Мама мыла раму, ці настаўнік назаўсёды. 21.by

Мама мыла раму, ці настаўнік назаўсёды

21.11.2019 18:38 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


«Мама мыла раму».  Напрыканцы верасня у сшытку ўнучкі-першакласніцы прачытала гэты класічны сказ, які школьнікі ўсіх часоў выводзяць старанна і з усведамленнем яго непахіснай важнасці. Чым не доказ таго, што гісторыя развіваецца па спіралі?! Школьная гісторыя – у тым ліку. І ў сюжэце яе абавязкова прысутнічае Настаўнік.   

   Тры даты штогод, незалежна ад адлегласці да асабістага выпускнога, абавязкова, хаця б у думках, вяртаюць у школу. Якія? Канешне, 1 верасня – з гэтым усе зразумела: пачатак новага навучальнага года. Безумоўна, першая субота лютага, да якой прыпісана настальгічна-жаданая сустрэча выпускнікоў. І яшчэ адна каляндарная нагода ў тэму – першая нядзеля кастрычніка, зусім асаблівы дзень. Дзень з прысвячэннем настаўнікам. І па праве, і па сваей высокароднай справе яны вартыя адрасаваных ім прызнанняў у любві, яны вартыя пашаны і заўседнай удзячнасці.

   Сама прырода ў іх гонар сабрала ўсе краскі цудоўнай восеньскай пары. Залацістыя парашуцікі кляновага лісця, адлакіраваныя сонцам спакуслівыя рабінавыя гронкі, а ў агародчыку фантастычны кастрычніцкі капрыз: да традыцыйных астраў, аксамітак, хрызантэм, «бабінага лета» далучыліся прымула і пара- тройка яблыневых кветак, якія здарожыліся ў часе, пераблыталі ўсе на свеце і ўспыхнулі другі раз за сезон нечаканым падарункам у букет настаўнікам.

    Дызайн першай нядзелі кастрычніка дапаўняецца асаблівай сардэчнасцю і цеплыней, самай шчырай удзячнасцю і пашанай да тых, хто, вобразна кажучы, а іншы раз і ў прамым сэнсе, аднойчы ўзяў цябе за руку і павеў па школьным жыцці: «Я навучу вас чытаць, пісаць, лічыць, марыць …». У кожнага была свая Алена Антонаўна, Марыя Іванаўна ці Вера Мікалаеўна – першая настаўніца, бясспрэчны аўтарытэт, якая ведала абсалютна ўсе і магла адказаць на любое пытанне сваіх цікаўных чамучак.

     Памятаеце? Як адкрывалі Амерыку разам з географам і Калумбам… І настолькі пераканаўчым быў матэматык, што свята верылі: без ведання тэарэмы Піфагора не можа быць поўнага шчасця… Чыталі  Коласа, Купалу, Багдановіча, адчулі прыгажосць роднай мовы, глыбіню геніяльнага пісьменніцкага таленту, мудрай жыццевай філасофіі… Хавалі слёзы і мужнелі ад  «Аповесці пра сапраўднага чалавека» і «Маладой гвардыі»… Заўсёды разам і побач былі настаўнікі, якія вучылі яшчэ аднаму, ці не галоўнаму, прадмету – стаць  чалавекам, быць чалавекам, не пабочным назіральнікам  у жыцці, а дзеючай асобай са сваімі перакананнямі, душэўнымі і духоўнымі каштоўнасцямі, прыярытэтамі справядлівасці, дабра, міласэрнасці, чуласці, прыстойнасці… Узорам ўсяго гэтага былі яны – педагогі. І застаюцца ў такой адказнейшай іпастасі, таму што іх прызванне высокае і высокароднае. Так сцвярджаў класік, і зусім няма падстаў не згадзіцца з самім Львом Талстым.

Яны, настаўнікі, ва ўсе часы – інтэлігенцыя, гарадская і тым больш вясковая. З мноствам абавязкаў, якіх у іх, не пабаюся сцвярджаць, значна больш, чым правоў. І гэта шматабавязковасць – «інгрэдыент» педагагічнай працы. Па сутнасці, ні хвіліны спакою, ні імгнення прастою – пра іх адказнасць за вучняў у каардынатах сенняшняга дня і будучыні. Ва ўсе часы прэстыж прафесіі настаўніка быў у абсалюце. Гэта як само сабой зразумелае і нават не абмяркоўваецца: самы паважаны чалавек, самы аўтарытэтны дарадчык, самы кампетэнтны субяседнік. Адпавядаць няпроста, але іншага не дадзена. І нават у самыя супералічбаваныя часы для таго, каб вынайсці новую галактыку ці вывесці формулу панацэі, трэба спачатку пайсці ў першы клас і напісаць у сшытку: «Мама мыла раму».

Вучыць і вучыцца – такі заўсёдны ўрок для настаўніка, асаблівасць яго прафесійнага раскладу, нават ладу жыцця. І ўсё гэта не абмяжоўваецца рамкамі рабочага часу, які ў педагогаў ненарміраваны. Значыць рамак няма, а ёсць бязмежная прастора для прафесіянальнай самарэалізаціі, адказнай творчасці і творчай адказнасці за выхаванне хлопчыкаў і дзяўчынак.

Не трэба ідэалізаваць асобу, нават калі гэта асоба – педагог. Але не варта забываць іншую акалічнасць: настаўнікі – звычайныя людзі, яны, як і ўсе, перажываюць крыўду і расчараванне, адчуваюць стомленасць. А ўсмешку на твары запальваюць поспехі вучняў на ўроках і пасля, разуменне і падтрымка бацькоў, цікавыя праекты свае, выхаванцаў і калег, наватарскія распрацоўкі і класіка педагагічнага жанру.

Нехта скажа, лепш сініца ў руках, чым журавель у небе. А мы паспрачаемся: лепш, калі настаўнік – з «Хрустальнага жураўля» і з «Хрустальным жураўлём». Гэта азначае членства ў аднаіменным клубе ўдзельнікаў і арганізатараў рэспубліканскага конкурса прафмайстэрства педагогаў і перамогу ў ім. Чаго і хочацца пажадаць нашым дарагім, творчым, мудрым, нераўнадушным, крэатыўным настаўнікам. Тым больш, што заўтра ў іх прафесійнае свята і ўсе вучні, сенняшнія і былыя, аздобяць свае віншаванні шчырым: дзякуй за навуку!      

Вольга Барадзіна.

(Visited 1 times, 1 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Мама мыла раму».  Напрыканцы верасня у сшытку ўнучкі-першакласніцы прачытала гэты класічны сказ, які школьнікі ўсіх часоў выводзяць старанна і з
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика