Такі стары і заўсёды новы. 21.by

Такі стары і заўсёды новы

14.01.2020 16:38 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Абсалютна пераканана, што гэта не памечанае ў календары свята любяць практычна ўсе. Дарэчы, і я – не выключэнне. Згодна, што і назва абсурдная – стары Новы год, і надыходзіць ён у ноч з 13 (!) на 14, і, наогул, падстаў для студзеньскіх пасядзелак і без таго з лішкам. Толькі ўсё ж мала хто з надзеяй на прыемныя сюрпрызы не чакае іх і не рыхтуе для блізкіх, не назапашвае прысмакаў для шчадраца, не вывучае тэлепраграму на гэты вечар. Яшчэ менш тых, хто не плануе сямейнага ўтульнага застолля ці як мінімум чаю-кавы з пірагамі. Губляе хваінкі ёлка, якую датрымалі да гэтай даты ў доме. Без яе проста немагчыма ў поўнай меры адчуць прыгажосць традыцыі, сімвалічнасць атрыбутаў, агеньчык абавязковай свечкі перад загадкавай гладдзю люстэрка. Флер таямнічасці, шэпт казкі, настрой на цуды ніколькі не меншы, чым 31 снежня… Ах, як дарэчы паўтарыць класічныя-паэтычныя радкі Пушкіна ці Жукоўскага, наталіць смагу спрадвечную – гармоніі, прыгажосці, рамантызму. Толькі чамусьці  ў памяць стукаецца больш сучаснае і таксама ўжо класічнае прызнанне Андрэя Вазнясенскага, якое даўно стала песняй, непераходзячым хітом. Памятаеце? «С первого по тринадцатое нашего января сами собой набираются старые номера…», «с первого по тринадцатое – пропасть между времен…», «в новом несостоявшееся старое настает…».

Вось і па старым стылі пачынаецца чарговы год, і ягоная графіка даволі гарманічная – 2020. Здаецца, нядаўна мы перакрочылі знакавы рубеж міленіума, уступілі ў трэцяе тысячагоддзе. А наш шарык пайшоў у ім аж на дваццаты віток вакол Сонца. І зноў  мы, насуперак навуцы і мадэрну, будзем загадваць сон на вешчую ноч. Абсурд? Зусім не. Прыцягненне паданняў і легенд, жаданне неверагоднага ў піку прагматызму і заўсёдная  вера ў магчымасць цудаў… Мусіць, у генах нашых усё гэта: не дрымучасць, не невуцтва – дзіўны феномен, цяга да даўняга, што запала ў сэрца. Запала так, што хочацца зняць мадэльныя чаравічкі, ускочыць у валёнкі, адчуць ці пачуць, як  пад імі рыпіць снег далёкага дзяцінства, калі сумёты намятала пад дах, а ледзяшы нагадвалі кій Дзеда Мароза. Пах ёлкі, стары Новы год, шчадрэц вяртаюць дарагія ўспаміны, якім  наканавана  прымнажацца.

Дызайн снежаньскага шляху да студзеня 2020-га нетыповы, як у казцы пра дванаццаць месяцаў:  у ім прысутнічаюць самыя сапраўдныя лясныя першацветы, а ў агародчыках цвітуць, няхай сабе і рэдкія, але жывыя прымулы і маргарыткі. Быццам і не зіма наогул. Такая вось дзівота. А дзіўнае, незвычайнае заўсёды прыцягвае. Ці не містыка? Зусім не – жыццё! Кветкі-краскі не ў сезон – з гэтай жа серыі. Так, аказваецца, здараецца! Дарэчы, што было, што ёсць, што будзе – пытанні самыя хвалюючыя і, згадзіцеся, трывіяльныя. А трывіяльнасць гэтая ўмяшчае столькі патаемнага, столькі важнага: кожны лёс, кожны чалавек непаўторныя. Банальнасць эмоцый? Супярэчу: хіба бываюць банальнымі захапленне, каханне, радасць, боль? Ці можна сказаць пра знічку на вытканым «стацыянарнымі» зоркамі-сузор’ямі небе, што гэта лубачны сюжэт? Ці не падзея сусветнага маштабу – першы самастойны крок маленькага карапуза?  Незалежна ад лічбаў у даце, незалежна ад прагрэсу, навуковых адкрыццяў, чалавек застаецца чалавекам, які здольны і ўсміхацца шчыра, і плакаць ад болю. Адухоўлены талент нараджае шэдэўры. І камп’ютарная дасканаласць ніколі не возьме верх над арыгіналам Моны Лізы ці лікамі на старадаўніх іконах. Ні ў трэцім тысячагоддзі, ні яшчэ далей – у фантастычнай адлегласці па часе.

Якія спадарожнікі патрэбны на далейшым жыццёвым шляху, кожны вырашае для сябе сам. Пераканана, што галоўнай рухаючай сілай прагрэсу з’яўляецца… дабрата. Сапраўдная, ад душы, а не пазёрская, якая разлічана на гледача, правільней, на ўдзячнага гледача. Дабрата ў спалучэнні з мудрасцю, справядлівасцю і спагадай у стане змяніць свет да лепшага. Паглядзіце, як сонечна было ад навагодне-каляднай радасці літаральна ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак. А ўсё таму, што «Нашы дзеці» – гэта і ёсць праяўленне мудрай дабраты і любві, а не проста выдатна падрыхтаваная дабрачынная акцыя. Старонкамі з такім зместам трэба запаўняць кнігу жыцця і старацца быць яе таленавітым суаўтарам.

  …Трынаццацідзённая розніца юліянскага і грыгарыянскага календароў падарыла нам гэта дадатковае свята. Яно неафіцыйнае, яно непаўторнае, выключна славянскае, вельмі светлае і радаснае, народнае, такое наша!  У ноч пад стары Новы год спрадвеку варажылі, загадвалі жаданні. А давайце зыходзіць са звышнатуральнага – што думкі і памкненні могуць матэрыялізоўвацца. Шчасце не даецца само па сабе, трэба вельмі пастарацца, каб злавіць гэту дзіўную птушку. Многае – у нашых руках. Гэта патэнцыял, які ў стане аздобіць жыццё паўнатой. Няхай у кожным доме, у кожным сэрцы ягоны каэфіцыент карыснага дзеяння спрацоўвае па максімуму. А пакуль ёсць нагода на хвілінку прыпыніцца, азірнуцца, памарыць. Гэта зусім не лішняе, а нават вельмі спрыяльна-карыснае для таго, каб працягваць свой шлях, наш шлях. 

Што датычыць незвычайнасці свята, то яна гучыць нават у назве, якая «ўвабрана» ў стылістычную фігуру аксімаран (аксюмаран). Расшыфроўваю: гэта наўмыснае спалучэнне слоў працілеглага сэнсу, у выніку якога ўзнікае новы сэнсавы змест. Вельмі пазітыўным ён атрымаўся ў аксімаране стары Новы год. Такая вось «белая варона» сярод «звычайных цудаў» у святочным календары – недарэчная, парадаксальная, проста стылістычная памылка, затое эфект які! Не дзіўна, што хочацца з усёй старанавагодняй расчуленасцю перакласці на мову прыязнасці самыя шчырыя пачуцці: са старым Новым годам, і няхай вам шчасціць!

(Visited 3 times, 3 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абсалютна пераканана, што гэта не памечанае ў календары свята любяць практычна ўсе. Дарэчы, і я – не выключэнне. Згодна, што
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика