаўчанам, якія прымаюць актыўны ўдзел у духоўным жыцці раёна. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака ад імя кіраўніцтва раёна, яго жыхароў і ад сябе асабіста выказаў словы вялікай удзячнасці Уладыку Феадосію, прадстаўнікам духавенства Полацкай епархіі за аказаныя ўвагу і давер. Дзмітрый Міхайлавіч пажадаў архіепіскапу яшчэ шмат год несці людзям сваё пастырскае слова, служыць Богу і праваслаўным хрысціянам. У якасці памятнага падарунка старшыня райвыканкама ўручыў Уладыку партрэт Канстанціна Жданава, напісаны Віктарам Круком. Хто ж ён, свяшчэннамучанік Канстанцін Жданаў? Як склаўся яго лёс? Напэўна, няма ніводнага шаркаўчаніна, які б не ведаў імя гэтага святара, які ўзвёў будынак велічнай Свята-Успенскай царквы, настаяцелем якой і быў да свайго арышту бальшавікамі вясной 1919 года. Работнікі ўстаноў культуры гарадскога пасёлка і раёна, удзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці на працягу больш чым дзвюх гадзін у тэматычным канцэрце вялі аповед пра заступніка зямлі шаркаўшчынскай, у славу свяшчэннамучаніка спявалі духоўныя, лірычныя песні. Вучні Нядзельнай школы царквы іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых Радасць” ажыццявілі тэатралізаваную пастаноўку на рэлігійную тэму, сюжэтнай лініяй якой стала перамога дабра над злом, любві над ненавісцю, жыцця над смерцю. Менавіта так і павінна быць у нашых сэрцах, нашых душах, нашым разуменні. Сяргей РАЙЧОНАК. |
|