Глыбочка будет с чистой водой. Председатель Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Владимир Андрейченко провёл приём граждан в Ушачах
Чарговы прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, які ў сераду праводзіў ва Ушачах Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, не выклікаў вялікага наплыву наведвальнікаў – да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь паступіла пяць зваротаў. Сутнасць некаторых закранала інтарэсы многіх людзей, таму іх можна аднесці да грамадскіх пытанняў.
Пра тое, што без вады “і не туды, і не сюды”, ведае кожны. У Глыбачцы забеспячэнне ёю наладжана, а вось якасць жыхароў аграгарадка ніяк не можа задаволіць. Вадкасць, якую для ўзору прывёз з сабой кіраўнік мясцовага сельгаспрадпрыемства А.А.Ляшчынскі, і блізка не нагадвала прыдатную для піцця, а была падобна хутчэй на нейкі хімічны рэактыў. Таму і звяртаўся Алег Аляксандравіч да спікера беларускага парламента ад імя ўсіх жыхароў населенага пункта з просьбай аб садзейнічанні будаўніцтву ў Глыбачцы станцыі абезжалезвання. На прыёме прысутнічалі прадстаўнікі філіяла “Наваполацквадаканал”, на балансе якога зараз знаходзяцца сеткі. Згодна дзяржаўнай праграме “Чыстая вада”, ва Ушацкім раёне да 2025 года станцыі абезжалезвання павінны з’явіцца ў дзевяці буйных населеных пунктах, у тым ліку ў аграгарадку Глыбачка – у 2021. Улічваючы сацыяльную значнасць праблемы, увагу, якая надаецца развіццю населенага пункта са значнай колькасцю пражываючых з боку кіраўніцтва раёна і вобласці, У.П.Андрэйчанка патэлефанаваў міністру жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны А.А.Церахаву і ўзгадніў перанос тэрмінаў будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў прыгаданым аграгарадку на наступны год.
У крытычным стане ў Глыбачцы і сістэма каналізацыі. З просьбай аб дапамозе ў вырашэнні пытання па яе рамонце да Уладзіміра Паўлавіча звярнулася Алена Юоза Маслюк. Дадзена даручэнне перадаць каналізацыйныя сеткі на баланс “Наваполацквадаканала” да пачатку ацяпляльнага сезона, бо КУСГП “Глыбачаны” не могуць забяспечыць іх рамонт.
Яшчэ адзін зварот таксама ў пэўным сэнсе датычыўся воднага пытання – рыбнай лоўлі на возеры Матырына. Яно знаходзіцца ў арэндзе ў ПТУП “Тэхнакрас”, якое заяўнікі абвінавачвалі ў безгаспадарчасці і патрабавалі скасаваць дагавор. Між тым, як паведаміла юрысконсульт райвыканкама Г.Г.Кандрацкая, падстаў для гэтага няма – група, створаная ў мэтах кантролю за захаваннем патрабаванняў умоў дагавору арэнды, неаднаразова абследавала возера і не выявіла неадпаведнасцей. Як зазначыў У.П.Андрэйчанка, праблемныя моманты пасля перадачы азёр у рукі прыватнікаў узнікаюць даволі часта – у тым ліку і з-за таго, што людзі прывыклі лавіць рыбу бясплатна. Але трэба разумець, што сумленны арандатар траціць немалыя сродкі на абсталяванне месцаў для рыбалкі і адпачынку, вогнішчаў і стаянак, зарыбленне і іншыя мерапрыемствы, таму і арганізуе платнае аматарскае рыбалоўства. А вось устанаўленне яго кошту – іншая справа. Уладзімір Паўлавіч даручыў разгледзець пытанне аб змяншэнні цаны разавага дазволу на лоўлю хаця б для пенсіянераў. Напрыклад, зараз рыбалка з выкарыстаннем спінінга на возеры Матырына каштуе 15 рублёў – для нашага раёна гэта, пагадзіцеся, нямала. Мясцовым жа жыхарам можна вудзіць рыбу бясплатна дазволенымі на гэта спосабамі. Таксама У.П.Андрэйчанка паставіў задачу камісіі райвыканкама ажыццяўляць пастаянны кантроль за захаваннем патрабаванняў умоў арэнды рыбалоўных угоддзяў на дадзеным возеры, прыцягваць да гэтай справы прадстаўнікоў грамадскасці.
Два пытанні насілі прыватны характар. Адзін з грамадзян не згодны з рашэннем судовых органаў. Ён, дарэчы, звяртаўся да У.П.Андрэйчанкі і ў адзін з папярэдніх прыёмаў. Уладзімір Паўлавіч у чарговы раз быў вымушаны засяродзіць увагу заяўніка на тым, што адмяняць рашэнні суда не ў яго паўнамоцтвах. Другому грамадзяніну, які ніяк не можа працаўладкавацца нягледзячы на шматлікія прапановы з боку раённых улад, параілі ў такім выпадку адкрыць уласную справу, растлумачылі як гэта зрабіць.
Намеснік старшыні райвыканкама А.В.Галяковіч далажыў аб ходзе работ на сацыяльных аб’ектах, рамонт і рэканструкцыя якіх ажыццяўляецца з падтрымкай нашага дэпутата, са станам спраў на некаторых У.П.Андрэйчанка азнаёміўся падчас іх наведвання.
Чарговы прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, які ў сераду праводзіў ва Ушачах Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, не выклікаў вялікага наплыву...