Міністэрства адукацыі пастановай ад 30 сакавіка № 38 вызначыла тэрміны правядзення ў 2020 годзе ўступнай кампаніі для атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені. Такая інфармацыя размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.
Устаноўлены тэрміны прыёму дакументаў: з 16 па 21 ліпеня – ад асоб, якія паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове, з 15 лістапада па 5 снежня – для тых, хто паступае на завочную форму атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове.
Для абітурыентаў, якія паступаюць у ВНУ для атрымання вышэйшай адукацыі на платнай аснове і не здаюць уступныя іспыты, складзены асобныя графікі. З 16 ліпеня па 3 жніўня дакументы прымаюць у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, з 16 ліпеня па 6 жніўня – у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, з 16 ліпеня па 8 жніўня – у іншых ВНУ.
Для выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на педспецыяльнасці, тэрмін падачы дакументаў – з 16 па 18 ліпеня. Ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС уступныя іспыты пройдуць з 22 па 25 ліпеня, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў – з 22 па 30 ліпеня, у астатніх ВНУ – з 22 па 28 ліпеня. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю – з 22 па 29 ліпеня (вочная форма) і з 6 па 15 снежня (завочная форма).
Што датычыцца тэрміну залічэння абітурыентаў на бюджэтныя месцы, то ў Ваеннай акадэміі, Інстытуце пагранічнай службы, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС ён устаноўлены па 28 ліпеня. У іншых ВНУ (акрамя завочнай формы атрымання адукацыі ва ўстановах сельскагаспадарчага профілю) – па 1 жніўня, у ВНУ сельгаспрофілю ў завочнай форме атрымання адукацыі – па 20 снежня.
На месцы, устаноўленыя лічбамі прыёму для атрымання вышэйшай адукацыі на платнай аснове, вызначаны наступныя тэрміны залічэння абітурыентаў: па 6 жніўня – у Акадэмію МУС, Магілёўскі інстытут МУС, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, па 8 жніўня – Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, па 10 жніўня – у астатнія ВНУ. Асобна ўстаноўлены тэрміны для завочных аддзяленняў ВНУ сельскагаспадарчага профілю – па 20 снежня.
Пастановай таксама вызначаны тэрміны залічэння абітурыентаў і дадатковага набору ў дзяржаўныя ВНУ на месцы, вызначаныя кантрольнымі лічбамі прыёму, якія засталіся вакантнымі пасля залічэння абітурыентаў. Акрамя таго, устаноўлены тэрміны ўступнай кампаніі для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама для грамадзян Украіны і асоб без грамадзянства, якія пражываюць (як правіла, не менш за год) на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей і прыбылі ў Беларусь для атрымання дазволаў на часовае або пастаяннае пражыванне.
Пастанова ўступила ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.