Раёнка з 45-га
01.07.2019
—
Разное
|
У Глускім гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваюцца некаторыя нумары пасляваеннай раённай газеты, якая ў той час называлася “Сацыялістычная вёска” (у арыгінале на лагатыпе напісана “Соцыялістычная вёска”). Сярод іх — нумар, прымеркаваны да першай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У тагачаснай раёнцы ўсяго дзве старонкі. Улічваючы, што гэтаму нумару газеты 74 гады, ён захаваўся ў добрым стане, толькі зверху адзін ражок адарваўся. На першай паласе газеты вялікі партрэт Сталіна і Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, датаваныя 25 і 26 чэрвеня 1945 года: “Аб узнагароджанні ордэнам “Победа” маршала Савецкага Саюза Сталіна Іосіфа Вісарыёнавіча”, “Аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза Сталіну Іосіфу Вісарыёнавічу”, “Аб устанаўленні вышэйшага воінскага звання — Генералісімус Савецкага Саюза”, “Аб прысваенні Вярхоўнаму Глаўнакаман-дуючаму ўсімі ўзброенымі сіламі СССР Сталіну Іосіфу Вісарыёнавічу вышэйшага звання Генералісімус Савецкага Саюза”. Мяркуючы па такіх фактах, культ асобы Сталіна ў гэты час дасягнуў свайго росквіту. На гэтай жа старонцы размешчаны артыкул “Свята вызвалення”, прысвечаны першай гадавіне вызвалення Беларусі ад акупацыі: “Тры гады стагнала беларуская зямля пад пятой гітлераўскіх катаў… Вялікія ахвяры перажыў за гэтыя гады беларускі народ… 3-га ліпеня 1944 года доблесныя войскі сталінскіх палкаводцаў Ракасоўскага і Чэрняхоўскага вызвалілі ад немцаў сталіцу Беларусі, наш родны Мінск. Дзень вызвалення сталіцы ўвойдзе ў гісторыю як дзень вызвалення ад нямецкіх захопнікаў роднай Беларусі… Першую гадавіну вызвалення… беларускі народ адзначае ва ўмовах, калі гітлераўская Германія разгромленая доблеснымі войскамі Чырвонай Арміі, калі беларускі народ, прыкладаючы ўсе свае сілы і намаганні, аднаўляе разбураную ворагам народную гаспадарку і культуру. Сёння шырокія палі нашага раёна пакрыты густымі засевамі, у большасці калгасаў адноўлены па некалькі жывёлагадоўчых ферм, на папялішчах і руінах уздымаюцца прадпрыемствы…” Другая старонка таго нумара прысвечана мясцовым навінам — людзям, дасягненням у розных галінах гаспадаркі, а таксама ўспамінам партызан. Зверху старонкі над усімі матэрыяламі вялікімі літарамі напісана: “Сёння спаўняецца першая гадавіна з дня выгнання нямецкіх захопнікаў з беларускай зямлі”. У артыкуле “Вернута шчаслівае дзяцінства” карэспандэнт Нікіціна піша: “…Зноў весела зашчабяталі многалікімі галасамі нашы дзеці на школьных дварах. На працягу гэтага года вольнага жыцця ў раёне бесперабойна працавала 72 школы, у якіх 214 настаўнікаў выхоўвалі 5164 дзіцяці… Акружаны любоўю і клопатам дзеці-сіраты, бацькі якіх загінулі ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі. 150 дзяцей-сірот выхоўваецца зараз у Глускім дзіцячым доме. Для дзяцей дашкольнага ўзросту ў раённым цэнтры створаны дзіцячы сад”. Трэба адзначыць, што падлеткі, акрамя навучання, яшчэ і працавалі нароўні з дарослымі. Так, “у перадавым у раёне калгасе імя Сталіна Клетнянскага сельсовета (старшыня тав. Марціновіч) актыўна разгарнуліся работы па ўборцы сенажацяў. З ліку працуючых на сенажацях вызначыліся пятнаццацігадовыя калгаснікі Мядзведка Сямён і Кісляк Валодзя. Яны за дзень выкошваюць