Делегация Ушачского района приняла участие в областном фестивале тружеников села «Дожинки-2019″, который прошёл в Браславе
02.10.2019
—
Разное
|
У Браславе, які сёлета стаў сталіцай абласнога фестывалю працаўнікоў сяла “Дажынкі-2019”, да мінулай суботы апошні раз быў больш дзесяці гадоў таму. І, шчыра кажучы, акрамя жывапіснай прыроды нацыянальнага парку і таго, што прама ў цэнтры горада знаходзіцца вялізная берагавая лінія, ён нічым адметным не запомніўся. Тым больш уразілі кантрастныя змены, якія адбыліся зараз – абноўлены прыгранічны райцэнтр гасцінна сустракаў лепшых аграрыяў вобласці, сярод якіх дастойнае месца занялі і работнікі сельгаспрадпрыемстваў Ушаччыны. Таму бачыцца лагічным парушыць храналогію падзей на фестывальных пляцоўках і пачаць з мерапрыемства, якое завяршала свята, але было, безумоўна, галоўным – цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў. Зразумела, што канкурыраваць з буйнымі раёнамі па валавой вытворчасці розных відаў сельгаспрадукцыі мы не можам, хаця наш рэгіён і забяспечыў прыбаўку да мінулага года ў 144 працэнты і ўвайшоў па гэтым паказчыку ў лік лепшых. Больш за ўсіх зерневых і зернебабовых культур намалацілі ў Аршанскім раёне, дзе сабрана 118 тысяч тон зерня, але па выніках усіх паказчыкаў пераможцам прызнаны Віцебскі, другое месца прысуджана Верхнядзвінскаму, трэцяе – Гарадоцкаму. У ліку лепшых гаспадарак – “Мазалавагаз” Віцебскага, “Хацілы-Агра” Пастаўскага раёнаў, а калектыў адной толькі Віцебскай птушкафабрыкі атрымаў 40,5 тысячы тон збожжа – больш чым палова некаторых узятых раёнаў вобласці! Упершыню ў гісторыі з 1240 зернеўборачных экіпажаў, якія прымалі ўдзел у жніве, 5 пераадолелі рубеж у 4 тысячы тон. Лічбы гэтыя агучыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, які адзначыў, што па статыстыцы рэкордным у гісторыі вобласці стаў 1976 год, калі было атрымана 1452 тысячы тон зерня і гэты паказчык пакуль не пераўзышлі. Таму разам са словамі ўдзячнасці працаўнікам палёў і пажаданнямі далейшых поспехаў кіраўнік выканаўчай улады рэгіёну, агучыў і мэты, да якіх трэба імкнуцца. Старшыні райвыканкамаў і начальнікі ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні рэгіёнаў-пераможцаў атрымалі з рук старшыні аблвыканкама дыпломы і грашовыя прэміі. Сярод чатырох інтэграцыйных структур, якія, дарэчы, забяспечылі каля 40 працэнтаў ад агульнага намалоту, лепшай прызнаны Полацкі камбінат хлебапрадуктаў, на сцэну за ўзнагародамі ўздымаліся яго дырэктар Васіль Кузьміч Хамёнак і яго намеснік па сельскай гаспадарцы Міхаіл Віктаравіч Максіменка. Іх горача віталі і члены ўшацкай дэлегацыі, і асабліва “Маяка- Ушацкага”, які ўваходзіць у аграхолдынг і сёлета ўнёс дастойны ўклад у агульны намалот як інтэграцыйнай структуры, так і нашага раёна. М.М.Шарснёў узнагародзіў таксама і пераможцаў у шматлікіх індывідуальных намінацыях абласных спаборніцтваў. І калі сярод лепшых камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы зерня ў розных групах тэхнікі нашых прадстаўнікоў не было, то сярод кіраўнікоў, якіх адзначылі за вялікі асабісты ўклад у правядзенне ўсіх тэхналагічных цыклаў сельскагаспадарчай вытворчасці, адзначаны дырэктар ААТ “Ільюшынскі” Сяргей Анатольевіч Халімоненка. Заўважыў, што атрымліваючы ключы ад новага МТЗ-82 ён перакінуўся некалькімі словамі з М.М.Шарснёвым. – Акрамя падзякі за працу, Мікалай Мікалаевіч пацікавіўся, ці нялішнім будзе ў гаспадарцы новы трактар, – задаволена ўсміхаўся пасля цырымоніі ўзнагароджання С.