Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь адзначыла Піншчына
14.05.2019
—
Разное
|
>
У мінулую нядзелю Піншчына адзначала адно з важнейшых святаў краіны – Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Раённае мерапрыемства ў гонар свята зладзілі ў Пагост-Загародскай сярэдняй школе імя славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія.
– Наш народ стагоддзямі ішоў да незалежнасці, абараняючы сябе і родную зямлю ад фізічнага і духоўнага прыгнёту, – зазначыў у віншавальным слове намес-нік старшыні Пінскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Палхоўскі. – І гэты шлях адлюстраваны ў галоўных знаках Рэспублікі Беларусь. Яны ўвасобілі ў сабе важнейшыя каштоўнасці і ідэалы беларусаў – любоў да Айчыны, імкненне да свабоды і справядлівасці, да стваральнай працы на сваёй зямлі, жаданне жыць у міры і згодзе ў агульным беларускім доме. Сёння герб, сцяг і гімн аб’ядноўваюць нас у адну вялікую сям’ю, напаўняючы сэрца гонарам за прыналежнасць да народа з багатай гісторыяй і культурай. Паважаць і шанаваць герб і сцяг краіны – гэта абавязак і справа гонару кожнага грамадзяніна.
Сцяг узнімаўся пад гучанне гімна, які выдатна выканалі духавы аркестр Парахонскай ДШМ, салістка Ганна Рыжко і ўсе прысутныя на свяце. У гады вайны дзяржаўная сімволіка стала сімвалам перамогі, склікала людзей на барацьбу з ворагам, на подзвіг, на самаахвяраванне. Нездарма так сталася, што свята Перамогі і свята дзяржаўных сімвалаў у беларускім календары стаяць побач. Аб гэтай сувязі нагадаў ганаровы госць мерапрыемства Сяргей Іванавіч Багатка, якому таксама было прадастаўлена слова для выступлення. Потым жа ў цэнтры дзеі аказаліся акцябраты, якім у будучым будзе дана права вырашаць, як уладкаваць свой дом, родную краіну, якой дарогай ісці. У гэты святочны дзень юныя беларускія грамадзяне далі першае ў сваім жыцці ўрачыстае абяцанне любіць сваю Радзіму, быць добрымі, сумленнымі і справядлівымі… Так адбылася цырымонія прыняцця ў рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Гальштукі ўчарашнім акцябратам, а сёння ўжо піянерам павязалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Іосіф Гузіч, намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Палхоўскі, дэпутат райсавета, начальнік раённага аддзела па адукацыі Ала Прылоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Галавач, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Міхаіл Заранка, першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Сяргей Уладзіміраў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Віталій Нарывончык, старшыня раённай арганізацыі РАА «Белая Русь» Рыгор Прыгодзіч. На прыступку вышэй да мэты стаць сапраўднымі грамадзянамі падняліся і маладыя людзі, якім на свяце былі ганарова ўручаны членскія білеты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Сяргей Уладзіміраў і Дзмітрый Палхоўскі павіншавалі з урачыстай падзеяй школьнікаў, сярод якіх Андрэй Кахавец, Нікіта Рэбкавец, Яраслаў Саланевіч, Дзіяна Козел, Дзмітрый Долмат, Алёна Ёрш, Вольга Кучук і іншыя. Удзельнікамі свята сталі таксама вучні і педагогі Чухаўскай сярэдняй школы. Урачысты святочны сцэнарый падрыхтавалі і ўвасобілі супрацоўнікі раённых аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела па адукацыі. Людміла РЭБКАВЕЦ. |
|