Людзі і справы лясной гаспадаркі. 21.by

Людзі і справы лясной гаспадаркі

13.09.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

042 (Копировать)

Як вядома, клопатаў у лясной гаспадарцы хапае круглы год. Неабходна аднаўляць лес, займацца нарыхтоўкай драўніны, ажыццяўляць догляд за дрэвамі, ахоўваць іх ад незаконных высечак і пажараў, праводзіць шмат іншых лесагаспадарчых работ. Зразумела, што вялікія іх аб’ёмы выконваюцца з дапамогай тэхнікі, але галоўнае ў рабоце лясной гаспадаркі — людзі, зладжаны працоўны калектыў.

Іёдскае лясніцтва, размешчанае на тэрыторыі нашага і суседняга Браслаўскага раёнаў, знаходзіцца ў падпарадкаванні нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”. Яго агульная плошча налічвае 13285 гектараў, з іх 12087 гектараў — тэрыторыя, пакрытая лесам. Калектыў Іёдскага лясніцтва налічвае 27 чалавек, а ўзначальвае яго ляснічы Аляксандр Уладзіміравіч Гедроіц.

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў лесу абавязкі кіраўніка Іёдскага лясніцтва часова выконваў памочнік ляснічага Алег Алегавіч Шпец. З ім і адбылася наша размова.

— Прыкладна палова ўсіх лясных угоддзяў Іёдскага лясніцтва размешчана на тэрыторыі нашага Шаркаўшчынскага раёна. Па прыроднаму складу ў нас пераважае бяроза (прыкладна 47 працэнтаў ад агульнай колькасці дрэў), сосен і елак — па 15 працэнтаў. Штогадова, згодна з даведзеным лясніцтву планам, суцэльныя высечкі галоўнага карыстання праводзяцца на плошчы 103,9 гектара, высечкі догляду — на плошчы 61,3 гектара. У сувязі з павелічэннем аб’ёмаў нарыхтоўкі драўніны асаблівую ўвагу работнікі лясной гаспадаркі надаюць лесааднаўленню. Лясныя ўчасткі пасля высечак не застаюцца пустымі, пасля падрыхтоўкі глебы пад пасадку на іх абавязкова высаджваюцца новыя маладыя дрэўцы.

Дзякуючы, у першую чаргу, зладжанай рабоце ўсяго надзейнага калектыву прадстаўнікоў Іёдскага лясніцтва ўдаецца паспяхова спраўляцца з пастаўленымі перад гаспадаркай задачамі. Любыя лічбы і паказчкі ў рабоце — гэта перш за ўсё заслуга людзей, што працуюць на перадавой, яны і з’яўляюцца прыкладам і гонарам лясніцтва. У Іёдскім, дарэчы, такіх таксама нямала. Сярод іх трактарыст з 22 гадовым стажам работы ў лясніцтве Валерый Георгіевіч Міхалёнак. Каля 7 гадоў у сваёй лясной гаспадарцы ён адпрацаваў вадзіцелем, працяглы перыяд быў лесніком, а зараз, вось ужо трэці год, працуе на трактары, вывозіць нарыхтаваную драўніну з лесу на прамысловы склад да пад’язных шляхоў. Валерый Георгіевіч Міхалёнак — чалавек старой загартоўкі. Ён выдатна ведае сваю справу і тэхніку, заўсёды падтрымлівае яе ў належным стане і з вялікай адказнасцю выконвае ўсе абавязкі.

Ляснік гаспадаркі Сяргей Аляксеевіч Чарняўскі 22 гады працуе ў Іёдскім лясніцтве. На замацаванай за ім тэрыторыі ён ведае кожны куточак. Не толькі займаецца аховай і сочыць за парадкам на сваім участку (абараняе лясы ад пажараў, самаволных высечак і крадзяжоў, ачышчае маладыя пасадкі ад буралому і смецця), але і працуе з пілой, разам са сваім калектывам нарыхтоўвае драўніну, удзельнічае ў лесапасадках. Родам Сяргей Аляксеевіч з вёскі Каршункі. Адразу пасля службы ў арміі ўладкаваўся на працу ў лясніцтва, дзе і працуе па сённяшні дзень.

