Падарожжа па родным краі. Вёска Пагост (працяг)
23.01.2020
—
Разное
|
Працяг Мець свой надзел зямлі У 1865 годзе быў складзены “геометрический специальный план Минской губернии Бобруйского уезда крестьянского надела, крестьян собственников д. Погост Балашевичской волости 2-го Мирового участка, принадлежащий к имению помещика Струмиллы. План сего надела составлен по натуральному действию магнитной стрелки землемера Тимозив”. Землі надзела мелі мяжу з землямі: “помещика Осетимского из д. Маковищи, дер. Сельцев помещика Тышкевича, дер. Калюги помещика Райкевича, дер. Борисовщизна помещика Волка, дер. Колотичи помещика Абуховича; помещика Щуки». У студзені 1865 года, 12-га чысла, быў вынесены “Общественный приговор о выделении земли». Дакумент гэты падпісаў балашэвіцкі валасны стараста “Тарас Кондратьев Шеремет” і паставіў пячатку — “Управление Балашевичской волости”, валасны пісар быў Бралоцкі. У “Общественном приговоре» адзначана, што ўрочышчы “Завалинов, Осиновица, Уручье” — прызнаць землі “пахотными, с хорошими сенокосами и строевым лесом”. Архіўны дакумент “Выборка об основаниях оценки в имении Красное…” сведчыць, што ўсяго ў вёсцы Пагост зямлі: «усадебной — 279 д. 800 с.; пахотной — 317 д. 56 с. сенокосов — 92 д. 1083 с. лесу — 240 д. 344 с. в лесу сенокосов — 39 д. 1917 с. выгона — 10 д. 200 с. удобной земли — 716 д. 800 с. лесу лиственного — 38 д. неудобной земли — 64 д. 1035 с.». У сакавіку 1866 года, 3-га чысла, быў складзены выкупны акт маёнтка Краснае, на вёску Пагост, у якім адзначалася, што зямлю выкупліваюць сяльчане: «Деревни Погост, первая часть — Григорий Иванов Дорошко Семен Никифоров Киселевич Иван Андреев Киселевич Петр Данилов Киселевич Григорий Иванов Дорошко (еще один) Гаврило Трофимов Змитрович Роман Емельянов Дорошко Иван Игнатьев Киселевич Никита Севостьянов Дорошко Николай Сидоров Дорошко Кузьма Григорьев Дорошко Гаврило Михайлов Киселевич Филип Леонов Змитрович Семен Андреев Змитрович Семен Петров Змитрович Гилярий Павлов Дорошко Наум Никифоров Киселевич д. Погост, вторая часть: Алексей Михайлов Киселевич Алексей Иванов Киселевич Емельян Алексеев Змитрович Циприан Павлов Дорошко Назар Лаврентьев Дорошко Давыд Петров Змитрович Трофим Андреев Киселевич Петро Гаврилов Змитрович Александр Иванов Змитрович. Пахотной земли каждому — 26 д. 800 с., сенокосной 6 д. 1606 с. Оброк платить до 1 февраля 1866 года, а дальше выкупные платежи по 125 р. 72 ¼ копейки в год на погашение выкупной ссуды в размере 2095 руб. 37 ½ к. Помещику причитается сумма с 1 мая 1863 по 1 января 1866 г. — 853 р. 61 коп.», астатнія грошы павінны паступіць “в уплату долга Минской казенной палаты по займу Струмиллы 1858 года января 14”. “Присутствие по крестьянским делам рассмотрело бумаги по выкупному акту… на д. Погост… и разрешило крестьянам (в числе 83 душ) под выкупляемую землю в количестве 833 дес. 435 саж. выделить выкупную ссуду сроком с 1 февраля 1866 г. на сорок лет”. Першым поўнасцю выкупіў свой надзел у 1887 годзе Дарошка Грыгорый Назараў. З чаго жылі Паводле перапісу 1897 года, у Пагосце (Глускай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні) ужо налічваецца 49 двароў і пражывае 338 жыхароў. Побач знаходзіўся хутар, дзе было 2 двары і 13 жыхароў. У Пагосце жыхары вырошчвалі гародніну ў асноўным дзеля сваёй асабістай патрэбы, але калі быў добры ўраджай, то штосьці ішло і на продаж. Вазілі ўсё ў Глуск. Адзін пуд капусты і рэдзькі каштаваў 15—20 кап., бабоў — ад 80 кап. да 1 руб. 20 кап., цыбулі — 60 кап. У сваіх гаспадарках трымалі авечак, свіней, коней… Разводзілі курэй, гусей, індыкоў, качак. Іх прадавалі, бывала, і на базары. Кошт куры = 15—35 кап., індыка = 1 руб. 25 кап., гуся = 75 кап. — 1 руб., качкі = 20—40 кап. З дазволу пана займаліся паляваннем і рыбнай лоўляй. У лесе вадзіліся зайцы, дзікі, лісы, куніцы, дзікія козы. Шкуркі прадавалі: шкурка лісы каштавала ад 5 да 12 руб., зайца — 20—40 кап., вавёркі — 5—10 кап. Рыбу лавілі венцерам, сеткаю, таптухаю. Адзін пуд шчупакоў, язёў, акунёў, карасёў ішоў па цане ад 2 руб. да 2 руб. 70 кап., уюноў — 1 руб. 20 кап. Вадзіліся і ракі, іх лавілі ў асноўным чамусьці восенню. Па звестках “Календаря Минской губернии” за 1890 год, у Пагосце Глускай воласці дзесяць чалавек займаліся такім рамяством, як бондарства, і прадавалі свае вырабы: кадушкі, у залежнасці ад памеру, — 30 кап. — 2 руб.; даёнкі = 15—25 кап., цэбры = 30—50 кап., маслабойкі = 30—60 кап., бочкі = 1—3 руб., бочачкі = 40—75 кап., лапаты = 8—12 кап., начоўкі = 20—60 кап.. Сані каштавалі ад 1 да 3 рублёў, калёсы з чатырма коламі = 4—8 руб., асобна калёсы = 75 кап. — 1 руб., плуг = 75 кап. — 1 руб., баронкі = 50—75 кап., лесвіцы — 40 кап. — 1 руб. Усяго было прададзена гэтага тавару на 150 рублёў. 1909 год. У некаторых дакументах Пагост значыцца як сяло, у другіх — деревня, у якой налічваецца 72 двары, 421 чалавек, мужчын — 217, жанчын — 204, усе беларусы. Непадалёк ад Пагоста, на адлегласці 13 вёрст, быў яшчэ і фальварак з такой жа назвай — гэта адзін двор, дзе пражывала 4 мужчыны і 8 жанчын, усе палякі. За 12 вёрст ад вёскі знаходзіўся і хутар, таксама з назвай Пагост, — 1 двор, двое мужчын і дзве жанчыны, усе чацвёра — беларусы. Салдаты царскай і чырвонай армій Працавалі сяляне і ў сваёй гаспадарцы, і на зямлі сваёй і панскай, выконвалі розныя загады ўлады, а яшчэ ішлі служыць у царскую армію. У 1910 годзе быў прызваны ў армію Васіль Паўлавіч Змітровіч з Пагоста. Давялося яму паваяваць і з немцам у Першую сусветную вайну, і з белапалякамі. Фядос Фаміч Кісялевіч, 1891 г. н., ваяваў у Першую сусветную вайну, удзельнічаў у абароне Петраграда ў 1919 годзе. Ён быў мараком, служыў на Балтыйскім флоце рулявым падводнай лодкі “Пантэра”, абараняў рубяжы маладой савецкай краіны. У адным з баёў каманда падлодкі патапіла англійскі эсмінец “Вікторыя”. Фядоса Кісялевіча за гэты бой узнагародзілі імянным гадзіннікам, на той час гэта была высокая адзнака. Жыццё кожнага чалавека ў тыя першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя складвалася па-рознаму. Пасля Грамадзянскай вайны вярнуўся Ф. Ф. Кісялевіч дадому, у Пагост, але пражыў нядоўга. Яго забілі тыя, хто быў супраць новай савецкай улады. У калгасе “Чырвоны пераможца” У 1926 годзе ў Пагосце налічваўся 81 двор і было 407 жыхароў, ды на хутары тры двары і 19 жыхароў. “І хоць вельмі цяжка жылося, дзеці пачыналі працаваць з маленства, жылі бедна, — колісь успамінаў Дзяніс Фаміч Кісялевіч, — але ўсё ж сям’я мела коніка свайго для апрацоўкі зямлі, патрэбны ў гаспадарцы інвентар — і плуг, і баронку, і ўсё іншае. Кароўка была, птушка свая — куры там, гусі, свіней трымалі. З гэтага і жылі”. Зямля плаціла сваім гаспадарам за дбайнасць і працавітасць. Але пачалі арганізоўвацца калгасы. І гэта быў вельмі цяжкі і складаны час для ўсіх. Нялёгкія былі гады. З вялікай неахвотай адмаўляліся людзі ад звыклага ладу жыцця. Пачалі ссяляць хутары ў вёску, арганізоўваць калектыўныя гаспадаркі — калгасы. У 1930 годзе быў арганізаваны калгас і ў Пагосце — “Чырвоны пераможца”. “У агулку забіралі ўсё — зерне, сена, салому, скаціну, сельскагаспадарчы інвентар, людзей выкідвалі з хат, не шкадуючы нават дзяцей, а маёмасць прадавалі з малатка,” — так апавядалі сяльчане пра свой калгас “Чырвоны пераможца”. Хто не жадаў быць у калгасе, тых ссылалі ў Сібір. Сярод ссыльных аказаліся Сямён Васілевіч Кісялевіч, 1897 г. н., арыштаваны 10 красавіка 1930 г., рэабілітаваны 24.11.1989 года, і Сямён Іосіфавіч Змітровіч, 1899 г. н., селянін-аднаасобнік, асуджаны на сем гадоў прымусова-папраўчых лагераў, рэабілітаваны ў жніўні 1990 года. “Трэба і нам уступаць у калгас, а то і мы можам трапіць туды, куды Макар цялят не ганяў,” — так колісь успамінаў пра ўступленне ў калгас Д. Ф. Кісялевіч. У 1932 годзе ў Пагосце быў вялікі пажар. Згарэла багата селішчаў. Але адбудаваліся, і ў гэтым жа годзе калгас налічваў 33 гаспадаркі. Адной з першых уступіла ў калгас сям’я Фёдара Ільіча Змітровіча. Тады ён быў яшчэ хлопцам, скончыў чатыры класы мясцовай школы, што лічылася вельмі добрай адукацыяй, і яго паслалі на курсы брыгадзіраў пры Глускім райземаддзеле. Праз некалькі месяцаў вучобы прызначылі брыгадзірам паляводчай брыгады, а пазней Фёдар Ільіч быў абраны старшынёй калгаса. Першы трактар з’явіўся на палетках вёскі Пагост у 1934 годзе. Усе жыхары вёскі сабраліся за ваколіцай, каб паглядзець на гэтую сталёвую машыну, што з лёгкасцю варочала зямлю. Сівабародыя дзяды мацалі рукамі свежае ворыва, вымяралі яго глыбіню, задаволена гаварылі, што вось гэта машына зробіць больш, чым пяць самых моцных коней, ды і арэ лепш. Тады многім хлопцам захацелася стаць трактарыстамі. Аб гэтым марыў і Васіль Максімавіч Кісялевіч, але скончыў курсы трактарыстаў, якія былі адкрыты пры Глускай МТС, толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны. У калгасе працаваў дзіцячы садок-яслі. Быў свой вадзяны млын. З вялікімі цяжкасцямі прыходзіў дастатак у хаты вяскоўцаў. Больш-менш добра стала перад вайной, але ж яна, нечаканая, страшная, парушыла ўсе планы сялян. Партызаны, салдаты, воіны Дзяніс Фаміч Кісялевіч разам з аднавяскоўцамі Андрэем Змітровічам, Паўлам Прытыкам і Фёдарам Змітровічам адразу ж пасля аб’яўлення вайны былі прызваны ў Чырвоную армію. З іншымі навабранцамі іх накіравалі на зборны пункт у вёску Зубарэвічы, але перад самай адпраўкай далей чамусьці пакінулі, а потым накіравалі назад у родную вёску з незвычайным заданнем: назіраць за палётамі нямецкіх самалётаў і аб іх колькасці паведамляць у Глускі райваенкамат. Сем дзён па чарзе дзяжурылі мужчыны. Потым перастала працаваць сувязь. Глуск занялі немцы. Адразу немцы ў вёсцы не з’явіліся, але ж нехта напісаў у гестапа данос на мужчын, што яны дапамагалі пры адступленні Чырвонай арміі і забілі нямецкага салдата… Тады ўсяго хапіла ад ворага. Многія сяльчане пайшлі ў партызаны, сярод іх і Дзяніс Фаміч Кісялевіч. Ён прайшоў партызанскай дарогай вайны, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, медалём “Партызану Айчыннай вайны” I і II ступені. Фёдар Ільіч Змітровіч з першых дзён вайны быў на фронце. Адступленне, акружэнне пад Гомелем, палон. Потым уцёкі, калі ўжо везлі ў цягніку на пакуты, у Нямеччыну. Непадалёку ад Старых Дарог чыгунка аказалася пашкоджанай, і два немцы пад канвоем павялі 13 чалавек, каб яе адрамантаваць. Хлопцы непрыкметна для канвойных згаварыліся, і праз некаторы час засталіся ляжаць тыя немцы забітыя, а палонныя — у лес, іх павёў Фёдар далей ад чыгункі, бо добра ведаў гэтыя мясціны. Ваяваў у партызанскім атрадзе імя Калініна. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі. Васіль Максімавіч Кісялевіч ваяваў з 1941 года ў складзе 3-га Беларускага фронту, абараняў Маскву, удзельнічаў у баях на Курскай дузе, ва Усходняй Прусіі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі “За абарону Масквы”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За баявыя заслугі”. Іван Дзямідавіч Змітровіч прымаў удзел у вызваленні Беларусі. Узнагароджаны медалямі і юбілейнымі знакамі. У гады вайны ў Пагосце было адносна спакойна. Немцы наязджалі часам, забіралі ў сяльчан усё, што вока бачыла. Аднойчы хацелі спаліць Пагост. Прыцягнулі гармату і пачалі страляць па вёсцы. Справа была ў тым, што “каля моста як быццам бы партызаны забілі некалькі немцаў, таму фашысты хацелі знішчыць вёску, злавілі каля лесу дваіх мужчын і хацелі іх расстраляць”, успаміналі вяскоўцы. “Але ў Пагосце жыў немец Герман, — расказвалі яны далей, — той самы, які калісьці жыў на хутары, на Пірагу. Хутар у гады калектывізацыі перасялілі ў вёску. Хата Германа і зараз стаіць яшчэ, першая ад лесу, дзе прыпынак “Пагост-1”. Дык вось немец той растлумачыў захопнікам, што злоўленыя каля лесу — гэта жыхары Пагоста, якія проста ішлі з Глуска, дзе яны працуюць, а партызан у вёсцы няма. Герману паверылі — і вёска ўцалела, і жыхароў не расстралялі. А немец Герман у вайну перабраўся жыць у Глуск. Потым, мабыць, з’ехаў у Нямеччыну, бо яго ніхто ўжо і не бачыў”. Іна КІРЫНА Працяг будзе Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працяг Мець свой надзел зямлі У 1865 годзе быў складзены “геометрический специальный план Минской губернии Бобруйского уезда крестьянского надела, крестьян... |
|