З блакнотам па раёне. Вёска Поблін. 21.by

З блакнотам па раёне. Вёска Поблін

15.12.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Заканчэнне

Пасля вайны

Цяжка прыйшлося поблінцам пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 1944 годзе ўсіх мужчын, здольных трымаць у руках зброю, прызвалі на фронт. У гаспадарчых кнігах вёскі за гэты год амаль на кожнай старонцы насупраць мужчынскіх імёнаў пазначана — “с 1944 года в РККА”. У гаспадарчых кнігах за 1946 год ёсць ужо іншыя запісы: “муж загінуў на фронце”, “сын загінуў”… У пасляваенныя гады жанчынам, старым ды дзецям прыходзілася аднаўляць калгас, глядзець сваю гаспадарку, адбу-доўваць вёску. Па звестках з гаспадарчых кніг, у той час поблінцы на сваіх палетках сеялі пшаніцу, жыта, ячмень, проса, грэчку, бульбу (яе было больш за ўсё). Крыху пазней, пасля 1946 года, сталі высяваць лён, табаку, гарох, каноплі. Жывёла “вадзілася” ў хлявах сяльчан, але не ў кожнай гаспадарцы. Поблінцы трымалі кароў, цялят, авечак, коз. У 1944 годзе ў дзвюх гаспадарках пазначаны пчолы — па адной калодзе. У 1945 годзе яны засталіся толькі ў адной гаспадарцы, галавою якой запісана жанчына 1878 года нараджэння Кацярына Андрэеўна Лугін.

Цяжка прыходзілася вяскоўцам працаваць у пасляваенны час. Каб заараць поле, жанчыны плуг цягнулі на сабе ці кароў запрагалі. Зінаіда Васілеўна Грыпінская ўспамінае, што яе маці разам з суседкаю такім чынам нават крыху грошай або харчоў зараблялі — запрагалі кароў і ездзілі ў суседнія вёскі людзям ніву араць. У гаспадарцы ні адных лішніх рук не было. Дзецям таксама занятак заўсёды знаходзіўся — жывёлу пасвілі (і сваю, і калгасную), агарод даглядалі, хатнімі справамі займаліся, калі маці працавала ў калгасе. “Нялёгкае ў нас было пасляваеннае дзяцінства, — уздыхае Антаніна Васілеўна. — Зведалі і цяжкую працу, і голад. Бацька загінуў, дзядзькі, маміны браты, таксама загінулі — дапамагаць не было каму. Так разам з мамай на сабе ўсю гаспадарку і калгасную працу і цягнулі. У вёсцы розныя людзі былі: хтосьці крыху больш заможны (у каго, напрыклад, гаспадар вярнуўся з фронту — хоць і пакалечаны, але ж жывы), а хтосьці і зусім бедны быў — нават хлеб на стале не кожны дзень сям’я бачыла. Аднойчы здарылася непрыемная гісторыя: у аднаго з сяльчан прапала з хаты некалькі кавалкаў сала. Хаты ў той час амаль ніхто не замыкаў, людзі верылі адзін аднаму, бо злодзеяў у нас адвеку не было. Знайшлі скрадзенае сала хутка — у хаце адной з самых бедных жанчын. Дзяцей яна гадавала адна, галадалі. Безвыходнае становішча ды галодныя вочы дзяцей — гэта, верагодна, і падштурхнула жанчыну на такі ўчынак. За крадзеж прысудзілі ёй пяць гадоў турмы. Але вяскоўцы вельмі шкадавалі яе і не асуджалі”.

У ваенны ды пасляваенны час шмат поблінцаў хварэла на тыф, многія паміралі, бо знясілены голадам ды стрэсамі арганізм чалавека не вытрымліваў. Зінаіду Васілеўну, на той час трохгадовую дзяўчынку, таксама не абмінула гэта страшная хвароба, але выдзюжыла, выжыла. А вось дзед Кацярыны Міхайлаўны Барысік памёр ад тыфу ў другой палове 1944 года.  

На тэрыторыі Беларусі, і Глускі раён не выключэнне, да гэтага часу знаходзяць снарады і гранаты, а пасля заканчэння вайны іх паўсюль была незлічоная колькасць. Ужо ў мірны час ад выбухаў гінулі людзі. Так здарылася ў 1944 годзе і ў Побліне. “Пятнаццацігадовыя падлеткі, сярод якіх быў і мой дзядзька Леанід, — расказвае Кацярына Міхайлаўна Барысік, — у лесе недалёка ад вёскі знайшлі нямецкія міны. Захацелі іх разабраць… Моцны выбух… Загінулі ўсе трое… Усіх траіх у адзін дзень і хавалі. Гэты выпадак быў вялікай трагедыяй не толькі для бацькоў, але і для ўсёй вёскі”.    

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заканчэнне Пасля вайны Цяжка прыйшлося поблінцам пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 1944 годзе ўсіх мужчын, здольных трымаць у руках зброю, прызвалі на фронт. У...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика