Отдалённые – не значит забытые. Представители Ушачского райисполкома провели выездные приёмы граждан в населённых пунктах Великодолецкого сельсовета. 21.by

Отдалённые – не значит забытые. Представители Ушачского райисполкома провели выездные приёмы граждан в населённых пунктах Великодолецкого сельсовета

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Патриот (Ушачи)

Надзённыя пытанні жыхароў Вялікадолецкага сельсавета абмяркоўвалі і намагаліся вырашыць прадстаўнікі райвыканкама падчас выязных прыёмаў насельніцтва, якія праводзіліся на мінулым і бягучым тыдні.

Нямала праблем агучылі намесніку старшыні райвыканкама Андрэю Вітальевічу Галяковічу жыхары Малых Долец, Новага Жыцця, Казімірова і Заазер’я. У дзвюх апошніх вёсках, напрыклад, уздымаліся пытанні гандлёвага абслугоўвання. У Казімірове людзей засмучаў не надта багаты асартымент тавараў у вясковай краме. Па іх меркаванні, у летні час прыязджае шмат дачнікаў і попыт узрастае, а з-за аддаленасці населенага пункта ад Ушач заяўкі загадчыка магазіна выконваюцца не заўсёды аператыўна. І сапраўды, у момант нашага візіту на паліцах амаль не было каўбасных і хлебабулачных вырабаў. Андрэй Вітальевіч тут жа звязаўся са старшынёй праўлення Ушацкага райспажыўтаварыства і для высвятлення сітуацыі ў вёску адразу выехаў яго намеснік. А вось гандлёвае пытанне заазерцаў так проста вырашыць немагчыма. Справа ў тым, што ў канцы мінулага года была зачынена мясцовая крама. Адбылося гэта па шэрагу прычын, сярод якіх адсутнасць прадаўца, невялікі тавараабарот і неабходнасць рамонту памяшкання. Зараз у населены пункт двойчы на тыдзень прыязджае аўтамагазін, у якім, трэба прызнаць, выбар тавару больш шырокі. Таму меркаванні вяскоўцаў падзяліліся: некаторыя задаволены такім варыянтам абслугоўвання, але ёсць і тыя, хто не можа прывыкнуць да адсутнасці крамы. Сярод апошніх – ветэраны працы Леанід Антонавіч Няміра і Васіль Піліпавіч Ляхоўскі: “У нас даволі вялікая вёска, няхай бы магазін працаваў хаця б у летні сезон. Прыязджаюць унукі, просяць марожанага, і што нам ім казаць – пачакай да панядзелка?..” А.Галяковіч зазначыў, што пытанне трэба вывучыць, пасля чаго на яго будзе дадзены канкрэтны адказ.Отдалённые – не значит забытые. Представители Ушачского райисполкома провели выездные приёмы граждан в населённых пунктах Великодолецкого сельсовета

Даволі вострым у населеных пунктах гэтага рэгіёну з’яўляецца праблема забруджанасці баршчэўнікам. Асабліва пакутуюць ад “зялёнага агрэсара” Малыя Дольцы. Праўда, якраз у дзень выязнога прыёму тут кіпела работа: два трактары Ушацкага ПМС касілі зарослыя тэрыторыі, пасля чаго, па словах старшыні Вялікадолецкага сельвыканкама А.Л.Сыса, будзе праведзена хімапрацоўка – прэпарат для гэтага набыты. Але ж такім чынам можна ачысціць толькі грамадскія тэрыторыі, тады як у вёсцы нямала зарослых прыватных участкаў, адкуль расліна распаўсюджваецца на суседнія: такі, напрыклад, знаходзіцца прама насупраць магазіна. Па словах А.Сыса, сельвыканкам вядзе актыўную работу па пошуку нядбайных землекарыстальнікаў, у тым ліку і з прыцягненнем органаў унутраных спраў. І хоць некаторыя ўладальнікі ўжо далі абяцанне навесці парадак на ўчастках, відавочна, што эфектыўнасць гэтай работы пакуль што недастатковая.

Традыцыйна былі ў вяскоўцаў нараканні на стан дарог. “Нашы вуліцы грэйдзіруюць вельмі рэдка! А, напрыклад, на Аляксееўскай дарожнай тэхнікі мы ўвогуле ніколі не бачылі!” – зазначалі жыхары Казімірова. Андрэй Вітальевіч патлумачыў, што выконваецца грэйдзіраванне вясковых вуліц за сродкі сельсавета, а выдзяляецца іх на добраўпарадкаванне зусім нямнога, таму і стараецца старшыня размеркаваць грошы так, каб закрыць самыя праблемныя моманты. А вось наконт тэрміновай неабходнасці высекчы кустоўе на павароце перад уездам у вёску намеснік старшыні райвыканкама цалкам згодны і пракантралюе выкананне дарожнай службай гэтых работ.

