Брэсцкаму абласному грамадска-культурнаму цэнтру – 80 год. Інтэрв’ю з дырэктарам Святланай Каржук. 21.by

Брэсцкаму абласному грамадска-культурнаму цэнтру – 80 год. Інтэрв’ю з дырэктарам Святланай Каржук

26.09.2019 06:44 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

За гэтыя дзесяцігоддзі тут правялі сотні мерапрыемстваў, а калектыў неаднаразова адзначалі ўзнагародамі і падзякамі. А ў мінулым годзе занеслі на абласную Дошку пашаны.

Брэсцкаму абласному грамадска-культурнаму цэнтру – 80 год. Інтэрв’ю з дырэктарам Святланай Каржук

      Аб мінулым і сучасным ўстановы мы пагутарылі з дырэктарам Святланай Каржук, якая больш за дваццаць пяць год свайго жыцця прысвяціла цэнтру.

      — Святлана Валянцінаўна, пачнем з гісторыі цэнтра…

      — Гісторыю цэнтр пачаў з 1939 года як Абласны дом народнай творчасці, які размяшчаўся па Камсамольскай. А створаны ён быў, каб забяспечыць метадычнае кіраўніцтва мастацкай самадзейнасцю вобласці, і ўжо 80 год працягвае сваю справу. Мы імкнуліся знайсці больш падрабязныя гістарычныя звесткі, але ў сувязі з тым, што Брэст значна пацярпеў у гады вайны, то ў архівах не захавалася дакументаў гэтага перыяду. Пасля вызвалення горада ў 1944 годзе Дом аднавіў сваю дзейнасць, узначаліла ўстанову А. Мініна.

      — Якім цэнтр быў на пачатку свайго ўтварэння, якім стаў праз 80 год?

      — Спачатку ў ім працавала некалькі чалавек. Затым пры Доме адкрылася студыя выяўленчага мастацтва, у якой займаліся самадзейныя мастакі гарадоў і вёсак. Паступова сталі працаваць гурткі мастацкага слова, вышыўкі, ігры на акардэоне і баяне, драматычны, танцавальны. У Доме народнай творчасці дзейнічала «народная філармонія», актывізаваўся тэатральны аматарскі рух, які меў вялікі поспех і выступаў з спектаклямі па Брэсцкай вобласці. З кожным годам дзейнасць яго павялічвала свае гарызонты. З гэтым пашырыліся і штаты творчых работнікаў, палепшылася матэрыяльная база.

      Брэсцкаму абласному грамадска-культурнаму цэнтру – 80 год. Інтэрв’ю з дырэктарам Святланай Каржук


      Зараз Цэнтр каардынуе 12 метадычных цэнтраў, чатыры метадычных аддзела, 16 клубных сістэм, 470 клубных устаноў вобласці, у якіх ажыццяўляюць сваю дзейнасць 3791 клубнае фарміраванне і 420 калектываў з найменнем «заслужаны», «народны», «узорны».

      За гэты час змяніўся і сам цэнтр: маем канцэртyю залу на 562 пасадкавых месца. Афармленне і тэхнічнае аснашчэнне залы са сцэнай памерам 10 на 10 метраў адпавядае пажаданням самага патрабавальнага гледача. На ёй адбываюцца абласныя, рэспубліканскія і нават міжнародныя фестывалі, конкурсы, сучасныя шоў-праграмы, канцэрты эстрадных зорак, выканаўцаў класічнай музыкі, спектаклі з удзелам вядучых артыстаў тэатра і кіно, дзіцячыя прадстаўленні і многае іншае.

      Маем мы і сваю выставачную залу на Савецкай, 54. Штогод у ёй праводзяць каля дваццаці выстаў прафесійных і самадзейных мастакоў, майстроў народнай творчасці — прадстаўнікоў Брэсцкай вобласці, Беларусі, а таксама мастакоў замежжа. Па-суседскі працуе з ёю і салон-магазін «Скарбніца». У ім прапаноўваецца больш за 800 вырабаў ад майстроў народнай творчасці і мастакоў Брэстчыны.

