Вучні 10-11 класаў ДУА “Красненскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа” на адным дыханні могуць распавесці не толькі пра косінусы і сінусы ды арфаграфію і пунктуацыю, але і як правільна фасаваць тавар ды якія інструменты падыходзяць для тынкавання.
Пачынаючы з 2018 года, юныя красненцы актыўна карыстаюцца магчымасцю дадаткова прайсці прафесійнае працоўнае навучанне яшчэ ў школьныя гады. Непасрэдна ў сценах установы 7 адзінаццацікласнікаў спасцігаюць азы прафесіі прадаўца. 11 дзесяцікласнікаў набываюць карысныя веды на базе УА “Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй”. Там 9 з іх вучацца на прадаўцоў, а 2 – на тынкоўшчыкаў.
Як спраўна школьнікі прымяняюць тэорыю на практыцы, мы асабіста пераканаліся пры сустрэчы з вучнямі 11 класаў прама ў гандлёвай зале магазіна ПГУП «СебиШ» у аграгарадку Краснае. Там Алёна Дзедуль, Ксенія Свірыдава, Анастасія Ражко, Ірына Краскоўская, Ірына Зелянкевіч і Вадзім Рабко сачылі за парадкам на паліцах і кансультавалі пакупнікоў. “Апроч таго, мы пад наглядам прадаўцоў Таццяны Дзедуль і Таі Драб вучымся фасаваць тавары і працаваць з дакументамі. Праходзяць практычныя заняткі ў нас па пятніцах і суботах працягам трох гадзін”, – дадалі адзінаццацікласнікі. Але перш чым выйсці ў залу, працавітая моладзь год знаёмілася з тэорыяй пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Вольгі Матусевіч. “Мы бралі пэўны прадукт і поўнасцю яго вывучалі: склад, колькі і пры якіх тэмпературах захоўваецца, як правільна выкладваецца ў гандлёвай зале. Адпрацоўвалі мы і розныя сітуацыі з пакупнікамі”, – узгадалі леташнія заняткі юныя прадаўцы і дадалі: “Дарэчы, і зараз нараўне з практыкай мы надаем шмат увагі тэорыі”.
У будучым выпускнікі плануюць пайсці кожны сваім прафесійным шляхам, але ўсе яны ўпэўненыя, што навыкі прадаўца ім спатрэбяцца. Справа ў тым, што многія хочуць у студэнцкія гады знайсці падпрацоўку ў сферы гандлю. Сярод іх і Вадзім Рабко. “Між іншым, я не адзіны хлопец у нашай групе. Са мной у кампаніі – Раман Дзедуль, – падкрэсліў юнак. – Абодва мы разлічваем на тое, што калі пойдзем вучыцца далей, прафесія прадаўца дапаможа нам мець дадатковы заробак”.
Яшчэ адзін дэсант прадаўцоў з Краснага чакаў нас у Карэліцкім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі. На перапынку паміж заняткамі па ахове працы Ганна Вайніна, Алена Браўко, Вікторыя Яўсей, Анастасія Віркоўская, Марыя Гуцько і Анастасія Губко падзяліліся думкамі наконт сваёй вучобы: “Мы прыязджаем у Карэлічы двойчы на тыдзень. Па панядзелках займаемся тэорыяй. Гэта і таваразнаўства, і бухгалтарскі улік, і эканоміка, і псіхалогія. Спецпрадметы нам выкладаюць майстры вытворчага навучання Іна Лявыкіна і Алена Біюць. А па суботах мы прымяняем веды ў рэальным жыцці ў магазіне “Евроопт”: выкладваем і фасуем тавары, падказваем пакупнікам тое, што іх цікавіць, падтрымліваем парадак у гандлёвай зале. Наперадзе ў 11 класе нас чакае экзамен, пасля паспяховай здачы якога мы атрымаем кваліфікацыю “прадавец 4-га разраду”.
Красненскі дзесяцікласнік Кірыл Хахракоў таксама плануе скончыць школу не толькі з добрым атэстатам, але і з навыкамі тынкоўшчыка 3-га разраду. Таму юнак старанна наведвае па панядзелках і суботах заняткі ў прафліцэі: “Мне падабаецца тое, што тут тэорыя ідзе побач з практыкай. Так, у адзін дзень мы можам вывучаць матэрыялазнаўства, тэхналогію тынковачных работ, а таксама этыку і псіхалогію дзелавых адносін, экалогію, эканоміку ці працоўнае права, а ў наступны раз ужо карыстацца абсталяваннем і інструментамі, рабіць і накідваць растворы. А граматныя выкладчыкі – майстры вытворчага навучання Ніна Буліновіч і Таццяна Гурына – заўжды дапамогуць парадай. У будучым, упэўнены, калі так складуцца жыццёвыя абставіны, я змагу працаваць і ў будаўніцтве. Ды і дома навыкі тынкоўшчыка не будуць лішнімі”.
Як бачым, школьнікі на Карэліччыне працы не баяцца і прывучаны да яе змалку. З такім стартам нашы юнакі і дзяўчаты зладзяць з любымі жыццёвымі мэтамі.