15 год таму ў Ваўкавыску прайшоў рэспубліканскі фэст працаўнікоў сельскай гаспадаркі «Дажынкі 2004».
Для правядзення рэспубліканскага свята земляробаў Ваўкавыск быў абраны невыпадкова. У 2005 году горад павінен быў адзначыць сваё тысячагоддзе. Дата гэта умоўная. Да 1991 года лічылася, што Ваўкавыск заснаваны ў 1252 г. — адпраўной кропкай бралася згадванне мястэчка ў Іпацьеўскім летапісе. Але напачатку 90-х дэпутатам гарсавета
16 верасня ў Ваўкавыск пачалі прыязджаць высокія госці і дэлегацыі з абласцей. Афіцыйнае адкрыццё «Дажынак» было прызначана на 14.00 пятніцу, 17-е. Свята пачалося шэсцем ад райвыканкама да помніка Леніна на цэнтральнай плошчы горада. З урачыстай прамовай на цырымоніі адкрыцця выступіў Іван Бамбіза. Пасля ўручэння ўзнагарод лепшым земляробам і механізатарам сваё слова сказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Русак.
Аляксандр Лукашэнка «высвянціў» Ваўкавыск сваёй прысутнасцю ў суботу, 18 верасня.
Падрыхтоўка Ваўкавыска да прыезду Прэзідэнта пачалася ў сакавіку. Афіцыйна лічыцца, што ў рэканструкцыю горада ўкладзена 95 млрд рублёў. Прыкладна 70 мільярдаў далі міністэрствы і ведамствы, астатняе адшукалі ў абласным і раённым бюджэтах. Самым значным зменам падвергліся плошча імя Леніна і аднайменны помнік на ёй. Правадыра пралетарыята апранулі ў новую парадную бронзавую адзежу, да ног паклалі новы граніт. Плошчу выбрукавалі моднай каляровай пліткай, якую да 1000-годдзя прыбралі, каб уладкаваць фантан. Пабудаваны будынак новага аўтавакзала, капітальна адрамантаваны чыгуначны вакзал і прыведзена ў парадак прылеглая да яго тэрыторыя. Уладкаваны таксама археалагічны помнік «Швэдская гара», раённы Дом культуры, паркі, скверы і іншыя зоны адпачынку насельніцтва. Акрамя таго, праведзены капітальны рамонт памяшканняў і фасадаў жылых дамоў і грамадскіх будынкаў горада. А ў цэлым праграма ўладкавання Ваўкавыска складалася з вялікага спісу — рамонт, рэканструкцыя і будаўніцтва 170 аб’ектаў, уключаючы дарогі і пад’езды да горада, транзітныя і асноўныя вуліцы.
Пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва па нарыхтоўцы кормаў былі ўзнагароджаны легкавымі аўтамабілямі, кампутарамі і грашовымі прэміямі ў памеры 8 млн. рублёў. Узнагароды атрымалі 6 камбайнёраў кормаўборачных камбайнаў, 6 кіраўнікоў механізаваных кормаўборачных атрадаў атрымалі грашовыя прэміі ў памеры 15 млн. рублёў.