Значнай фізічнай сілы і добра адточаных навыкаў патрабуе работа вальшчыка лесу. Як ніхто іншы гэта добра ведае Аляксандр Сяргеевіч Цітовіч — вальшчык лесу з 2-гадовым стажам работы па сваёй  спецыяльнасці, на тэрыторыі Іёдскага лясніцтва ён працуе з 2004 года. Працяглы перыяд быў лесніком.

Сёння вальшчык лесу павінен не проста пілаваць дрэвы, але і ўмець граматна распланаваць увесь працэс сваёй работы. І гэта вельмі важна, таму што ў такой справе любая памылка можа дорага каштаваць. Нездарма гэта прафесія лічыцца адной з самых небяспечных. Галоўнае, лічыць Аляксандр, выконваць усе патрабаванні тэхнікі бяспекі, працаваць не шкадуючы сіл, прыслухоўвацца да парад старэйшых калег і кіраўніцтва, зладжана працаваць усёй брыгадай — тады і поспехі ў рабоце будуць, і заработак дастойны.

Віктар Пятровіч Баговіч на  працягу 6 гадоў у сваім лясніцтве маю сумежную спецыяльнасць лесніка і вадзіцеля. Ён і на трактары рыхтуе глебу для будучых маладых пасадак, і ажыццяўляе перавозку людзей,нярэдка працуе з пілой і ўсе абавязкі лесніка добрасумлена выконвае. Віктар, як і многія яго калегі, бывае задзейнічаны на розных відах лесагаспадарчых работ, і заўсёды ў працы гэтага чалавека можна быць упэўненым. На такіх людзях: сціплых, працавітых і адказных трымаецца наш беларускі лес, — працягваючы наша знаёмства з Іёдскім  лясніцтвам адзначыў памочнік ляснічага Алег Алегавіч Шпец. — Лясная гаспадарка вырашае практычна ўсе жыццёва важныя пытанні краіны, пачынаючы з экалогіі і завяршаючы эканомікай.  Мы — частка гэтага ўсяго. І хоць наша лясніцтва — толькі структурнае падраздзяленне, усе разам мы вырашаем надзвычай важныя задачы.

Напярэдадні дня работнікаў лесу слоў удзячнасці за сваю нялёгкую працу заслугоўваюць многія нашы работнікі. А ў першую чаргу, ветэран працы Іёдскага лясніцтва Алёйза Іванавіч Матрунёнак — былы майстар і памочнік ляснічага. Каля 40 гадоў ён адпрацаваў на тэрыторыі нашай лясной гаспадаркі і сёння ў гэтага чалавека, які ўжо на заслужаным адпачынку, можна многаму павучыцца. У ліку лепшых і самых вопытных работнікаў нашага калектыву Іван Вацлававіч Сцілба, муж і жонка Вячаслаў Віктаравіч і Наталля Васільеўна Падоба, многія іншыя работнікі. Слоў удзячнасці за сваю працу заслугоўваюць нашы маладыя калегі і ўсе, хто працуе разам з намі на агульны вынік .

І хоць нялёгкія працоўныя будні зацямняюць рамантыку знаходжання ў лесе, большасць нашых працаўнікоў ніколі не пашкадавалі аб тым, што прысвяцілі сваё жыццё справе захавання галоўнага прыроднага багацця краіны — лясных угоддзяў.

Віншую кожнага работніка і ветэранаў галіны з прафесійным святам, жадаю ўсяго самага найлепшага і на працы, і ў асабістым жыцці. Здароўя, аптымізму, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шчасця і сямейнага дабрабыту вам і вашым родным.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика