У адпаведнасці з Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. №157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня. Традыцыйна свята пісьменства праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах нашай краіны, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.
Сёлета свята пісьменства прыме горад Слонім Гродзенскай вобласці – адзін з самых старажытных на беларускіх землях, старадаўні цэнтр культурнага і духоўнага жыцця.
Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел высокія афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.
За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта – тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.
Дзень беларускага пісьменства, у аснову канцэпцыі якога пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі, дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, жывымі сведкамі творчага працэсу стварэння кнігі, газеты і часопіса.
Пачнецца святкаванне 31 жніўня з адкрыцця ў г.Слоніме кніжнага магазіна «Санет».
Як і заўсёды, у рамках свята адбудзецца навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. У рамках экспедыцыі 31 жніўня ў аграгарадку Жыровічы пройдзе Хрэсны ход да Свята-Успенскага сабору. Пасля Хрэснага ходу адбудзецца адкрыццё капліцы ў гонар святых Пятра і Феўронні на вул.Чырвонаармейскай.
Міжнародны «круглы стол» «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» традыцыйна аб’яднае беларускіх і замежных літаратараў.
У межах Дня беларускага пісьменства 31 жніўня пройдзе навукова-практычная канферэнцыя «Слонімскія чытанні». З прывітальным словам у адраз удзельнікаў і гасцей канферэнцыі выступяць Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар эканамічных навук, акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, старшыня Слонімскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Хоміч, старшыня грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд культуры» Тадэвуш Стружэцкі, а таксама прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі, адукацыі і культуры, Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
Сярод дакладаў такія тэмы, як «Роднае слова ў прасторы мастацкай культуры», «Штрыхі да урбананімнага партрэта Слоніма» і іншыя цікавыя і актуальныя гісторыка-асветніцкія праблемныя абсягі.
Сярод удзельнікаў канферэнцыі – прадстаўнікі розных даследчыцкіх устаноў, Нацыянальнай акадэміі навук, ВНУ краіны, а таксама настаўнікі агульнаадукацыйных школ.
У Слонімскім драматычным тэатры адбудзецца фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», прысвечанага Году малой радзімы ў Беларусі i 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта штогодні сумесны праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі і тэлекампаніі «Сталічнае тэлебачанне», накіраваны на пошук і падтрымку таленавітай моладзі. За гады правядзення конкурс выйшаў на рэспубліканскі ўзровень. Яго пераможцаў узнагароджваюць напярэдадні Дня беларускага пісьменства.
У 2019 годзе ў фінал выйшлі 15 удзельнікаў у трох узроставых групах, у кожнай з якіх журы вызначыць пераможцаў. Фіналісты прачытаюць творы Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Анатоля Грачанікава, Васіля Віткі і іншых вядомых літаратараў.
1 верасня першай падзеяй святочнага дня стане Божая Літургія ў Свята-Троіцкім саборы.
На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы адбудзецца афіцыйная цырымонія ўрачыстага адкрыцця XXVІ Дня беларускага пісьменства, а таксама ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Адной з цэнтральных падзей свята стане Фестываль кнігі і прэсы. Тут будуць прадстаўлены кнігі – пераможцы Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў «Мастацтва кнігі», кнігі, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямацка-фашысцкіх захопнікаў, Году малой Радзімы, кнігі пісьменнікаў-юбіляраў. Разгорнуцца тэматычныя выстаўкі, а таксама экспазіцыі вядучых рэспубліканскіх перыядычных выданняў і «СМІ Гродзеншчыны». Будзе арганізаваны святочны гандаль кнігай.
Упершыню ў рамках Дня беларускага пісьменства пройдзе гістарычная квэст-праграма «Код Сапегі». Якая сувязь паміж Змітраком Бядулям і іўрытам, якім быў старабеларускі алфавіт, які ў нікальны помнік Леніну знаходзіцца ў Слоніме – усё гэта, і зразумела, даведацца пра код Сапегі дапаможа квэст-праграма. Старт квэст-праграмы 1 верасня ў 10.00 на Фестывалі кнігі і прэсы (г.Слонім, вул. Чырвонаармейская, 40).
На працягу ўсяго свята будуць праходзіць святочныя мерапрыемствы, у прыватнасці, канцэрты, гульні на Дзіцячай пляцоўцы ў парку, свята народнага мастацтва ў Горадзе майстроў.
Адметнай падзеяй Дня беларускага пісьменства стане ўрачыстае адкрыццё пад гукі валынкі помніка славутаму дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага княства Літоўскага, дыпламату і мысліцелю – Льву Іванавічу Сапегу.
На адкрыцці помніка выдатнаму беларусу гасцей чакаюць танцы і тэатральнае прадстаўленне.
Увечары на галоўнай сцэне пройдзе цырымонія ўрачыстага закрыцця свята, перадача эстафеты – сімвалічнага вымпела гораду-сталіцы будучага свята (г.Бялынічы Магілёўскай вобласці) і святочны канцэрт майстроў мастацтваў «Льецца песня па-над Шчарай».