Адзінай мерай часу з’яўляецца памяць.
Уладзіслаў Гжагорчык.
За сваё жыццё прачытаў мноства кніг. Люблю мастацкія, дакументальныя, з вялікай цікавасцю стаўлюся да энцыклапедычных выданняў. Сёння ў друку часта з’яўляюцца дыскусійныя матэрыялы пра тое, як лепш чытаць: у новаспечаным электронным выглядзе ці ў традыцыйным папяровым? Лічу, што чытаць можна так, як каму падабаецца. Галоўнае, каб душа запаўнялася разумным, інтэлектуальным, а не бульварнай “жаўцізной”, ад якой не проста вочы затуманьваюцца ў сучасным інтэрнэце, але і розум, свядомасць атручваюцца.
Сярод маіх любімых кніг – знакамітыя выданні “Памяць”. На жаль, шмат тых, асабліва сярод моладзі, хто не ведае нават пра існаванне гэтай выдатнай серыі, нават у руках не трымалі. У гэтых выданнях скрупулёзна сабраны шматлікія факты пра Бацькаўшчыну і яе славутых землякоў. Гісторыка-дакумэнтальная хроніка – такую падназву мае “Памяць” кожнага раёна. Мне думаецца, што напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі наш святы абавязак пагартаць старонкі гэтых векапомных выданняў. Такія слынныя кнігі не павінны быць забытай спадчынай.
Звярну ўвагу на хроніку выданняў “Памяці” раёнаў Магілёўшчыны:
1990 – Быхаўскі раён;
1994 – Чэрыкаўскі раён;
1995 – кнігі “Памяці” Бабруйска, Клічаўскага і Клімавіцкага раёнаў;
1996 – Горацкі, Магілёўскі і Круглянскі раёны;
1997 – Кіраўскі раён;
1998 – кнігі “Памяць” Магілёва, Шклоўскага і Бабруйскага раёнаў;
1999 – Глускі, Слаўгарадскі і Мсціслаўскі раёны;
2000 – Бялыніцкі і Касцюковіцкі раёны;
2001 – Краснапольскі раён;
2002 – Асіповіцкі раён (у 2015 г. выйшаў дадатак да кнігі “Памяць” – “Салдаты Перамогі”). У 2002 г. выйшла таксама “Памяць” Чавускага раёна;
2003 – Хоцімскі раён;
2004 – Дрыбінскі і Крычаўскі раён.
Чытаючы гэтыя выданні, міжволі ўсведамляеш, што сляды мінулага трэба абавязкова заўсёды шанаваць. Менавіта ўчарашнія дні – сапраўдныя настаўнікі нашых сённяшніх дзён. І разумееш: тыя продкі, хто жыў да нас, многае паспелі здзейсніць, аднак не ўсё паспелі скончыць. І наша задача – з гонарам працягваць іх высакародную справу.
Чаму гэтыя хронікі надзвычай важныя? Таму што яны былі створаны на аснове дакументаў з дзяржаўных і асабістых архіваў, навуковых даследаванняў, розных публікацый у газетах і кнігах, успамінаў удзельнікаў і сведкаў шматлікіх падзей, што адбываліся ў жыцці беларусаў. Усе гэтыя матэрыялы пераканаўча сведчаць пра багатую гісторыю Радзімы і яе людзей. У пошуку, зборы і падрыхтоўцы матэрыялаў для хронік бралі ўдзел мясцовыя краязнаўцы, работнікі архіваў, бібліятэк, музеяў, супрацоўнікі савецкіх органаў, ваенкаматаў, журналісты, навукоўцы…
Вельмі каштоўна для гістарычнай памяці нашага народа, што былі пададзены спісы загінуўшых у Вялікую Айчынную воінаў-землякоў, партызан, падпольшчыкаў і мірных грамадзян — ахвяр фашысцкага тэрору. Тут жа мы знаходзім спісы воінаў Чырвонай Арміі, што загінулі і пахаваны на тэрыторыі раёнаў. Падаюцца таксама звесткі пра землякоў, рэпрэсіраваных у часы сталіншчыны і пасля рэабілітаваных, пра загінуўшых у Афганістане беларускіх салдат. Ёсць у “Памяці” матэрыялы пра знакамітых землякоў — герояў працы, пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва, навукоўцаў і інш.
“Памяць” пастаянна натхняе сучасных даследчыкаў на далейшыя абсягі, бо нельга, асабліва ў першых выданнях, адразу прэтэндаваць на поўную вычарпальнасць матэрыялаў, асабліва спісаў загінуўшых. Вельмі цудоўна, што пошукавая дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь стала ўжо традыцыяй. Скажу больш: у нас ніколі не знішчаюцца помнікі мінуўшчыны, а пастаянна ўсталёўваюцца новыя. Значыць, памяць нацыі, як вечны агонь, ніколі не гасне.
У наш час адкрываюцца закрытыя ў савецкі час архіўныя справы, з’яўляюцца новыя звесткі, даследаванні і, адпаведна, новыя імёны, якія, канешне ж, знойдуць сваё дастойнае месца ў новых выданнях гісторыка-дакументальнай хронікі.
Напрыканцы хочацца прывесці выдатныя словы Міраба: “Верная і дзейсная памяць падвойвае жыццё”. Хочацца, каб гэтыя словы заўсёды помнілі ўдзячныя нашчадкі, якім абавязкова трэба працягваць ствараць скрупулёзна-энцыклапедычны летапіс Бацькаўшчыны.
Канстанцін Карнялюк,
краязнаўца.
Адзінай мерай часу з’яўляецца памяць. Уладзіслаў Гжагорчык. За сваё жыццё прачытаў мноства кніг. Люблю мастацкія, дакументальныя, з вялікай цікавасцю стаўлюся