Па суседству мы жывём. 21.by

Па суседству мы жывём

21.11.2019 18:38 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Жыць у суседах – быць у бяседах, сцвярджае народная мудрасць. Вось сяджу я, ляхавічанка, за абедзенным сталом і думаю, якая хлебасольная бяседа атрымліваецца ў мяне з суседнім раёнам. Запякла лактышоўскага карпа, прыгатавала кісель з адборных ганцавіцкіх журавін, купіла ну вельмі смачны хлеб з гэтым жа адрасам – суцэльнае гастранамічнае задавальненне! Дарэчы, у вышэйшым класе мясцовых хлебапёкаў пераканалася яшчэ ў пачатку двухтысячных. Сяброўка жаніла сына і заказала вясельны каравай у Ганцавічах. Захапленне ад таго рукастваральнага цуда, упрыгожанага парай лебедзяў, памятаю дасёння, а пакаштавала – уразілася яшчэ больш. Гэты кандытарскі шэдэўр “вінаваты” ў тым, што і цяпер аддаю перавагу хлебабулачнай прапанове ад суседзяў, тым больш што на ляхавіцкіх магазінных паліцах яна шчодра прадстаўлена і надзвычай запатрабавана.

Ганцавіцкі і Ляхавіцкі раёны – не проста суседзі. З 1962 па 1966 год нават былі адзіным цэлым, а потым зноў сталі асобнымі адміністрацыйнымі адзінкамі. Памятаю, да майго бацькі Пятра Бычкова, на той час старшыні калгаса “Беларусь”, завітаў ягоны  добры знаёмец  журналіст “Будаўніка камунізму” Васіль Праскураў, які расказаў, што назначаны рэдактарам  ганцавіцкай раёнкі, і запрашаў у госці на Палессе. Дванаццацігадовае дзяўчо, я ўявіць не магла, што пройдзе час, паступлю на журфак  і аднойчы лекцыю нам будзе  чытаць таленавіты майстар нарысу, славуты рэдактар “Савецкага Палесся”. А ў перапынку Васіль Фёдаравіч Праскураў падыйдзе  да мяне і запытае: як справы, як настрой, калега? І гэты зварот “калега” стане адным з незабыўных  уражанняў майго асабістага прафесіянальнага самаўсведамлення.

Потым на міжрэдакцыйных куставых лятучках (у наш “куст” уваходзілі ляхавіцкая, ганцавіцкая, баранавіцкая, івацэвіцкая раёнкі) пашчасціла чуць яго разважанні пра жыццё і журналістыку, пра адказнасць за слова, і гэта былі бясцэнныя практыкумы, тым больш, што ўсе мы з*яўляліся прыхільнікамі таленту Майстра.    

У Праскурава былі Ганцавічы, у Ганцавічаў быў (і ёсць) Праскураў. Гэтак жа і з Ляхавічамі. Адкрываю кнігу “Памяць.Ляхавіцкі раён”, якую проста немагчыма ўявіць без праскураўскага нарыса “Святая сівізна” пра старшыню калгаса “Іскра”.  Трымаю ў руках чытаны-перачытаны зборнік “Людзі-суседзі”. А вось і ўвогуле ўнікальнае выданне “Наўсцяж вясковай вуліцы”, якое па ініцыятыве упраўлення інфармацыі аблвыканкама ўбачыла свет у 1995 годзе. У анатацыі значыцца, што ў кнігу прозы “вядомага пісьменніка і журналіста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Васіля Федаравіча Праскурава ўвайшлі творы, якія пры яго жыцці не друкаваліся. ” З першых радкоў трапляеш у вымярэнне сапраўднасці пачуццяў, светласці любві да жыцця, да палесскай зямлі, да чалавека. Гэта філасофія і сёння не пакідае раўнадушным, таму што яна жыццесцвярджальная, значыць — універсальная. 

Такія вось мы блізкія геаграфічна, гістарычна і душэўна – заўсёды побач і разам. І па-суседску, і праездам  любуюся светлым, кампактным і ў той жа час прасторным  гарадком Ганцавічы. Утульнаму, самабытнаму, яму да твару прыйшоўся і сталічны статус: у верасні 2011 года менавіта тут фестываліў  ХVIII Дзень беларускага пісьменства. Памятаю тое шыкоўнае дзейства і засведчваю: гэта было непаўторна. Коласаўскія мясціны, блізкасць Люсіна, закладзеная алея Пісьменства, кніжны фэст, мілагучная родная мова –  атмасфера свята закранула  адчуваннем роднасці, і гэта дарагога вартае.                                          

Ляхавіцкі строй, Ганцавіцкі строй, узоры на рушніках і вышыванках, фарбы на коўдрах і андараках, “сонейкі ” на вясковых хатах… — у кожнага, вобразна кажучы, свой почырк, але агульны алфавіт. Таму з паўслова ўсё зразумела. 

Між іншым, на Ляхавіччыне, ёсць вёска, якая з*яўляецца цёзкай Ганцавіч. Цяпер ужо невялікая, афіцыйна зарэгістраваны-прыпісаны тут усяго дзевяць чалавек, пераважна пажылых. На зіму некаторыя з іх едуць да дзяцей у горад. Вёсачка з неперспектыўных. А шкада, бо мясціны  тут прыгожыя – левае ўзбярэжжа ракі  Шчара. Дарэчы ўзгадаць і гістарычную адметнасць: менавіта тут, па рацэ, праходзіў фронт Першай сусветнай вайны. На адным беразе Шчары былі рускія, на другім – немцы. У наваколлі засталіся рэшткі палявых фартэфікацыйных збудаванняў тых часоў. І гэта, бясспрэчна, не можа не зацікавіць аматараў гісторыі.

Ёсць у Ляхавіцкім  раёне вельмі прывабнае ў турыстычным плане месца – вёска Грушаўка, з якою звязаны лёс вядомага дваранскага роду Рэйтанаў. І сёння ўразяць тутэйшыя  старыя будынкі: жылы дом, стайні і, безумоўна, фамільная капліца роду, да якой вядзе алея з 24 лістоўніц. Самы вядомы з Рэйтанаў – Тадэвуш. Гэта ён быў у ліку паслоў ад Навагрудскага павета ў сэйме Рэчы Паспалітай у 1773 годзе і адкрыта выступіў супраць яе падзелу. Яму належаць словы:”Тапчыце мяне – не тапчыце Радзіму!” Дык вось, у Грушаўскіх каардынатах  штогод ладзіцца  фэст самадзейнай мастацкай творчасці  “З крыніц спрадвечных”. Неаднойчы ў ім бралі ўдзел таленавітыя суседзі-ганцаўчане. Іх выступленне заўсёды суправаджаецца  авацыямі. Мяркую, што працяг  абавязкова будзе.

Але давайце вернемся ў дзень сенняшні. Два суседнія раёны — два куточкі Брэстчыны, у якіх шмат агульнага і шмат свайго, самабытнага, адметнага, непаўторнага.  Знаёмае збліжае, незнаёмае вабіць. Галоўнае, што з дабром у сэрцы, думках, памкненнях. І як вынік такога спалучэння — добрасуседства, добразычлівасць, дабрадушнасць, дабрадзейнасць. Адным словам, жыць у суседах – быць у бяседах.

                                                                                             Вольга Барадзіна.

(Visited 2 times, 2 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыць у суседах – быць у бяседах, сцвярджае народная мудрасць. Вось сяджу я, ляхавічанка, за абедзенным сталом і думаю, якая
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика