Всеслав Чародей отдыхал в Черствядах. В Ушачском районе археологи нашли резиденцию полоцких князей XII века. 21.by

Всеслав Чародей отдыхал в Черствядах. В Ушачском районе археологи нашли резиденцию полоцких князей XII века

13.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларуская зямля, па якой мы ходзім, тоіць у сабе мноства цікавых адкрыццяў. Адно з такіх нядаўна зрабілі на Ушаччыне айчынныя археолагі: на беразе Чарсцвядскага возера знойдзены фрагменты загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў 12 стагоддзя. Гэтая навіна разляцелася ўжо па ўсёй краіне, а свае знаходкі навукоўцы лічаць унікальнымі.

Артэфакты з глыбіні вякоў

– Упершыню ў археалогіі Беларусі нам удалося ідэнтыфікаваць загарадную рэзідэнцыю князёў, якая знаходзілася на гэтым месцы ў 12-м стагоддзі. Ні ў Тураве, ні ў Брэсце не знойдзена такіх лакалізаваных рэзідэнцый, у вас адзіная кропка на карце Беларусі, дзе яна адзназначна была, – сустракаючы нас у Чарсцвядах, пачынае распавядаць старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марат Васільевіч Клімаў, які ўжо больш двух дзясяткаў гадоў займаецца раскопкамі і пад кіраўніцтвам якога на працягу трох тыдняў на Ушаччыне працавала археалагічная экспедыцыя.

Чаму менавіта наш раён? Трэба сказаць, што любым раскопкам папярэднічае вялікая навуковая работа і спецыяльная археалагічная разведка, падчас якой вывучаюцца помнікі, аналізуецца мясцовасць, робяцца адпаведныя вывады. “Гісторыкі адзначалі, што ў 15-16 стагоддзях у Чарсцвядах існаваў ваяводскі двор, але мы дапусцілі, што заснаваны ён значна раней і належаў князю. Тым больш што на тэрыторыі раёна былі знойдзены артэфакты, якія сведчылі, што ў недалёкіх вёсках Славені і Ляхі ў 12-13 стагоддзі ўжо меліся пасяленні. Звычайна князь надзяляў сабе самыя лепшыя землі вакол свайго горада і ў тых жа гістарычных звестках значылася, што паўднёвы чарсцвядскі двор быў самым моцным”, – гаворыць М.Клімаў.

У двух раскопах памерам больш за 30 квадратных метраў на беразе возера спецыялісты адшукалі фрагменты двух будынкаў: гаспадарчай пабудовы і жылой – з печчу і астанкамі чалавека. Пад зямлёй могуць знаходзіцца яшчэ не менш дзесяці. Нягледзячы на тое, што цэнтр сядзібы пакуль знайсці не ўдалося, доказаў што тут сапраўды былі ўладанні князёў падчас раскопак знайшлося нямала. Напрыклад, гірка-разнавага, якой узважвалі срэбра і манеты. Частка жаночага ўпрыгожання, якое сялянкі не насілі. Невялікі нож – жалеза ў той час вельмі шкадавалі і іх рабілі малымі па памерах, пласціну ад нажа – з бронзы.. Адшукалі ключ ад унутранага замка, бранебойны наканечнік стралы з жалеза. У раскопе знайшлося нямала рыбалоўных кручкоў ці іх абломкаў, а таксама гліняных грузілаў для сетак – не дзіўна, што на беразе такога вялікага вадаёма займаліся рыбалоўствам. Трапіла археолагам і шмат фрагментаў керамікі 11-13 стагоддзяў, а таксама пазнейшага часу. А вось знойдзены крэмень дае падставы меркаваць, што ўвогуле гісторыя Чарсцвяд пачалася яшчэ ў эпоху неаліта! Аб тым, што на беразе тутэйшага возера жылі і адпачывалі статутныя асобы, сведчаць і фрагменты візантыйскіх амфар, якія прызначаліся для транспарціроўкі розных тавараў, але часцей за ўсё – віна. Кавалак люлькі для табака галандскай вытворчасці – таксама сур’ёзны артэфакт: такія рэчы ў той час мог дазволіць сабе далёка не кожны чалавек, хіба толькі купцы і феадалы. Але самай каштоўнай знаходкай, хоць і самай маленькай, археолагі лічаць кніжную зашпільку эпохі Ефрасінні Полацкай, вырабленую з бронзы. “У той час кніга была надзвычай каштоўнай рэччу, чыталі іх знатныя людзі. Знайшоўшы яе, упэўніліся, што мы на правільным шляху”, – зазначыў Марат Васільевіч, дэманструючы трафеі.

