Самым ходовым товаром на осенней ярмарке в Ушачах стала капуста
15.10.2019
—
Разное
|
На мінулым тыдні ў рэдакцыю паступіла некалькі званкоў наконт правядзення суботняга кірмашу. Цікава, што тэлефанавалі не ўшачане, а жыхары суседніх рэгіёнаў. Прычым людзі хацелі не толькі набыць, а і прадаць лішкі сельгаспрадукцыі: “Ці ўрадзіла сёлета бульба ў вашым раёне, варта прыязджаць гандляваць або не?” – пытаўся, напрыклад, гаспадар з Шуміліна. І кірмаш паказаў, што другі хлеб на Ушаччыне вырас неблагі, а ў прыярытэтах пакупнікоў былі іншыя тавары. “Пакрыху разыходзіцца”, – казаў Аляксандр Жахоўскі, адгружаючы некалькі сетак чарговым пакупнікам. Бульба ў гаспадара са Слабады знешне выглядала вельмі прывабна. “І на смак яна таксама нічога, – расказваў Леанід Лісоўскі з Арэхаўна. – Я набываў раней у Аляксандра Аляксандравіча, таму ведаю. Сёння ж прыехаў дзеля насеннай, трэба сарты мяняць. Пайду да машыны Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі”. Трэба адзначыць, што насеннымі клубнямі цікавілася даволі значная колькасць людзей, бадай што больш, чым харчовай бульбай. З усіх гаспадарак раёна “другі хлеб” прапанавалі пакупнікам толькі КУСГП “Глыбачаны”. У прамысловых маштабах на продаж яе тут не садзілі – больш для патрэб уласнай сталовай, але хапіла і выставіць на кірмаш. “Не асабліва карыстаецца попытам, цікавяцца людзі, прыцэньваюцца, але бяруць не вельмі ахвотна”, – дзяліўся вадзіцель гаспадаркі Генадзь Чыграй. Гандлявалі глыбачанцы і зернем, прадалі дзесьці палову з прывезенага, бо ажыятажу ля іх аўтамабіля не назіралася. Магчыма, з-за высакаватага кошту, бо ў іншых гаспадарках ячмень і пшаніцу прапанавалі танней. З раніцы думаў убачыць звыклую карціну мінулых гадоў, калі грамадзяне “атакавалі” аўтамабілі сельгаспрадпрыемстваў ледзь не ў час заезду на плошчу. Але трэба аддаць належнае гаспадаркам – “Маяк-Ушацкі”, “Ільюшынскі”, “Дземенец” ды і іншыя актыўна гандлявалі збажыной раней, выязджалі на сяло, некалькі тыдняў таму прайшоў міні-кірмаш у гарпасёлку. Чэргі ля машын рухаліся хутка – гэтаму садзейнічала і тое, што ў асноўным зерне было ў мяхах, людзям трэба было толькі аддаць пустыя на замену. А ў “Ільюшынскім”, напрыклад, на кірмаш прыехаў МАЗ з загрузчыкам і залацісты струмень збожжа, якім кіраваў Ігар Кароткі, хутка запаўняў ёмістасці пакупнікоў. “15 рублёў – прымальны кошт, – адзначыў Валерый Сабін, дзелавіта завязваючы гарлавіну мяха, запоўненага пшаніцай. – І зерне якаснае, чыстае”. Хутка разыходзілася яно і ў іншых гаспадарках, асабліва авёс. Ужо праз гадзіну гандлю ў кузаве аўтамабіля “Вялікадолецкага”, напрыклад, ячменю не засталося, на вялізным лафеце прывезлі збожжа з “Маяка-Ушацкага”, можна было заказаць і дастаўку гною на агароды. Карацей кажучы – выбраць было з чаго. Ставала і іншых традыцыйных тавараў, былі б толькі грошы. А кошт, дарэчы, не палохаў. Людзі і харчовыя запасы на зіму рабілі, і куплялі штосьці смачнае на сённяшні ці заўтрашні дзень. З-за таго, што больш жорсткімі сталі санітарныя патрабаванні, забой жывёлы можна праводзіць зараз толькі на спецыялізаваных пляцоўках, мясам гаспадаркі не гандлявалі. Нішу выдатна