В Осиповичах готовятся к областным «Дожинкам»
10.03.2020
—
Разное
|
Да перамен гатовы?Падрыхтоўка да абласных “Дажынак” пераходзіць у актыўную фазу. Большасць задумак атрымала належнае фінансаванне, завяршаецца работа па стварэнні праектна-каштарыснай дакументацыі. Застаецца толькі пачаць і скончыць. Часу на тое адведзена не так і многа, але пры правільнай арганізацыі работ укласціся ў вызначаныя тэрміны можна. У гэтым упэўнены намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ганчароў, які днямі паведаміў пра некаторыя падрабязнасці самай маштабнай за апошнія тры дзесяцігоддзі рамонтна-будаўнічай кампаніі ў Асіповічах. Што важна падкрэсліць: работы на найбольш значных аб’ектах пачнуцца ўжо ў сакавіку. І актывізуюцца там, дзе першыя крокі ўжо зроблены. “Раёнка” будзе трымаць сваіх чытачоў у курсе спраў, а пакуль прапануем пазнаёміцца са спісам найбольш істотных перамен, якія чакаюцца ў бліжэйшыя месяцы. Азеляненне і рэкрэацыя Запланавана значна павялічыць плошчу гарадскіх зялёных насаджэнняў і правесці іх рэканструкцыю там, дзе тое неабходна. Галоўны “фронт” — гарадскі парк, дзе ўжо вядзецца знос спарахнелых, засыхаючых, небяспечна нахіленых дрэў і глыбокае краніраванне тых, што з’яўляюцца носьбітамі расліны-паразіта — амялы. Усяго пад знос і санітарную ачыстку камісія з прадстаўнікоў камунальных і прыродаахоўных службаў вызначыла каля 140 дрэў. Гэта амаль выключна таполі, якія заменяць больш эстэтычныя пароды — ліпа ды клён. Таксама ў парку будуць рэканструяваны пешаходныя дарожкі і стане куды прывабнейшай сажалка — у тым ліку дзякуючы больш эфектнаму фантану. Статусныя зоны Акрамя плошчы Леніна, будзе пераасэнсавана ў трэндах сучаснага дойлідства Алея Герояў. Пакуль канчатковы варыянт афармлення не выбраны, аднак ён у любым выпадку будзе пазбаўлены галоўнага сённяшняга недахопу: калі ідзе дождж, вада “сцірае” партрэты, высечаныя на каменных плітах манументаў. Зноў ажыве і размешчаны ў цэнтры горада стадыён “Лакаматыў”. Хто памятае, калі ў апошні раз на ім праводзіліся спартыўныя альбо культмасавыя мерапрыемствы? Установы адукацыі Бягучы рамонт чакае тры дзіцячыя садкі — №№ 8, 9 і 10, Асіповіцкі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, дзве школы — №№ 1 і 4. Аб’екты пад капітальны рамонт — гімназія і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Між іншым будынак апошняга — адзін з найбольш архітэктурна-выразных у нашым горадзе. Ён спалучае элементы канструктывізму (авангард перыяду 1920-х гадоў) і так званага “сталінскага ампіру” (савецкі неакласіцызм 1930-сярэдзіны 1950-х). Асяродкі культуры і аховы здароўя Бягучы рамонт: гарадская бібліятэка № 2, дзіцячая школа мастацтваў № 1, кінатэатр “Радзіма”, стаматалагічная паліклініка, стары корпус райбальніцы. Адна з галоўных задач у рамонце апошняга — стварэнне эфектыўнай вентыляцыйнай сістэмы. Капрамонт: раённы Цэнтр культуры і адпачынку, паліклініка, інфекцыйнае аддзяленне ЦРБ. Жылы фонд, вуліцы Будзе адрамантавана 64 дамы, 20 вуліц, з іх 4 — капітальна. Пачнуцца работы па “давядзенні да розуму” ўчастка дарогі Р34 ад вуліцы Рабоча-Сялянскай да яўрэйскіх могілак. Сёлета гэты аб’ект скончыць не атрымаецца, аднак першы слой асфальту плануецца пакласці. І каб паставіць кропку. Пачнецца рэалізацыя праекта па стварэнні станцыі абезжалезвання на Паўночным водазаборы. Калі не ўзнікне непрадказальных перашкод, у 2021 годзе “эпоха ржавай вады” ў Асіповічах скончыцца назаўсёды. Ёсць чаго чакаць! Дзмітрый САЎРЫЦКІ. d.savrickiy@gzt-akray.by Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да перамен гатовы? Падрыхтоўка да абласных “Дажынак” пераходзіць у актыўную фазу. Большасць задумак атрымала належнае фінансаванне, завяршаецца работа па... |
|