      — Якімі культурна-масавымі мерапрыемствамі папоўнілася скарбонка цэнтра?

      — Пашырылася фестывальная палітра. Калі раней было адзін-два фестывалі ў год, то зараз ад 10 да 20 абласных мерапрыемстваў. Галоўныя іх задачы — гэта захаванне традыцыйнай культуры, фальклорнага мастацтва, роднай мовы і розных жанравых накірункаў аматарскай творчасці. Многія з іх сталі традыцыйнымі і праводзяцца на працягу дзясяткаў год. Так, напрыклад, з 1989 года праходзіць абласны фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», з 1986 года — абласны агляд-конкурс і свята духавой музыкі «Фанфары», з 1990 года раз у чатыры гады праводзіцца абласны агляд-конкурс «Берасцейскія забаўлянкі», раз у тры гады, з 1996 года, праводзіцца абласное свята народнага гумару «Спораўскія жарты».

      Брэсцкаму абласному грамадска-культурнаму цэнтру – 80 год. Інтэрв’ю з дырэктарам Святланай Каржук


      Маем надзею, што маладая палітра фестываляў таксама будзе мець працяг. Даспадобы прыйшліся абласны фестываль сучаснага мастацтва «Эстрадны МІХ», песенны форум «З любоўю да песні», музычны праект «Дэбют з аркестрам», абласное свята роднай мовы «Жывыя вытокі», свята фальклорнага мастацтва «Таночак», якое адбылося пад час святкавання тысячагоддзя Брэста. Дарэчы, з гэтай нагоды мы шмат мерапрыемстваў перанеслі ў наш юбілейны горад. Наогул супрацоўнікі нашага цэнтра прымаюць удзел у арганізацыі шматлікіх мерапрыемствах з удзелам кіраўніцтва вобласці і краіны.

      — У Цэнтры дзейнічае і некалькі клубаў. Што за яны?

      — Каля дваццаці год працуе абласны клуб майстроў народнай творчасці «Скарб». Ён аб’яднаў лепшых творцаў народнага мастацтва з розных куткоў Брэсцкай вобласці. Членамі клуба сталі майстры розных жанраў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: салома і лозапляценне, разьба па дрэве, ганчарства і кераміка, ткацтва і вышыўка і многае іншае. За гады яго існавання была праведзена вялікая праца: наладжаны шэраг выстаў і майстар-класаў па аднаўленню рэдкіх, знікаючых рамёстваў, праведзены з удзелам членаў «Скарба» шматлікія семінары і канферэнцыі.

      З 2011 года дзейнічае клуб нацыянальных культур «Садружнасць». У яго склад увайшлі прадстаўнікі нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Брэстчыны: Украінскі навукова-педагагічны саюз «Берагіня», «Польска Мацеж Школьна», Брэсцкае гарадское грамадска-этнаграфічнае аб’яднанне «Каралінка», абласное аддзяленне «Міжнародны кангрэс азербайджанскіх абшчын», «Рускае таварыства» і Брэсцкае абласное яўрэйскае аб’яднанне «Алія».

      — Хочацца даведацца і пра калектыў…

      — Калектыў тады добры, калі прысутнічае ў кожнага чалавека прафесіяналізм і чалавечнасць. Магу гэтым пахваліцца. Успомню Віктара Парыцкага, які ўнёс значны ўклад у развіццё інструментальнай музыкі Брэстчыны. Пры яго актыўным удзеле былі прысвоены найменні «народны», «узорны» больш чым 120 аматарскім калектывам, падрыхтаваны тры ансамблі барабаншчыц і праведзена 18 абласных святаў-конкурсаў духавой музыкі. Дарэчы, ён стаяў у вытокаў гарадскога аркестра духавой і эстраднай музыкі, які цяпер працуе пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля.