заняло райспажыўтаварыства і правам манапаліста не скарысталася – цэны былі прымальныя. “Ялавічына па 8 рублёў?! – не верыла сваім вачам жыхарка Полацка. – У нас па 14-15…” Багаты быў выбар і мяса свіней, птушкі, паўфабрыкатаў, рыбы. Увогуле, калі гаварыць на мове моладзі, на гэтым кірмашы райспажыўтаварыства “руліла”. Асартымент, якасць, цана, выкладка тавараў – усё на належным узроўні. У іх кропках можна было купіць капусту розных відаў (квяцістую, чырвоную, пекінскую), цыбулю, бульбу, буракі, моркву, перац, памідоры, агуркі. Наогул, усё лета кааператары радавалі ўшачан багатым і якасным асартыментам у агародніннай палатцы ля рынку і ў магазінах: у продажы былі і садавіна, і агародніна, і ягады, і іншая прадукцыя. Хочацца спадзявацца, што такая вітамінная разнастайнасць будзе і зімой. Дастойную канкурэнцыю райспажыўтаварыству склалі прыватнікі, сярод якіх былі нават брэстчане. Па выніках кірмашу можна сказаць, што ў адрозненне ад бульбы, капуста сёлета ва ўшачан не ўрадзіла. Менавіта гэты від прадукцыі быў вельмі запатрабаваны. Чэргі выстройваліся за качанамі Арэхаўскай школы, дзе яны прадаваліся па 50 капеек за кілаграм. Такую ж цану, але за кілаграм невялікіх і яшчэ зеленаватых памідораў, прасілі ў гандлёвай кропцы “Вясна-Энерга” і, зразумела, жадаючых набыць іх было хоць адбаўляй. Пакуль дабраўся да палаткі прадстаўнікоў глыбоцкіх “Азярцоў”, меншую і сярэднюю жывую рыбу ўжо разабралі, заставалася такая, што ў адной руцэ і не ўтрымаеш: 3-3,5 рублі за кілаграм таўсталобіка або карпа – выгадная прапанова. Сярод пакупнікоў было многа і сельскіх жыхароў. Некаторых у асноўным цікавілі несельскагаспадарчыя тавары. Напрыклад, Васіль Пятровіч і Ірына Іосіфаўна Мычко з Вялікіх Долец прыехалі прыкупіць мёду, таму іх увага ў першую чаргу была прыцягнута да аўтамабіля лясгаса, дзе можна было набыць і саджанцы хвойнікаў. Гандлявалі імі і прыватнікі, а дыяпазон цэн быў вельмі шырокі – ад двух рублёў за невялічкую тую ў гаршку да 20-25 за ўжо сфарміраваўшуюся. Верхняе цёплае адзенне прапанавалі ў палатцы былога прамкамбіната, зараз філіяла ААТ “Сцяг індустрыялізацыі”. Увагу пакупнікоў прыцягвалі і саджанцы пладовых дрэў, дэкаратыўных раслін, карысталіся попытам і познія сарты яблыкаў, якіх сёлета было мала. Вось і прадаў іх вельмі хутка Міхаіл Уладзіміравіч Малей. “Ужо і сорт дакладна не памятаю, – дэманстраваў прыгожы з сінім адлівам плод мужчына. – Але гарантавана даляжаць да вясны, сам іх яшчэ ў маі ўжываю”. Праз дзве гадзіны не засталося ў пенсіянера і саджанцаў. Яно і не дзіўна – “чырвонец” за пару – удвая танней, чым у іншых. Традыцыйна свае вырабы выстаўлялі народныя майстры, працавала палатка ТЦСАН, дзе можна было набыць адмысловы сувенір. Большасць землякоў вярталася з кірмашу з пакупкамі і добрым настроем, тым больш што атмасферу свята падтрымалі работнікі культуры і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Дзмітрый Раманоўскі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мінулым тыдні ў рэдакцыю паступіла некалькі званкоў наконт правядзення суботняга кірмашу. Цікава, што тэлефанавалі не ўшачане, а жыхары суседніх рэгіёнаў.... |
|