Сачыць за выкананнем заканадаўства ў розных сферах, абараняць правы грамадзян – галоўныя задачы органаў пракуратуры. Пракурорскія работнікі падтрымліваюцьабвінавачванне ў судзе, праводзяць праверкі ў арганізацыях і на прадпрыемствах,разглядаюць і вырашаюць скаргі.
Напярэдадні прафесійнага свята пра службовыя справы размаўляем з пракурорам раёна Іванам ВОЛЧЫКАМ.
Пракуратура перш-наперш орган не караючы, а праваахоўны. Як часта паступаюць звароты і скаргі ад грамадзян, чые правы парушылі? – Улік зваротаў вядзём паквартальна. У першым квартале іх паступіла шэсць. Два звязаны з неабгрунтаваным, на думку грамадзян, прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці. Яшчэ два з вядзеннем дасудовай вытворчасці. Па адным закраналі прыродаахоўнае і працоўнае заканадаўства. Прыкладна 60% зваротаў за год па пытаннях следства і дазнання. Напрыклад, грамадзянін палічыў, што падчас расследавання крадзяжу яго маёмасці былі прыняты не ўсе меры. Вывучаем сітуацыю, прызначаем дадатковая праверкі. Паступаюць скаргі наконт несвоечасовых выплат заработнай платы. Сёлета з такім пытаннем звярнуўся работнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Сітуацыю вырашылі на яго карысць.
Якую частку працоўнага часу работнікі пракуратуры праводзяць у судзе? – За мінулы год падтрымалі абвінавачванне ў 67 судовых справах. Найчасцей на пасяджэнні суда скіроўваецца намеснік пракурора. Аднак падтрымліваць абвінавачванне – абавязак кожнага пракурорскага работніка.
А расследаваць злачынствы? – Права расследаваць цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы за работнікамі пракуратуры засталося, але карыстаемся ім зрэдку. Гэта задачы супрацоўнікаў Следчага камітэта. Аднак пракурор абавязаны выязджаць на месцы здарэнняў, у якіх загінулі людзі ці прычынены ўрон у буйным памеры. Да прыкладу, пажары і ДТЗ з некалькімі загінулымі, забойствы.
На свае вочы бачыце тое, што большасць людзей назірае ў кінафільмах. Ці выпрацоўваецца за гады работы імунітэт да жудасных эпізодаў рэальнасці? – Выезд на месца здарэння з загінулымі – гэта, канешне, стрэс. У большай ці меншай ступені. З часам вучышся ўспрымаць убачанае спакойна. Адзінае, да чаго нельга прывыкнуць, – гора людзей.
Адсочваеце крымінагенную сітуацыю ў раёне? – Штодня чытаю зводкі пра ўчыненыя злачынствы і ўзбуджаныя крымінальныя справы. Па стане на 17 чэрвеня, у раёне зарэгістравана 97 злачынстваў. Лічба немалая. Але як плюс можна адзначыць, што паменела злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. Разам з тым сёлета ўчынены два забойствы, у мінулым годзе іх не было. Штогод узрастае колькасць злачынстваў у сферы камп’ютарных тэхналогій. Рознымі шляхамі зламыснікі атрымліваюць доступ да чужых карт-рахункаў і завалодваюць грашыма. Даюць станоўчыя вынікі раней прынятыя меры ў адносінах да вадзіцеляў, якія садзяцца за руль у нецвярозым стане. За мінулы год не выяўлена выпадкаў паўторных п’яных паездак, сёлета – адна. Па-ранейшаму распаўсюджаны крадзяжы. За пяць месяцаў учынена 26, у тым ліку 11 – з жылля.
Прафілактычнай работай пракуратура займаецца? – Удзельнічаем у пасяджэннях саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, камісіі па справах непаўналетніх. Рыхтуем матэрыялы прафілактычнай тэматыкі для сродкаў масавай інфармацыі.
Будні пракурорскіх работнікаў насычаныя. Што пажадаеце свайму калектыву напярэдадні прафесійнага свята? – Працуем у невялікай камандзе разам з намеснікам пракурора Аляксандрам Марцінчыкам і памочнікам Кацярынай Несцярэнка. Праз некалькі дзён з водпуску па доглядзе за дзіцём вернецца загадчыца канцылярыяй Кацярына Варонька. Пакуль з яе работай спраўляецца Марына Рэут. За рулём службовага аўтамабіля Дзмітрый Скавародка. Усіх віншую са святам! А пажаданні простыя – здароўя і шчасця, сямейнага дабрабыту і поспехаў на службе.
Фота з архіва рэдакцыі. Гутарыла Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Сачыць за выкананнем заканадаўства ў розных сферах, абараняць правы грамадзян – галоўныя задачы органаў пракуратуры. Пракурорскія работнікі падтрымліваюць...