А.Халімоненка. – Дык адказаў, што і ад пяці не адмовіліся б! Некаторыя кіраўнікі атрымалі новыя службовыя аўтамабілі, але дырэктар “Ільюшынскага” быў рад менавіта трактару: “І каштуе ў некалькі разоў больш за “Ніву”, ды і патрэба ў ім большая”. Назва нашай гаспадаркі, дарэчы, са святочнай сцэны гучала яшчэ раз – за шматгадовую працу, значны ўклад і дасягненне высокіх паказчыкаў Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь узнагароджаны трактарыст-машыніст А.В.Усовік. “Прыемна, што і казаць, – дзяліўся ўражаннямі заслужаны работнік. – А магло і не быць гэтай узнагароды, на пенсію ўжо збіраўся!” Хваляваўся перад выхадам на сцэну і галоўны аграном філіяла “Маяк-Ушацкі” Антон Юльянавіч Анецька, якому Падзяку Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь уручыў асабіста Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. Трэба адзначыць, што спікер беларускага парламента заўсёды стараецца прымаць удзел у выніковым свяце аграрыяў Віцебшчыны, дзе ён нарадзіўся і адбыўся як дзяржаўны дзеяч. Уладзімір Паўлавіч агучыў прывітанне Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям “Дажынак”, выказаў цёплыя словы ад сябе. Акрамя яго падзякаваць хлебаробам за працу прыехалі і прадстаўнікі многіх рэспубліканскіх органаў улады – намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў, міністры лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, энергетыкі – Віктар Каранкевіч, культуры – Юрый Бондар, абароны – Андрэй Раўкоў, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, дэпутаты парламента, генеральны дырэктар Мінскага трактарнага завода Віталь Воўк, кіраўнікі многіх іншых прамысловых прадпрыемстваў, навуковых і навучальных устаноў, з якімі Віцебшчына супрацоўнічае ў развіцці сельскагаспадарчай галіны. Напрыклад, дырэктар АТ “Пецярбургскі трактарны завод” Сяргей Серабракоў уручыў электравеласіпеды “Віцязь” асобным трактарыстам-машыністам, якія эфектыўна эксплуатуюць тэхніку маркі “Кіравец”. У гэту групу ўшачане не трапілі, а каштоўны падарунак у ліку іншых атрымаў механізатар Полацкага КХП Фёдар Камянькоў, які часта дапамагае аграрыям “Маяка-Ушацкага” ва ўсіх сельскагаспадарчых кампаніях і неаднойчы з’яўляўся героем нашых публікацый. Галіновыя прафсаюзы таксама адзначылі лідараў, сярод якіх і трактарыст-машыніст КУСГП “Вялікадолецкае” Андрэй Смаляк, якому ўручана Ганаровая грамата Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Падарункаў было шмат. Напрыклад, Падзякі старшыні аблвыканкама ўдастоіліся будучыя аграрыі – навучэнцы сельгасліцэяў і каледжаў, якія адзначыліся на вытворчай практыцы. А малады спецыяліст, выпускніца Коханаўскага ліцэя, трактарыст-машыніст ААТ “Камсамольская праўда” Талачынскага раёна Марына Грушэцкая для новых працоўных дасягненняў атрымала нават ад М.М.Шарснёва персанальны трактар! Галоўнае мерапрыемства фестывалю з узнагароджаннем герояў працягвалася больш трох гадзін – з відовішчным прадстаўленнем са снапамі і караваямі усіх раёнаў вобласці, з уручэннем гэтых атрыбутаў яе кіраўніку. Наогул, у прыбраным да свята Браславе было што паглядзець. На абноўленай набярэжнай размясціліся сотні разнастайных пляцовак, гучала жывая музыка. М.М.Шарснёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Канстанцінавіч Ліневіч і іншыя госці азнаёміліся з выставамі ў Цэнтры культуры, ля якога адбылася і цырымонія адкрыцця абноўленай Дошкі гонару, старшыня Браслаўскага райвыканкама Аляксандр Баданін уручыў пасведчанні прадстаўнікам самых розных сфер дзейнасці. Потым усе наведалі сярэднюю школу №2, якую па праве можна назваць школай будучыні. Уразілі гасцей і спартыўныя пляцоўкі на тэрыторыі ўстановы. М.М.Шарснёў зрабіў сімвалічны ўвод мяча ў гульню, адкрыўшы абласны чэмпіянат па стрытболе, які прайшоў сярод іншых самых разнастайных спаборніцтваў. Атлеты апрабавалі абноўлены стадыён “Дрывяціч” аднайменнага спартыўнага клуба, а вуліца райцэнтра Стадыённая, якая прылягае да яго, стала пешаходнай. Сапраўдная водная феерыя разгарнулася на беразе возера, дзе паказальныя выступленні дэманстравалі байцы падраздзяленняў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС – набярэжная была самым шматлюдным месцам. Многіх, і не толькі прадстаўнікоў моцнага полу, прыцягвала пляцоўка з выставамі тэхнікі. Ёй увагу ўдзялілі і прадстаўнікі нашай дэлегацыі. Так, менавіта тут сустрэў механізатара “Вялікадолецкага” Сяргея Вусько і яго калегу з “Дземенца” Аляксандра Спірыдовіча, якія з цікаўнасцю разглядалі вялізны пасяўны агрэгат і магутны імпартны трактар: “Пра такі нам толькі марыць…” Між іншым, мужчыны пагадзіліся, што падобнай тэхніцы на нашых палях асабліва і няма дзе развярнуцца. Цікава, што абодва механізатары ўборачную правялі на старэнькіх камбайнах “Ліда-1300”, на якіх, зразумела, у лік абласных лідараў не трапіш. Але ў якасці заахвочання за сумленную працу, як і іх калега-тысячнік Уладзімір Шэдзько з “Маяка-Ушацкага, а таксама Генадзь Качан з КУСГП “Глыбачаны”, кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў, былі ўключаны ў склад дэлегацыі раёна. Узначальваў яе старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, начальнік райсельгасхарча Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. Традыцыйна дэлегацыі ўсіх раёнаў вобласці, кожная са сваёй атрыбутыкай, з артыстамі і барабаншчыцамі, прайшліся ўрачыстым маршам па вуліцах сталіцы “Дажынак” да лесапарку “Леснічоўка”, дзе адбылася галоўная цырымонія. Таксама афіцыйныя госці Браслава аддалі даніну памяці яго абаронцам у гады Вялікай Айчыннай вайны, удзел у цырымоніі ўскладання кветак да брацкай магілы воінаў і партызан прыняў і У.Г.Аўдошка. У святочным канцэрце выступілі самадзейныя і прафесійныя артысты Віцебшчыны, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Варвара – разам са зводным хорам Віцебскай вобласці ў фінале яна выканала своеасаблівы гімн “Хлеб – усяму галава”. – Браслаў сёння сустракае залаты фонд аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны, – казаў падчас свайго выступлення М.М.Шарснёў. – Гэта лепшыя радавыя працаўнікі, лепшыя спецыялісты і кіраўнікі, якія ад зары да зары сеюць, вырошчваюць і ўбіраюць ураджай. Хлеб – больш чым прадукт, у ім закладзены вялікі жыццёвы сэнс. Гэта знак яднання людзей і вялікасці нялёгкай працы! І хаця гэта свята не адзначана ў календары чырвоным колерам, прыходзіцца на розныя даты, яно, мабыць, каштоўнае, як ніякае іншае. І зусім нялішняе, бо з’яўляецца выдатнай магчымасцю аддаць даніну павагі продкам, ветэранам, якія вырошчвалі ўраджаі на роднай зямлі, і тым, хто працягвае іх працу сёння. Дзмітрый Раманоўскі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Браславе, які сёлета стаў сталіцай абласнога фестывалю працаўнікоў сяла “Дажынкі-2019”, да мінулай суботы апошні раз быў больш дзесяці гадоў таму. І, шчыра... |
|