Узнімалася ў Казімірове і праблема водазабеспячэння. Справа ў тым, што гэта, бадай, адзіная вёска, водаправод якой не знаходзіцца на балансе водаканала. Уласнікам камунікацый з’яўляецца мясцовая гаспадарка, і перадаваць іх ёй нявыгадна, бо тады прыйдзецца плаціць за выкарыстанне вады для вытворчых патрэб. Але ж і рамантаваць сеткі ў выпадку паломкі сельгаспрадпрыемства не можа, бо проста не мае адпаведных спецыялістаў. Варта было б наняць для гэтых работ водаканальшчыкаў, аднак “Вялікадолецкаму” няма чым з імі разлічвацца. Сродкі ж за карыстанне вадой ад насельніцтва аграрыі не атрымліваюць, бо не заключылі з жыхарамі вёскі адпаведныя дагаворы. Гэткае вось замкнёнае кола, і відавочна, што ў пошуку выйсця без удзелу райвыканкама не абысціся. Прынамсі, менавіта такім чынам была вырашана нядаўна вострая праблема казіміроўцаў, калі ў іх выйшла са строю сістэма каналізацыі: сельгаспрадпрыемству ўсё ж прыйшлося звярнуцца да спецыялістаў водаканала, якія зрабілі рамонт. Зварот вяскоўцаў па хібах у водазабеспячэнні будзе накіраваны ў КУСГП “Вялікадолецкае” і, як адзначыў А.Галяковіч, “ніхто не дазволіць кіраўніцтву гаспадаркі нічога не рабіць”.

Агульным пытаннем, якое турбуе жыхароў усяго наваколля, з’яўляецца неабходнасць выдалення старой ліпавай алеі ў Новым Жыцці. Рашэнне аб прызнанні дрэў аварыйнымі спецыяльнай камісіяй прынята, аднак затрымка за складанасцю работ. А вось спілаваць і забраць на дровы старыя асіны ў парку ў Казімірове можна хоць зараз – для гэтага трэба толькі звярнуцца да старшыні сельвыканкама і атрымаць адпаведны дазвол – новае заканадаўства значна спрасціла працэдуру яго выдачы, калі ліквідаванне расліннасці спрыяе добраўпарадкаванню. Да слова, пытанне саманарыхтоўкі паліва ўзнімаліся ў кожнай вёсцы, і людзям канкрэтна патлумачылі, што першым дзеяннем на гэтым шляху павінен быць зварот да старшыні сельвыканкама (за выключэннем лясных угоддзяў, дзе звяртацца варта адразу ў лясніцтва), а той ужо або дасць дазвол сам, або накіруе заяўкі землекарыстальнікам – аграрыям, дарожнікам. І, канечне, абавязковым патрабаваннем з’яўляецца навядзенне парадку на ўчастку, дзе будуць спілоўвацца дрэвы. Да “расліннай” тэмы належала і пытанне заазерцаў наконт двух сухіх дрэў, што пагражаюць падзеннем на мясцовых могілках. Вяскоўцы згодны сабраць сродкі на іх выдаленне, аднак, як патлумачыў А.Галяковіч, спецыялісты ЖКГ выканаюць работы, калі пры іх правядзенні не будзе пагрозы разбурэння помнікаў. Ну а самым лепшым выйсцем падаецца іх страхаванне – прынамсі, як нам паведамілі ў Белдзяржстраху, каштуе гэта зусім нядорага: два працэнты ад страхавой сумы за год.

Прыемна, што агучваліся падчас сустрэч і станоўчыя моманты: так, напрыклад, жыхары Казімірова падзякавалі за ўзорную работу спецыялістам раёна газазабеспячэння: “Вельмі добразычлівыя хлопцы і выдатныя прафесіяналы! Заяўкі выконваюць хутка і якасна”. Увогуле ж варта зазначыць, што ў намесніка старшыні з вяскоўцамі атрымаўся прадметны і грунтоўны дыялог.

* * *

Плённым аказаўся і выязны прыём кіраўніка справамі райвыканкама Ігара Пятровіча Шышко, які ён праводзіў у Садках. Міхаіл Цімафеевіч Алексяёнак скарыстаўся магчымасцю абмеркаваць са старшынёй сельвыканкама пытанне аб нарыхтоўцы паліва ў межах вёскі, а Соф’я Мікалаеўна Клачок папрасіла падсыпаць участак дарогі да яе дома, які моцна размываецца ў час непагадзі. Прыгаданая дарога не стаіць на балансе і нават не пазначана на карце, тым не менш А.Сыс пастараецца дапамагчы пажылой вяскоўцы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Надзённыя пытанні жыхароў Вялікадолецкага сельсавета абмяркоўвалі і намагаліся вырашыць прадстаўнікі райвыканкама падчас выязных прыёмаў насельніцтва, якія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2004-2020 21.by
Яндекс.Метрика