На працягу года журналісты газеты “Полымя” знаёмяць сваіх чытачоў з тымі, хто дзякуючы значным поспехам у працоўнай, вучэбнай, спартыўнай або творчай дзейнасці занесены на раённую Дошку пашаны. Наш сённяшні герой Мікалай Захарчук з аграгарадка Лукі не хваліцца сваімі дасягненнямі, не марыць скарыць увесь свет, але добра ведае, чаго хоча ад жыцця.
Нарадзіўся юнак у сям’і дальнабойшчыка і выкладчыка музычнай школы, што, вядома, знайшло свой адбітак у яго жыцці. Хлопец скончыў клас баяна, але сваім здольнасцям прымянення не знайшоў: час ясна даў зразумець, што ігра на інструменце – не тое, што прыносіць яму задаваль-ненне. З першых класаў Коля захапляўся фізкультурай, а пазней да самага папулярнага прадмета сярод школьнікаў дадаліся яшчэ хімія і матэматыка.
Зараз хлопец заканчвае адзінаццаты клас, таму ўзмоцнена рыхтуецца да цэнтралізаванага тэсціравання. Мэта выпусніка – праца ў сферы нафтаперапрацоўкі, але і другія галіны сталічнага БДТУ юнак не выключае – усё будзе залежыць ад балаў.
Адно з улюбёных захапленняў хлопца – гэта вайна. Дакладней, вывучэнне шматлікіх подзвігаў і этапаў адной з важнейшых падзей ХХ стагоддзя. Таму не дзіва, што Коля, удзельнік ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”, пастаянна перамагае на абласных і рэспубліканскіх этапах гульні “Зарніца”.
Акрамя вучобы, выпускнік ДУА “Лукская сярэдняя школа” ўсур’ёз захапляецца рыбалкай, да якой яго некалі прыахвоціў бацька. Хлопец расказвае, што хобі ў іх сямейнае – пасядзець з вудай любіць і ён, і тата з братам. Хіба што матуля не раздзяляе гэтага, у пераважнасці мужчынскага, занятка…
– Вельмі люблю рыбачыць менавіта ноччу, – прызнаецца падчас размовы Мікалай Захарчук. – На возера мы збіраемся апоўначы, бяром з сабою ліхтарык і чакаем… Дарэчы, за ўвесь час нам не раз даводзілася бачыць ласёў і дзікіх кабаноў. Увогуле, атмасфера начной рыбалкі вельмі цікавая…
На маё пытанне “як можна прасядзець з вась-мі ранку да шасці вечара на лёдзе?”, хлопец усміхаецца і адказвае, што лёгка. Па яго словах, калі б не вучоба і хатнія справы, улюбёнай справе ён бы аддаваў яшчэ больш вольнага часу.
– Магчыма, для кагосьці рыбалка – справа нудная. Але не для мяне. Увогуле, калі нават прыйшлося б рабіць выбар паміж Інтэрнетам і рыбалкай, я б не думаючы абраў апошняе, – упэўнена кажа хлопец. – У мінулым годзе мы з бацькай злавіля ліня – вельмі рэдкую рыбу. Узважылі, парадаваліся і… адпусцілі.
Праз дзесяць гадоў хлопец бачыць сябе упэўненым і адказным спецыялістам, які працуе на карысць Радзімы. А вось мэта ў Колі адначасова простая і складаная: злавіць рыбу ў дзесяць кілаграмаў! Ну ці хаця б у пяць. Але абавязкова злавіць і адпусціць.
ДАРЭЧЫ
Мікалай Захарчук з’яўляецца пастаянным удзельнікам шматлікіх спартыўных спаборніцтваў, сярод якіх “Залатая шайба”, “Скураны мяч”, “Залаты колас” і іншыя. У 2019 годзе ён стаў стыпендыятам Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру, а ў 2018 атрымаў Дыплом ІІІ ступені на абласной канферэнцыі даследчых работ «Крыштальная альфа».
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара
✏ Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке