Лучшего знатока правил ОБЖ выявили на районном конкурсе «Школа безопасности»
26.02.2020
—
Разное
|
У даўніну маланкі лічылі божым агнём і нашы продкі тушылі такія пажары… малаком! А ці ведалі вы, што самае дажджлівае месца на зямлі – Гавайскія астравы? А транспартаваць пацярпелага з чэрапна-мазгавой траўмай можна толькі ў палажэнні лежачы на боку? З гэтымі і многімі іншымі карыснымі і цікавымі пытаннямі прыйшлося сутыкнуцца ўдзельнікам раённага конкурсу “Школа бяспекі”, які прайшоў у суботу на базе Ушацкай школы і быў прымеркаваны да правядзення ў нашай краіне Адзінага дня бяспекі. За званне лепшага знатака асноў бяспекі жыцццядзейнасці змагаліся 26 дзяцей з усіх школ раёна ў трох узроставых катэгорыях. Першым выпрабаваннем для іх стала тэсціраванне: самым маленькім для адказаў на некалькі дзясяткаў пытанняў адвялі паўгадзіны, а астатнім 15 хвілін. “Вялікіх цяжкасцей не паўстала, таму ўклалася ў адведзены час”, – адзначыла вучаніца Глыбачанскай школы Ліза Казлова, якой давялося быць першаадкрывальніцай другога этапу – конкурсу аратараў “Я раскажу Вам…” і змагацца з хваляваннем. Усе ўдзельнікі выступалі па загадзя прапанаванай тэме, прычым, усяго адну хвіліну. Старэйшая група расказала пра дзейнасць цэнтраў бяспекі МНС, якія ёсць у кожнай вобласці. “Рыхтавала выступленне з задавальненнем, бо нядаўна мы якраз наведвалі такі цэнтр у Віцебску і ад паездкі ў мяне засталіся незабыўныя ўражанні”, – прызналася вучаніца Вялікадолецкай школы Вікторыя Алексяёнак. Навучэнцы сярэдніх класаў расказалі, што трэба рабіць, каб не дапусціць надзвычайнай сітуацыі, ну а самыя маленькія рапартавалі аб тым, што нельга адчыняць дзверы незнаёмцам. Журы ацэньвала выступленні канкурсантаў па многіх крытэрыях, улічваючы артыстызм, раскрыццё тэмы і час. З усіх удзельнікаў максімальныя шасцёркі на гэтым этапе ўдалося атрымаць толькі другакласніцы Злаце Клімашэўскай і шасцікласніку Уладзіславу Падворнаму з Ушацкай школы. Па выніках двух выпрабаванняў мацнейшыя выйшлі ў фінал, дзе ім давялося адгадваць рэбусы, загадкі, адказваць на розныя пытанні з гісторыі, медыцыны, мастацтва. Усіх канкурсантаў у актавай зале падтрымлівалі бацькі, педагогі, аднакласнікі. “Сярод вас няма прайграўшых, усе малайцы! Сёння мы ўбачылі, якія ў вас глыбокія веды па бяспецы. Тое, што вы адважыліся на ўдзел, таксама дасягненне!” – справядліва адзначылі намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч і начальнік РАНС І.В.Кошкін, падводзячы вынікі. Так, у малодшай групе пераможцам конкурсу стала вучаніца 4 класа Ільюшынскай школы Сафія Волкава, сярод 5-8 класаў – шасцікласніца Ушацкай школы Вікторыя Харак, а сярод старшакласнікаў – Паліна Шакута. Пераможцы атрымалі не толькі дыпломы і падарункі, а і права прадстаўляць Ушаччыну на адпаведным абласным конкурсе, які пройдзе ў пачатку сакавіка ў Віцебску. Спецыяльны прыз уручаны і самай маленькай ўдзельніцы “Школы бяспекі” – першакласніцы Арыне Карэйша. Зрэшты, ніводны канкурсант не застаўся без прэзента ад выратавальнікаў. * * * За 6 дзён прафілактычнай акцыі на Ушаччыне ўжо прайшло шмат мерапрыемстваў. Гэта і ўрокі бяспекі для дзяцей, і сельскія сходы ў вёсках, і выступленні суб’ектаў прафілактыкі ў працоўных калектывах. Таксама ў рамках Адзінага дня бяспекі структурныя падраздзяленні розных ведамстваў праводзяць “дні адкрытых дзвярэй”. Так, 28 лютага ўсіх жадаючых запрашае да сябе Ушацкі раён газазабеспячэння. Ушачане змогуць не толькі азнаёміцца з дзейнасцю службы, а і атрымаць адказы на ўсе пытанні, звязаныя з газавай гаспадаркай. Вольга КАМАРКОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У даўніну маланкі лічылі божым агнём і нашы продкі тушылі такія пажары… малаком! А ці ведалі вы, што самае дажджлівае месца на зямлі – Гавайскія астравы? А... |
|