Калі вольны, як заяц над безданню…. 21.by

Калі вольны, як заяц над безданню…

19.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі вольны, як заяц над безданню…
Не помню тую пару, калі пайшоў у першы клас. Ну, не помню, хоць ты мяне застрэль! Ці хваляваўся я, ці перажываў за тое, як мяне там сустрэнуць ці прыжывуся. Мама пазней расказвала, што ўпіраўся, усё не хацеў расставацца са сваёй свабодай (школа – гэта прынука, што ні кажы, гэта праца, і нялёгкая!), хаця з месяц усё радаваўся сшытай торбачцы-кайстры, якую пера-кідваў цераз плячо, ідучы ў школу.
Затое ў памяці далейшыя вехі, якія давалі мне салодка-шчымлівае пачуццё свабоды ад таго, што ты здаў нешта цяжкое і вольны, як вецер. Што можаш без боязі, што нехта цябе ўспора, ляжаць  у адрыне, можаш крыкнуць на ўсю аселіцу і ніхто – ні бацькі, ні суседзі, не будуць глядзець на цябе як на хулігана ці блазна, а можаш без спешкі ўзяцца за турнік, які даўно марыў займець на ўзмежку за хлявамі…
Гэта было пасля здачы экзаменаў за восем класаў. Тады рыхтаваўся ўжо служыць у войску, бо прайшоў першую камісію. Турнік ладзіў адзін, хаця тата ўсё ж памагаў укопваць два слупы і заганяць нейкія крукі на перакладзіну. Тады я займаўся штораніцы зарадкай, падбягаў да турніка, падцягваўся і бег голым торсам на раку Сха, дзе акунаўся. Праз месяц рабіў пад’ём пераваротам.
Я ганарыўся гэтым, хаця сябрам не расказваў, не хваліўся. Але помню, колькі было волі: і пасведчанне за базавую школу ў кішэні, можаш пайсці куды душа прагне, акрамя, вядома, інстытута, і цалюткае лета займацца тым, чым хочаш. Праўда, даводзілася ці не раз у месяц быць за падпаска ў вясковага пастуха Стука, чаго не любіў і кожны раз, калі прыходзіла гэтая чарга, мы з меншым братам Валерам сварыліся, каму гнаць. Ён быў меншы, і я яму саступаў…
Пасля былі больш усвядомленыя глыткі свабоды. Было заканчэнне сярэдняй школы. Сядзеў крукам над падручнікамі, але прынукі не было, бо звалілася гара з плячэй – не трэба хадзіць штодня ў школу за два з лішкам кіламетры, і нават ў вялікім горадзе, куды паехаў паступаць, не збянтэжыўся, што тут, калі, вядома, прайду па конкурсе, зноў давядзецца сутыкнуцца з абавязалаўкай. Аднак яшчэ неўсвядомлена разумеў, што гэта будзе новы этап у маім юначым жыцці.
Этап, падзелены на тыя ж вехі, толькі яны былі звязаны са здачай сесій. Кожнай, не паверыце, радаваўся, бо яна была для мяне глытком той жа свабоды, калі не трэба ісці ў тлумныя аўдыторыі, а ты прыходзіш сюды па іншай нагодзе, дзе ўсе твае аднагрупнікі, бледныя тварам, засяроджаныя, шукаюць адзіноты на падаконніках дзе-небудзь ля прыціхлай нязвыкла паточнай аўдыторыі, бубняць сабе пад нос, і ты хвалюешся, стараючыся закілзаць сваё ўтрапёнае сэрца. Ідзеш у першай пяцёрцы, бо не хочаш спакушаць свой лёс, і выходзіш шчаслівы, бо вольны, як заяц над безданню. Помніце ж фільм з такой назвай? Дык вось і ты такі – гатовы вырвацца на шырокія прасцягі і крычаць ад радасці, ад асалоды, што без путаў, без кайданоў…
Праўда, да наступнага экзамену. Ну а калі мінае апошні, асабліва ў летнюю сесію, шчаслівы без меры. Ты ўжо запісаўся ў студатрад, ты пакуеш свае рэчы, ты  ў думках у дарозе. І калі мчалі на цягніку ў Малдавію, адкуль прыехаў загарэлы, як індус, і калі здаваў дзяржэкзамены, я жыў гэтым – свабодай уперамешку з абавязалаўкай.
Нямала глынуў свабоды, калі выйшаў на свой хлеб. Курсы перападрыхтоўкі настаўнікаў у Віцебску, а пасля, калі перайшоў на працу ў рэдакцыю, тыя ж курсы ўдасканалення, дзе сустракаеш сваіх аднадумцаў, вязеш у Мінск брусок сала, а твой калега з Докшыц – пляшку гарэлкі, і мы сядзім пасля заняткаў у пакоі і разняволена разважаем пра тое, як жыць далей. Бо гэта былі 90-я, калі нічога жывога ў эканоміцы не засталося. Затое свабода біла з нас цераз край, як кажуць, проста фантаніравала, і мы пад напорам гэтага фантану проста шалянелі.  Такой вяхі, такога глытка свабоды мы ніколі не мелі…
Пасля былі яшчэ курсы, былі камандзіроўкі, хаця і рэдкія, калі адчуваеш, што вольны, а тут раптам выходзіш на заслужаны адпачынак, і ўсё ўраз абрываецца. Не, ты свабодны, але гэта ўжо не тыя глыткі, ад якіх вар’яцееш, гэта іншае – гэта свабода, да якой прывыкаеш, як да кашлю, як да чыху ў пыльным пакоі.
Тым не менш гэта тая свабода, пра якую мараць у маладосці. Не цямячы, што такая свабода даецца тады, калі выйшаў на “заслужаны адпачынак”, і не трэба табе ні курсаў, ні шмурсаў, у цябе адна “абавязалаўка” – жыць для дзяцей і ўнукаў. Не працай у імя “рэвалюцыі”, не стаханаўцам, не бегаць па суботніках, не “касіць трын-траву на паляне”, а жыць з поўным правам для сябе, час ад часу згадваючы вось такую “вольніцу”, якую дае жыццё нам, ад чаго яно і такое ўсцешанае.
Мікалай МАРОЗ, в. Баёўка.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2019 г.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі вольны, як заяц над безданню… Не помню тую пару, калі пайшоў у першы клас. Ну, не помню, хоць ты мяне застрэль! Ці хваляваўся я, ці перажываў за тое, як мяне там...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика