У сярэдняй школе №1 г.п. Карэлічы ўсе добра ведаюць вучняў 4 “А” класа як цікаўных і старанных даследчыкаў. Нездарма адразу двое з іх – Надзея Кошур і Аляксей Горбік – сёлета трапілі на раённую Дошку пашаны.
Як знайсці шлях да дзіцяці, раскрыць яго здольнасці і распаліць у ім прагу да ведаў, добра разумее класны кіраўнік 4 “А” класа Марыя Хіневіч. Яе педагагічны сакрэт – у шчырай любові да сваіх маленькіх геніяў:
– У нашым класе ўсе дзеткі разумныя, з імі заўжды прыемна працаваць. Калі я ім нешта прапаноўваю, то адразу бачу, як загараюцца вочы ў маіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Пачынаючы з першага класа, такія лёгкія на пад’ём і Надзея з Аляксеем. Праўда, у кожнага з іх быў свой шлях да навукова-даследчых работ. Першай на яго стала Надзея. І так актыўна, што за ёй уцягнуўся ўвесь клас, у тым ліку і Аляксей.
На пытанне “чаму менавіта гэты напрамак стаў папулярным сярод дзяцей, а, напрыклад, не тэатр ці спорт?” Марыя Мікалаеўна мае правераны прафесійным вопытам адказ:
– Дзеці не нараджаюцца адразу вучонымі ці даследчыкамі. Іх важна да гэтага прывесці. І чым больш намаганняў укладваюць дарослыя ў развіццё дзіцяці, тым яму ў будучым лягчэй зразумець сябе і рэалізаваць свае магчымасці. Дзеля гэтага я як педагог раю займацца даследаваннямі. Бо ў час іх правядзення дзеці вучацца ставіць мэты і задачы, знаходзіць інфармацыю, працаваць з літаратурай і рознымі крыніцамі, наладжваць кантакты са спецыялістамі, арганізацыямі і ўстановамі, праводзіць анкетаванне, аналізаваць дадзеныя, рабіць высновы і, нарэшце, прэзентаваць сваю работу.
Надзея і Аляксей згодныя з настаўніцай. Праўда, прызнаюцца, што напачатку вельмі хваляваліся. Але, кажуць, заўжды адчувалі падтрымку Марыі Мікалаеўны, бацькоў і аднакласнікаў, таму ўсё і атрымалася. Наперабой распавядаюць пра тое, якая гэта радасць – зрабіць першыя маленькія адкрыцці і падзяліцца імі з іншымі.
– Адразу з’яўляецца азарт, хочацца больш займацца даследаваннямі, бо мяне цікавіць шмат яшчэ чаго, – відаць, што ў Аляксея на прыкмеце ўжо ёсць некалькі новых тэм. Хоць і пра мінулыя хлопчык не забывае. Летась ён напісаў грунтоўную
Надзея таксама, апроч даследаванняў на тэму баршчэўніка Сасноўскага, любіць маляваць, чытаць кніжкі пра прыроду, дэкламаваць вершы, танцаваць, граць на цымбалах, вышываць ды вязаць. Захапленняў у дзяўчынкі шмат. Таму пасля школы яна спяшаецца на заняткі ў Карэліцкую дзіцячую школу мастацтваў і раённы ЦТДіМ. А дома дапамагае матулі ў хатніх справах і прыглядае за малодшым брацікам. Яшчэ Надзея клапоціцца пра навакольнае асяроддзе, а падчас конкурсу-агляду строю і песні можна камандаваць цэлым атрадам. Адрознівае дзяўчынку і вялікае сэрца. Яна, як кажа класны кіраўнік, усіх шкадуе і, каму можа, стараецца дапамагчы. Таму мара ў Надзеі асаблівая. Яна хоча адкрыць прытулак для бяздомных жывёл, бо “сумна і балюча бачыць, што людзі выкідваюць катоў і сабак, як рэчы”.
– Такія дзеці, як вечныя рухавікі, натхняюць на далейшую працу, – напрыканцы сустрэчы заўважае Марыя Мікалаеўна. – І я ўпэўнена, што ў Надзеі з Аляксеем у іх жыцці гэта далёка не апошняя Дошка пашаны.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара