Газета піша гісторыю. 21.by

Газета піша гісторыю

07.05.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першы нумар Глускай раённай газеты “Камунар Глушчыны” выйшаў 7 лістапада 1930 года. З той пары раённая газета, хоць і пад іншымі назвамі, рэгулярна ўваходзіць у дамы глушчан на працягу амаль ужо 90 гадоў. У залежнасці ад часу і яго патрабаванняў мянялася назва перыядычнага раённага выдання: “Сцяг калектывізацыі”, “Соцыялістычная вёска”, “Сцяг Радзімы” і нарэшце “Радзіма”.

На старонках цяперашняй “Радзімы” час ад часу з’яўляюцца матэрыялы, напісаныя па старонках раённай газеты 1960-х, 1970-х гадоў. Бывае, што і пры напісанні іншых, актуальных на цяперашні час, матэрыялаў звяртаемся да нашага архіва. А вось адны са старэйшых выпускаў раённай газеты, канца 1940-х — пачатку 1950-х гадоў, захоўваюцца ў Глускім гісторыка-краязнаўчым музеі. Менавіта тагачасную “Соцыялістычную вёску”  мы з вамі сёння і “пагартаем”.

Пачнём нашу экскурсію ў мінулае з аднаго са старэйшых выпускаў — № 31 ад 9 чэрвеня 1945 года. У той час жыхары Беларусі ўжо амаль год аднаўлялі пасляваенную гаспадарку, у Еўропе толькі месяц назад капітулявала фашысцкая Германія, а Другая сусветная вайна яшчэ цалкам не была завершана. У такой абстаноўцы, вядома ж, патрэбна была кансалідацыя ўсіх сіл антыфашысцкай кааліцыі. На першай старонцы раёнкі ёсць нататка “Абед у Старшыні Савета Народных Камісараў СССР І. В. Сталіна ў чэсць Асабістага Прадстаўніка Прэзідэнта ЗША пана Г. Гопкінса”. Адзначалася, што “абед прайшоў у цёплай дружаственнай абстаноўцы”.

 Але ж, нягледзячы на тое, што міжнародныя тэмы былі вельмі важнымі, усё ж сельская гаспадарка вясковых чытачоў раёнкі цікавіла, думаю, больш. Напрыклад, у артыкуле “Не марудзіць з узняццем папараў” адзначалася, што “калгасы нашага раёна, спаборнічаючы за паспяховае і ўзорнае заканчэнне веснавой сяўбы, дабіліся выключных вынікаў”. А ў нататцы “Працуюць самааддана” адзначана: “Калгаснікі калгаса “Новая Крукаўшчына” Казловіцкага сельсавета Бахановіч А. і Хоцька П., не гледзячы на свой узрост, з’яўляюцца перадавікамі калгаснай працы. За пяць месяцаў гэтага года шасцідзесяцігадовыя тружанікі выпрацавалі звыш 150 працадзён кожны”.

Не заставаліся паза ўвагай журналістаў і жыхары мястэчка з іх праблемамі. Напрыклад, глушчан хвалявала, што ў парку, які знаходзіцца прама ў цэнтры гарпасёлка, вечарамі замест адпачываючых местачкоўцаў можна сустрэць хатнюю жывёлу: “…па парку хадзілі, але не людзі, а звычайныя козы шчыпалі густую траву, засеўшую па алеях… Парк астаецца пака не месцам культурнага адпачынку, а выганам для коз, нават коней. Парк астаецца неабнесеным агарожай, не зроблена ніводнай лаўкі, алеі зараслі густой травой…” 

Бяром у рукі наступны нумар “Соцыялістычнай вёскі” — 45-ты ад 2 чэрвеня 1949 года. У гэты час актыўна вядзецца, як бы зараз сказалі, добраўпарадкаванне — рамантуюцца і будуюцца дарогі і масты. Напрыклад, у раёне праводзіўся паўтарамесячнік будаўніцтва і рамонту аўтагужавых дарог, падчас якога калгасы павінны былі адпраўляць на дарожныя работы людзей і падводы. “Асабліва вялікі аб’ём работ павінен быць выканан на дарогах: Глуск — Халопенічы, Глуск — Слаўкавічы, Глуск — Ратміравічы”, — пісаў у раёнцы Г. Кардач, загадчык глускага дараддзела.

На старонках “Соцыялістычнай вёскі” падымаецца вострая для глушчан на той час праблема — адсутнасць вады. Дзевяноста дзевяць працэнтаў глучшан зараз і ўявіць не могуць, што па ваду патрэбна ісці кудысьці далей чым на кухню. А вось некаторыя тагачасныя местачкоўцы вымушаны былі хадзіць па ваду ў калодзеж аж за паўкіламетра ад сваёй хаты. На асобных жа вуліцах і ўвогуле не было ніводнага спраўнага калодзежа: “…па вуліцах Карла Маркса і Камсамольскай няма ні аднаго спраўнага калодзежа. У поўную нягоднасць прыйшлі калодзежы і на другіх вуліцах. На ўвесь райцэнтр дзейнічае не больш дзесятка, з дазволу сказаць, спраўных калодзежаў”.

А ў сялян у гэты час былі свае турботы. Яны праполвалі яравыя пасевы пшаніцы, аўса, лёну: “да масавай праполкі пасеваў ад пустазелля прыступілі калгаснікі сельгасарцелі “Чырвоная Мыслоціна” Хваставіцкага сельсовета. У двух брыгадах сельгасарцелі на 1 чэрвеня праполана  8 гектараў яравой пшаніцы… Лепшыя вынікі на праполцы паказваюць калгасніцы Сузанна Галамака, Фядора Кісялевіч, Марыя Галамака”. Таксама поўным ходам ішла нарыхтоўка сена: “Казловічы. Першым у сельсовеце да сенаўборкі прыступіў калгас імя Красіна. За дзень скошана 3 гектары”.

Акрамя звыклых нам раслін, у пачатку 1950-х у Глускім раёне вырошчвалі і незвычайную — кок-сагыз (шматгадовая травяністая расліна роду дзьмухавец, каўчуканос). Гэта расліна была вельмі папулярная ў 1930-х — першай палове 1950-х гадоў, вырошчвалі яе таксама і ў нашых калгасах. У раённай газеце № 10 за 2 лютага 1950 года выйшла нататка “Усебакова падрыхтавацца да сяўбы кок-сагызу”, у якой адзначалася: “Вынікі 1949 года паказалі, што там, дзе захоўваліся ўсе агратэхнічныя правілы, вырашчан добры ўраджай кок-сагызу… Патрэбна самую сур’ёзную ўвагу ўдзяліць стварэнню каучукаводных брыгад, звенняў і арганізацыі з імі агратэхнічнай вучобы”.      

Вельмі цікавы з гістарычнага пункту гледжання яшчэ адзін выпуск раённай газеты “Соцыялістычная вёска” — № 20 ад 7 сакавіка 1953 года. На першай старонцы каля лагатыпу вялікімі літарамі было напісана: “5 сакавіка ў 9 гадзін 50 хвілін вечара пасля цяжкай хваробы памёр Старшыня Савета Міністраў Саюза ССР і Сакратар Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза Іосіф Вісарыёнавіч Сталін”. Побач з гэтым паведамленнем размяшчаўся фотаздымак Сталіна і вельмі падрабязнае медыцынскае заключэнне аб яго стане ў апошнія дні: “…У першы ж дзень хваробы былі выяўлены прызнакі расстройства дыхання ў выніку парушэння функцыі нервовых цэнтраў. Гэтыя парушэнні з дня ў дзень нарасталі…У другую палавіну дня пятага сакавіка стан хворага стаў асабліва хутка пагаршацца: дыханне зрабілася павярхоўным і рэзка пачашчаным, частата пульса дасягнула 140—150 удараў у мінуту… У 21 гадзіну 50 мінут пры з’явах нарастаючай сардэчна-сасудзістай і дыхальнай недастатковасці, І. В. Сталін памёр”. Цікава, што на другой старонцы газеты былі размешчаны яшчэ больш падрабязныя медыцынскія дакументы “Бюлетэнь аб стане здароўя І. В. Сталіна на 2 гадзіны 5-га сакавіка 1953 года” і “Бюлетэнь аб стане здароўя І. В. Сталіна на 16 гадзін 5-га сакавіка 1953 года”. У апошнім, напрыклад, было адзначана: “…на 16 гадзін крывяны ціск: максімальны — 160, мінімальны — 100; пульс 120 у мінуту, арытмічны; дыханне 36 у мінуту; тэмпература 37,6 градуса; лейкацытаў 21 тысяча…”

Не толькі зместам надрукаваных нататак цікавыя гэтыя выпускі раённай газеты. Ёсць на іх старонках і яшчэ адна цікавостка, на якую амаль ніколі не звяртаеш увагі, калі чытаеш газету. На апошняй старонцы (зрэшты, як і зараз у кожнай газеце) пазначана імя рэдактара або на той момант адказнага за выпуск газеты, а таксама адрас, дзе размяшчалася рэдакцыя. Дык вось № 31 у чэрвені 1945 года выйшаў за подпісам часова выконваючага абавязкі адказнага сакратара С. Шумоўскага, а рэдакцыя ў той час размяшчалася па адрасе вуліца Валадарскага, 3. Нумар 45 ад 2 чэрвеня 1949 года выйшаў тыражом 1000 экзэмпляраў, за подпісам адказнага рэдактара В. А. Зайцава, а рэдакцыя размяшчалася па вуліцы Кірава, 25. У 1953 годзе рэдактарам “Соцыялістычнай вёскі” быў І. В. Абабурка.

Падшыўку гартала

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы нумар Глускай раённай газеты “Камунар Глушчыны” выйшаў 7 лістапада 1930 года. З той пары раённая газета, хоць і пад іншымі назвамі, рэгулярна ўваходзіць у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика