Свята паэзіі і музыкі падаравала чытачам Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы наша зямлячка паэтка Вераніка Луня падчас прэзентацыі свайго першага зборніка паэзіі “Табе і толькі табе”.
Кніга пабачыла свет у выдавецтве “Чатыры чвэрці” ў Мінску. Яна ўключае вершы, напісаныя на працягу шаснаццаці гадоў. Многія з іх нарадзіліся на Нясвіжчыне, бо сама Вераніка — ураджэнка Снова. Яна скончыла Сноўскую сярэднюю школу, Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Яшчэ будучы школьніцай, Вераніка (тады яна была Айралава), надрукавала свой першы верш на старонках раённай газеты, які быў прысвечаны матулі. Менавіта з гэтага твора яна пачала знаёміць са сваёй паэзіяй сяброў раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” падчас аднаго з пасяджэнняў. Разам з нясвіжскімі паэтамі Вераніка адправілася ў Мінск, каб прадставіць сваю творчасць на больш высокім узроўні, а менавіта ў народным клубе кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, якім кіравала і кіруе сёння член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, член Беларускага саюза музычных дзеячаў Ірына Карнаухава. На той момант наша юная паэтка мела за плячыма цэлых чатырнаццаць гадоў і Ірына Аляксандраўна спачатку сказала: “Такіх малых не бяром”. Пасля паглядзела на Вераніку і прамовіла:
— Але цябе возьмем.
Пра гэты момант Вераніка Луня якраз і расказала, калі дзялілася сваімі ўспамінамі з землякамі.
А далей яе вершы былі ўключаны ў калектыўны зборнік нясвіжскіх аўтараў “Букет валошак”, а затым і абласныя зборнікі “Дыханне нябёсаў”, “Калі бярэшся за пяро”, “На воблачку душы”, “Там за рэчкай, у бары”. У 2018 годзе маладая паэтка стала членам Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў.
Калісьці Вераніка не ведала, якую назву даць вершу, прысвечанаму каханаму чалавеку, які пасля стаў яе мужам.
— Назаві “Табе. І толькі Табе”, — параіла маці.
Сёння матулі маладой аўтаркі ўжо няма на свеце, але лепшай назвы для сваёй першай кнігі, чым тая, што прыдумала мама, яна не знайшла. Толькі адрасавана яна не аднаму чалавеку, а кожнаму чытачу, якому надарыцца магчымасць узяць кнігу ў рукі.
Зборнік “Табе. І толькі табе” хутка з’явіцца на паліцах бібліятэк раёна і кожны чытач можа пазнаёміцца з творчасцю нашай зямлячкі.
Першае свята ўласнай паэзіі ў жыцці Веранікі Луні адбылося на яе роднай зямлі, сярод землякоў. А дзе ж была музыка, спытаеце? У зале словы вершаў пра каханне перапляталіся з ціхай задуменнай мелодыяй саксафона, на якім граў мінчанін Канстанцін Цямрызаў. Да вершаў пра каханне Веранікі Луні далучыліся вершы сталых сяброў раённага літаратутна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алены Шаблоўскай і Наталлі Бордак, якія таксама былі вельмі прыхільна прыняты гасцямі бібліятэкі.
Свята хутка скончылася, жыццё працягваецца. Няхай яно падорыць юнай паэтцы новыя тэмы і вобразы, новыя кнігі, якія будуць прысвечаны і нам з вамі, шаноўныя землякі.
Валянціна ШЧАРБАКОВА, бібліятэкар Нясвіжскай
цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы.