Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць энергетыкі
22.12.2019
—
Разное
|
Дзень энергетыка — гэта прафесійнае свята ўсіх работнікаў прамысловасці, якая ахоплівае выпрацоўку, перадачу і збыт карыстальнікам электрычнай і цеплавой энергіі. Сваё свята яны адзначаюць у адзін з самых кароткіх светлавых дзён у годзе — 22 снежня. Цяжка пераацаніць значэнне работы энергетыкаў, чыёй працай ствараецца адна з самых неабходных каштоўнасцяў — цяпло. Яно забяспечвае камфорт у дамах, школах, бальніцах г. д. Структурным падраздзяленнем філіяла Глыбоцкіх электрычных сетак РУП “Віцебскэнерга” з’яўляецца Шаркаўшчынскі раён электрычных сетак. Пра дзень сённяшні арганізацыі расказвае яе начальнік Уладзімір Арсеньевіч Фёдараў. — Асноўная задача нашай арганізацыі — бесперабойнае і надзейнае электразабеспячэнне спажыўцоў, — кажа Уладзімір Арсеньевіч. — Шаркаўшчынскі раён электрычных сетак абслугоўвае 684 кіламетры паветраных ліній з напружаннем 10 кілавольт і амаль тры кіламетры кабельных ліній з такім жа напружаннем, а таксама 665 кіламетраў электраліній з напружаннем 0, 4 кілавольта, 466 адзінак трансфарматарных падстанцый і шмат іншага спецыяльнага абсталявання. Штат арганізацыі не вельмі вялікі, ён налічвае 60 чалавек, маецца 15 адзінак тэхнікі. Сёлета ў вёсках Савіцкія, Шкунцікі, Запруддзе, Латышы, Прошкі, Стоміна, Бондары Тулаўскія, Бабоўе на лініях электраперадач праведзена замена драўляных апор на жалезабетонныя. Выканана рэканструкцыя ліній электраперадач па вуліцах Зялёная, Камарова, Суворава ў гарадскім пасёлку. Наогул, рашэнне асноўнай задачы нашай арганізацыі, якая заключаецца ў якаснай і безаварыйнай пастаўцы спажыўцам электраэнергіі, забяспечваецца за кошт правядзення планавых папераджальных комплексных капітальных рамонтаў электрасетак. У 2019 годзе ў тры разы больш аказана насельніцтву комплексных паслуг па падключэнні электраўстановак. Арганізацыя аказвае паслугі па выкарыстанні грамадзянамі электраэнергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Гэта паслуга прадугледжваецца для тых грамадзян, у якіх адсутнічае цэнтралізаванае газавае і цеплазабеспячэнне. Сёлета цалкам працуе сістэма СМС-апавяшчэнняў аб адключэннях электрычнасці. Аб планавых і аварыйных адключэннях электраэнергіі, перыядзе часу жыхарам раёна цяпер паведамляецца праз СМС. Дарэчы, паслуга гэта бясплатная. Сёлета па выніках капітальных рамонтаў аб’ектаў мінулага года Шаркаўшчынскі раён электрычных сетак заняў першае месца ў Віцебскай вобласці. А гэта з’яўляецца высокім паказчыкам бездакорнай работы ўсяго калектыву. Наогул, у нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы, выпадковых людзей тут няма зусім. Кагосьці асобна нават цяжка вылучыць. Добрыя вынікі паказвае новы майстар лінейнай брыгады Павел Ставіцкі, майстар па аўтатранспарце Андрэй Курэц. Слоў ўдзячнасці заслугоўваюць і вопытныя майстры, сярод якіх Аляксандр Барсук, Іван Бекіш. Рыхтуецца на пасаду майстра лінейнай брыгады вопытны работнік Міхаіл Рэдзіка. Нельга не адзначыць дыспетчарскую службу на чале з Леанідам Грыгаровічам, а таксама галоўнага інжынера Віктара Лагуна, які працуе на займаемай пасадзе амаль 40 год. Сёлета па выніках працы за 2018 год Віктар Ільіч удастоены ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”. З нагоды прафесійнага свята ад шчырага сэрца віншую калектывы работнікаў Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак, энергазбыту, энергаінспекцыі. Зычу кожнаму трывалага здароўя, пабольш шчаслівых момантаў у жыцці, дабрабыту ў сем’ях. Асобныя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам гэтай галіны, якія прысвяцілі сваё жыццё працы ў сітэме энергетыкі, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Доўгіх і шчаслівых вам год жыцця, няхай беды і няшчасці абыходзяць вашы дамы стараной. Са святам вас! Сяргей РАЙЧОНАК. |
|