па 0,35—0,4 га сенажаці”. (Артыкул “Падросткі на сенакосе”, аўтар — Кіпель.) У артыкуле “Калгасны брыгадзір” (аўтар — карэспандэнт Ф. Міхайлаў) святочнага нумара раённай газеты згадваецца старанная праца былога партызана, а пасля вайны брыгадзіра перадавой брыгады калгаса імя Арджанікідзэ таварыша Гаўрыліна: “На кожным участку работы паспявае руплівы брыгадзір тав. Гаўрылін пабываць па некалькі раз за дзень… У час праведзена веснавая сяўба на ўчастку яго брыгады. Густыя пасевы азімых і веснавых чыстыя ад пустазелля. Двойчы ўжо праполан пасеў кок-сагызу і агарод… Калгаснікі любяць і паважаюць свайго брыгадзіра за руплівасць і гаспадарнасць”. У даваенныя гады самым буйным прадпрыемствам не толькі ў нашым раёне, а і ў вобласці (на той час Палесскай) была глуская арцель “Спатры”, прадукцыю якой ведалі далёка за межамі Беларусі. За год прадпрыемства вырабляла тавараў амаль на тры мільёны рублёў. Падчас акупацыі будынкі арцелі разбурылі захопнікі, а абсталяванне часткова разрабавалі (штосьці мясцовыя жыхары паспелі да прыходу немцаў схаваць). Карэспандэнт Ш. Мазалеўскі ў артыкуле “На 250 тысяч рублёў прадукцыі” пісаў: “…Старанна працаваў калектыў на працягу года па аднаўленні арцелі. І сёння там, дзе былі толькі падмуркі, працуе арцель “Спатры”. Адноўлены стругальны і ткацкі цэхі… За год працы арцель дала на 250 тысяч рублёў прадукцыі”. У прысвечаным вызваленню нумары газеты, канешне, былі ўспаміны партызан — былога начальніка штаба партызанскага атрада імя Шчорса Е. Балоціна і байца гэтага атрада Г. Залескага. Успаміналі партызаны сваё ваеннае партызанскае жыццё. “Вясна 1943 года. Помніцца, 18 сакавіка буйная варожая група дасягнула вёскі Зелянковічы. Немцы і іх агідныя прыслужнікі паліцэйскія грабілі сялян, лавілі дзяўчат для адпраўкі ў Германію… Атрад спешна выйшаў, каб сустрэць ворага з засады. Паміж Зелянковічамі і Зялёнкай, на канаве, было выбрана месца для засады. Разведка наглядала за дзеяннямі ворага. Ёю было ўстаноўлена, што немцы на 100 падводах вязуць награбленае дабро, а ўперадзе сябе гоняць 30 мірных жыхароў для адпраўкі ў Германію… З групай аўтаматчыкаў камандзір атрада Шваякоў хутка заняў новую пазіцыю. Падпусціўшы ворага на 40—50 метраў, па камандзе камандзіра партызаны адкрылі шквальны агонь па сярэдзіне варожай калоны, бо ўперадзе немцы пад канвоем гналі мірных людзей, значыць, страляць па пярэдніх было нельга. Адразу на зямлю апусцілася 10 немцаў, уцалеўшыя кінуліся разбягацца, але нашы трапныя кулі даганялі іх… 30 мірных жыхароў вызваліў тады атрад тав. Шваякова ад угону ў фашысцкае рабства, 150 кароў і 100 гружаных людскім дабром падвод адбіў ад немцаў і вярнуў жыхарам Зелянковіч”, — успамінаў на старонках раёнкі Е. Балоцін. Такі невялікі па памерах, але вельмі значны і насычаны па змесце нумар Глускай раённай газеты “Сацыялістычная вёска” быў падрыхтаваны карэспандэнтамі і часова выконваючым абавязкі адказнага рэдактара Станіславам Шумоўскім. Дарэчы, рэдакцыя тагачаснай раёнкі знаходзілася па вуліцы Валадарскага, 3. Падрыхтавала Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Глускім гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваюцца некаторыя нумары пасляваеннай раённай газеты, якая ў той час называлася “Сацыялістычная вёска” (у арыгінале...
|
|