      З 2002 года ўзначальваў работу выставачнай залы Міхаіл Канькоў. За час яго працы дзейнічала звыш 200 мастацкіх выстаў. Амаль дваццаць год працавала вядучым метадыстам па тэатральным мастацтве Вольга Зіновіч, якая ўнесла вялікі ўклад у развіццё і ўдасканаленне тэатральнага жанру ў клубных установах вобласці. Калі яе не стала, мы некалькі год не рыхтавалі фестываль «Тэатральнае Палессе», бо зразумелі, што ёсць людзі, якіх цяжка замяніць…

      Добрым словам хочацца ўспомніць Святлану Гуляеву, якая была маім першым дырэктарам у гэтай установе і працавала з 1980 па 1999 год. Стварэнне гарадскіх і раённых метадычных цэнтраў, школ народнай творчасці, укараненне сістэмы абласной вучобы кадраў, зараджэнне сістэмы абласных фестываляў па розных жанравых накірунках — перыяд работы Святланы Іосіфаўны. Ва ўсёй названай справе дапамагалі ёй Святлана Несцярэнка, Васіль Гуляеў, Валянціна Леванюк, Жанна Паўлянок, Валянціна Бакун.

      З 1999 па 2002 год наш калектыў узначальвала Людміла Бярнэй, якая шмат увагі надавала традыцыйнай культуры, харэаграфічнаму мастацтву і эстраднаму накірунку.

      У нас да гэтага часу працуе мінулы дырэктар Марыя Аласюк, загадчыкам аддзела аматарскай творчасці. Каля сарака год аддала культуры Зоя Нічык, больш за дваццаць —Наталля Вальшынец, Ларыса Быцко, Галіна Гурынчык, каля дваццаці год — Ірына Сасніна, Іван Зуеў, Марына Сёмышева, Кацярына Ігнацюк, Валянціна Курэша, Святлана Качурка. Гэтыя імёны можна працягваць яшчэ доўга. Больш за пяць год на карысць культуры вобласці працуюць Ала Платонава, Людміла Салей, Марына Малкава, Юлія Данілюк, Юля Далгова….

      Цудоўная каманда прафесіяналаў працуе ў канцэртнай зале, якой кіруе Сяргей Дутчык, і выставачнай, якую ўзначальвае Кацярына Шаўчэнка. Словы падзякі можна сказаць Анатолію Харытонаву, які шмат зрабіў у распрацоўцы канцэпцыі і тэхнічнага забяспячэння канцэртнай залы, свой узнёсак зрабілі Надзея Гіржман, Людміла Салей і Галіна Лямачка. Ды і моладзь прыйшла цудоўная: Кацярына Гвоздзева, Наталля Бярынчык, Марыя Шапялевіч, Маргарыта Пракапеня… Не магу сказаць, што хтосьці тут выпадковы.

      — Падзяліцеся планамі на будучыню.

      — Хацелася, каб у кожным раёне захаваліся метадычныя службы, якія арганізоўваюць мерапрыемствы, каб былі свае брэндавыя фестывалі, папоўніўся спіс аб’ектаў нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, колькасць майстроў з найменнем «Народны майстар Рэспублікі Беларусь», укараніліся новыя праекты ў канцэртнай зале і многае іншае.

      — Калі цэнтр расчыніць дзверы на святочнае мерапрыемства? Хто будзе ўдзельнічаць?

      — Свята пройдзе 27 верасня. Запрасілі шмат гасцей, спадзяёмся, што прыедуць яны з Мінску і іншых куткоў Беларусі. Безумоўна, не засталіся без увагі і супрацоўнікі, якія ўжо на пенсіі, калегі з абласных устаноў.

      — У завяршэнні пажаданне ад вас калегам.

      — Жадаю, каб заўсёды ў іх вачах быў агеньчык і моцнае здароўе!

       
       
      Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
      На вашем ресурсе это будет выглядеть так
        За гэтыя дзесяцігоддзі тут правялі сотні мерапрыемстваў, а калектыў неаднаразова адзначалі ўзнагародамі і падзякамі. А ў мінулым годзе занеслі на абласную...
       
       
       
      
      РЕКЛАМА

      Архив (Разное)

      РЕКЛАМА
      
      
      Яндекс.Метрика