Назваць канкрэтныя імёны князёў, якія маглі тут жыць, навукоўцы не могуць. Тэарэтычна, гэта мог быць легендарны Усяслаў Чарадзей, пры якім Полацкае княства дасягнула найбольшага росквіту.

Магчыма, што падчас міжусобных войнаў паміж княствамі рэзідэнцыя была спалена.

На раскопкі – з усёй краіны

Як вы ўяўляеце сабе работу археолагаў? Пэўна, з вялікай рыдлёўкай у руках, якія да сёмага поту капаюць зямлю ўглыб. Насамрэч усё зусім інакш. Рыдлёўка патрэбна гэтым спецыялістам, толькі каб зняць невялікі верхні пласт, далей на ўзбраенні – невялікі савок ды пэндзаль. У сваёй рабоце гэтыя людзі вельмі далікатныя – рыдлёўкай ці моцным ударам можна пашкодзіць каштоўныя і крохкія артэфакты.

Накіроўваючыся да месца раскопак, чакала ўбачыць вялікае ўглыбленне, аказалася, што знаходкі ляжаць не далёка ад паверхні. “Гэта ў вялікіх гарадах прыходзіцца ўглыбляцца ледзь не да трох метраў, а на падобных сельскіх пасяленнях зусім не. Напрыклад, першы раскоп у Чарсцвядах – адзін метр і 20 сантыметраў. А другі, як бачыце, пакуль менш метра, а ў нас ужо колькі напрацовак! Мясцовыя людзі казалі, што нават калі капалі бульбу, знаходзілі нямала рэшткаў керамікі і іншых прадметаў”, – расказвае М.В.Клімаў.

Трэба сказаць, што пасля сябе археолагі пакідаюць роўны прыгожы ўчастак, на якім хоць адразу можна садзіць агародніну – у дасканала перабранай зямлі практычна не застаецца каменьчыкаў.

Штодня апошнія тры тыдні ў Чарсцвядах працавала 15-25 чалавек. Прычым, спецыялістаў і студэнтаў сярод іх зусім нямнога, абсалютная большасць – валанцёры, якія не маюць гістарычнай адукацыі, а такі занятак для іх з’яўляецца хобі і адпачынкам на прыродзе, пра які мараць увесь год. Ва Ушацкі раён на раскопкі з задавальненнем прыехалі не толькі з суседніх  Полацка і Глыбокага, а і з Мінска, Гомеля, Брэста, Слуцка і многіх іншых гарадоў краіны, некаторыя нават цэлымі сем’ямі з дзецьмі. Непадалёк ад месца работ размясціўся немалы палатачны гарадок, палявыя ўмовы і капрызы надвор’я ніяк не пужалі апантаных такой цікавай справай добраахвотнікаў.

***

Чарсцвядская археалагічная экспедыцыя днямі скончана, але гісторыкаў і археолагаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі яшчэ чакае шмат работы: знаходкі будуць рассартыраваны, пашпартызаваны, накіраваны на даследаванні. У сваю чаргу кіраўнік экспедыцыі Марат Васільевіч Клімаў паабяцаў вярнуцца на Ушаччыну ў снежні, каб выступіць перад вялікай аўдыторыяй з грунтоўнай і цікавай лекцыяй і прэзентацыяй па выніках раскопак. Але думаецца, што навукоўцы наведаюцца ў раён яшчэ не раз, бо багатая на гісторыю ўшацкая зямля, пэўна, тоіць у сабе нямала падобных сюрпрызаў.

15 жніўня археолагі Беларусі і краін Еўропы адзначаюць сваё прафесійнае свята. Цікава, што толькі ў суседняй Украіне яно з’яўляецца дзяржаўным. Менавіта ў гэты дзень будучыя спецыялісты гэтай рэдкай прафесіі праходзяць пасвячэнне ў археолагі.

Вольга КАМАРКОВА.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская зямля, па якой мы ходзім, тоіць у сабе мноства цікавых адкрыццяў. Адно з такіх нядаўна зрабілі на Ушаччыне айчынныя археолагі: на беразе Чарсцвядскага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика