Зусім нядаўна ва УА “Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства” адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Краязнаўчыя даследванні як сродак далучэння да пашукова-даследчай дзейнасці” у рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”.

Удзельнікаў канферэнцыі віталі дырэктар установы адукацыі “Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры” Анатоль Іванавіч Бутэвіч, намеснік рэдактара “Краязнаўчай газеты” Уладзімір Пучынскі і іншыя навукоўцы.

Дэвізам канферэнцыі з’яўляліся словы “Мая Радзіма Беларусь! Вандруем, пазнаём, даследуем!”

На рэспубліканскай канферэнцыі было прадстаўлена 40 навукова-даследчых работ. Удзельнікамі канферэнцыі былі вучні з усіх канцоў Беларусі.

У рабоце рэспубліканскай канферэнцыі прыняла ўдзел і вучаніца 6 класа ДУА “Зеленаборскі НПК д/с — СШ” Анастасія Андрончык. Краязнаўчыя даследванні Анастасіі на тэму “Каменная сякера” у раёне атрымалі найвышэйшую адзнаку, у вобласці — увайшлі ў пяцёрку лепшых работ Міншчыны.

Краязнаўчай знаходкай, якую прадстаўляў на раённы конкурс “Скарбонка талентаў” Зеленаборскі НПК, з’яўляецца старажытная сякера. У сваёй рабоце Анастасія правяла навуковыя даследванні пра знойдзеную ў ваколіцах пасёлка Зялёны Бор старажытную каменную сякеру.

Пасёлак Зялёны Бор і яго наваколле з’яўляецца вельмі маляўнічым месцам.

У адным кіламетры ад пасёлка размешчаны невялікі штучны вадаём, які не мае назвы, але зеленаборцы называюць яго Басейнам. Раней гэта было любімым месцам адпачынку насельніцтва, на берагах вадаёма былі пабудаваны альтанкі. Паступова вадаём страціў сваю прыгажосць. Узровень вады значна змяніўся, а ў 2015-м годзе назіралася поўнае яго высыханне. За некалькі кіламетраў ад Зялёнага Бора знаходзіцца напаўзарослая маленькая рэчка Рова, якая ўпадае ў Бярэзіну. Раней гэта была досыць буйная рака, якая нават дала першую назву пасёлку. Там, дзе бярэ свой пачатак рэчка Рова, і была знойдзена каменная сякера.

У сваім даследванні Анастасія адзначыла, што тры вельмі падобныя сякеры знаходзяцца ў Барысаўскім краязнаўчым музеі. Колькі часу праляжала сякера ў балоцістай мясцовасці, застаецца загадкай. А разгадаць загадку – зрабіць новыя навуковыя даследванні.

Канферэнцыя завяршылася ўзнагародамі пераможцаў і прызёраў.

Дыпломы і падарункі ўручыла пераможцам Таццяна Васільеўна Драпакава, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Падрыхтавала  Марына МІХАЙЛОЎСКАЯ па матэрыялах ДУА “Зеленаборскі НПК”.