па стане на 1 студзеня 2020 года на тэрыторыі Лаздунскага сельсавета размешчана 12 населеных пунктаў, у якіх зарэгістравана і пражывае 1232 чалавекі, у тым ліку 334 адзінока пражываючыя грамадзяне, 110 з іх - старэйшыя за 80 гадоў.
У мінулым годзе нарадзілася 7 дзяцей, у 2018 годзе -10. Памерлі 34 чалавекі.
Медыцынская дапамога насельніцтву сельсавета аказваецца Бобравіцкай медыцынскай амбулаторыяй. Функцыянуе месца рознічнай рэалізацыі лекавых сродкаў. Таксама штодня працуе дзённы стацыянар і стацыянар на даму на 2 ложкі.
У 2019-2020 навучальным годзе ў дзяржаўнай установе адукацыі "Вучэбна-педагагічны комплекс Бобравіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа" навучаюцца 108 навучэнцаў, дашкольную ўстанову наведваюць 24 дзіцяці.
На тэрыторыі сельсавета функцыянуе 2 установы культуры: аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы аг. Лаздуны 1 і бібліятэка-філіял дзяржаўнай установы культуры " Іўеўская раённая бібліятэка".
Для забеспячэння даступнасці сацыяльнага абслугоўвання жыхароў вёскі ў Лаздунскім сельсавеце функцыянуе сацыяльны пункт на выязной аснове. На тэрыторыі сельсавета сацыяльныя паслугі на даму атрымліваюць 75 грамадзян, з іх паслугі сацыяльнага работніка - 11 адзінокіх пажылых грамадзян, 65 - адзінока пражываючых, у тым ліку 18 інвалідаў ад агульнага захворвання.
У 2019 годзе на тэрыторыі сельсавета функцыянавалі 4 рознічныя гандлёвыя аб'екты.
У 2019 годзе водны аб'ект "сажалка Лаздуны" перададзены прыватнаму гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству "ТоргСпецДани" у арэнду для таварнага рыбаводства і рыбаводства ў рэкрэацыйных мэтах, г. зн. для заняткаў дзейнасцю па ўтрыманні, гадоўлі і вырошчванні рыбы ў штучных умовах у мэтах аказання паслуг насельніцтву па лоўлі рыбы з выкарыстаннем аматарскіх прыстасаванняў для рыбалоўства.
Такія прынцыпы - не пасаваць перад цяжкасцямі
Стан дарог і пітной вады, догляд за мемарыяламі і асвятленне вуліц, знос старых непрыдатных для жыцця дамоў і пажарная бяспека. Спіс паўсядзённых спраў у старшыні Лаздунскага сельвыканкама Станіслава Іванавіча Кузьміча вялікі. За няпоўныя тры гады свайго старшынства ён заваяваў аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў. І гэта не проста прыгожыя словы.
Гутарка з кіраўніком мясцовай улады скіравалася адразу ў бок надзённых праблем, якія пад пастаянным кантролем і ўвагай. Іх вырашэнне заўсёды патрабуе нямала намаганняў. Аднак, чым больш старанняў прыкладваецца, чым больш маральных сіл выдаткоўваецца, тым больш важкі вынік атрымоўваецца, зазначае старшыня.
- Дапамагаць людзям і бачыць дзейснасць гэтай дапамогі, - гэта мая самая галоўная задача, якую я выконваю, - расказвае Станіслаў Кузьміч. - І калі ўсё ўдаецца, то задавальненне неверагоднае.
Узяць да прыкладу праблему з пітной вадой, якая заўсёды была "балючай тэмай" для жыхароў аг. Лаздуны1. З-за лішка жалеза вада мела рыжы колер і нават для мыцця адзення не выкарыстоўвалася. Людзі выходзілі з гэтага стану па-рознаму. Аднак праблема кранулася з мёртвай кропкі толькі ў мінулым годзе, калі Іўеўскім РУП ЖКГ у эксплуатацыю была ўведзена станцыя абезжалезвання вады. У бягучым годзе, расказвае кіраўнік мясцовай улады, работа ў гэтым кірунку працягнецца, а таксама будзе пабудавана закальцоўка існуючага вадаправода з перакладкай 250 пагонных метраў, што дазволіць закальцаваць свідравіны паміж сабой. Такім чынам, усе жыхары аграгарадка будуць мець якасную пітную ваду.
Вялікая ўвага, падкрэсліў С. Кузьміч, у сельвыканкаме надаецца добраўпарадкаванню тэрыторый. Сярод зробленых спраў - выдаленне аварыйных дрэў, якіх за мінулы год было ліквідавана больш за сотню. Прыводзіцца ў належны стан паркавая зона, якая высвабаджана ад старых дрэў, а на іх месцы пасаджаны маладыя прысады. Толькі за мінулы год на тэрыторыі Лаздунскага сельсавета з'явілася больш за паўтысячы новых дрэўцаў. Добрую падтрымку ў гэтым накірунку аказаў мясцовы прадпрымальнік В. Жыдзель. Яго намаганнямі 350 туй сталі жывой агароджай на могілках.
-Там, дзе з'яўляецца пустая зона, напрыклад, пасля зносу старога жытла, - расказвае старшыня, - мы стараемся засадзіць дрэвамі. Такія міні-паркавыя зялёныя астраўкі патрэбны і для прывабнага выгляду, і для экалогіі.
Яшчэ адна важная праблема, якую спрабуе пакрысе вырашыць старшыня сельвыканкама, - замацаванне маладых спецыялістаў на сяле. Забеспячэнне жыллём - гэта адзін з галоўных момантаў. У мінулым годзе, напрыклад, калі Іўеўскім РУП ЖКГ быў выкананы капітальны рамонт трох кватэр жылога дома па вул. Кірава, было вырашана засяляць яго маладымі работнікамі. Тады большая верагоднасць, што яны, адпрацаваўшы тэрмін размеркавання, застануцца тут жыць і працаваць надалей.
Дарогі - тэма для гутаркі заўсёды актуальная. Кіраўнік мясцовай улады адзначае, што і тут намеціліся добрыя тэндэнцыі. За мінулы год на тэрыторыі сельсавета на асфальтабетонным пакрыцці было выканана 595 метраў ямачнага рамонту, быў выкананы частковы рамонт вуліцы ў в. Вікшняны. На бягучы год запланаваны рамонт аўтадарогі з пераўладкаваннем жалезабетонных трубаў па вуліцы Данільчыка ў аг. Лаздуны 1. Ёсць ў гэтай сферы і шмат дробных нявырашаных пытанняў, якія старшыня штодня будзіруе і спрабуе вырашыць. І, вядома, як і ва ўсіх справах, дойдзе да кропкі. Такія ў яго прынцыпы - не пасаваць перад цяжкасцямі.
Старшыня расказвае, што на працягу 2019 года ў населеных пунктах сельсавета праводзілася работа па ліквідацыі несанкцыянаваных звалак смецця, зносе пустуючых дамоў (знесена 7 дамоў), уцягванне ў гаспадарчы абарот зямель пасля іх зносу (0,95 га), выдаленні аварыйных дрэў, уладкаванні зоны адпачынку і рыбалкі на вадасховішчы ў аг.Лаздуны 1. У аграгарадку адноўлена 600 пагонных метраў жалезабетоннай агароджы.
Вядома, толькі гэтым наборам пералічаных пытанняў дзейнасць сельвыканкама не абмяжоўваецца. Існуе яшчэ шмат тых, якія тычацца забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці сельскіх населеных пунктаў. А гэта медыцына, гандаль, пажарная бяспека, асвятленне вуліц, добраўпарадкаванне могілак і многія іншыя. А асабістыя гаспадаркі… Вясковец жыве, пакуль штосьці робіць на зямлі. Старасць пазбаўляе яго сілы, але не знішчае сялянскую душу. І душа гэта патрабуе заараць зямлю на агародзе, а потым - пасадзіць і ўбраць бульбу. Абмалаціць стужку жыта, аўса або пшаніцы. І ўсе гэтыя шматлікія "патрэбна" кладуцца на плечы сельсавета. І найперш - на старшынскія…
Дакладна сказана: жыццё - гэта не сколькі, а як. Магчыма і сто гадоў пражыць, але так і не зразумець, чаму, для чаго табе дадзены гэтыя гады. Чым ты іх запоўніў, што пакінеш пасля сябе?
Да таго, як Станіслаў Іванавіч Кузьміч стаў старшынёй Лаздунскага сельвыканкама, доўгі час узначальваў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Гаворыць, што гэтыя две кіраўніцкія пасады ў нечым пераклікаюцца, а канкрэтна, і адна, і другая падразумявае ў сабе дапамогу людзям. У цяперашняй сітуацыі гэта дапамога больш рознабаковая. І тут трэба быць не толькі дзейсным, але і чалавечным. І ў кіраўніка Лаздунскага сельвыканкама гэта атрымоўваецца. Менавіта шчырасцю, сціпласцю і ўвагай да лёсаў людзей, душэўнай прастатой і бескарыслівасцю ён заваяваў сэрцы вяскоўцаў.
- Калі ты жывеш у гушчы народа, без усялякага лакавання бачыш яго быццё, якое сапраўды вызначае свядомасць, адчуваеш сваю неадрыўнасць ад людзей, - гаворыць суразмоўца. - І калі ты можаш хай і на самую дробязь зрабіць жыццё вяскоўцаў лепшым, то не шкадуй для гэтага ні сіл сваіх, ні сэрца.
Старонка гісторыі
У пачатку XVIII ст. Лаздуны перайшлі ў валоданне Ромэраў, пазней - Панорскіх. На 1735 год тут было 45 дамоў. У 1744 годзе ў Лаздунах збудавалі касцёл, які належаў да Суботніцкай парафіі.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Лаздуны апынуліся ў складзе Расійскай імпэрыі. Апошні ардынат Дамінік Геранім Радзівіл у 1806 годзе перадаў мястэчка Валадковічам. За Корвін-Мілеўскімі ў 1859 годзе ў Лаздунах нанава адбудавалі касцёл. У 1861 годзе тут адбыліся сялянскія выступленні.
Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у мястэчку Лаздуны быў 91 двор, працавалі хлебазапасны магазін, школа граматы; у аднайменным маёнтку з фальваркамі - 8 двароў, дзейнічалі касцёл, вінакурня, карчма. На 1909 год у Лаздунах было 122 двары. У Першую сусветную вайну мястэчка занялі нямецкія войскі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй устаўной граматай Лаздуны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыжскай мірнай дамовай 1921 года мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Лугамавіцкай гміне Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства. У гэты час у мястэчку было 156 двароў, у аднайменным фальварку - 14 двароў. У 1920-1930 гадах тут дзейнічала сельскагаспадарчая школа.
У 1939 годзе Лаздуны ўвайшлі ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года сталі цэнтрам сельсавета Юрацішкаўскага раёна. Статус мястэчка Лаздуны панізілі да вёскі. У колішнім маёнтку, Лаздунах, дзейнічалі сыраварня, школа, крама. У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 года вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 3 20 студзеня 1960 года Лаздуны ўваходзяць у склад Іўеўскага раёна.
Жыць самастойна - гэта выдатна!
Хто з нас у маладосці не марыў пра асобную кватэру? Каму не хацелася на першых парах свайго працоўнага шляху мець свой куточак, дзе можна было б самастойна весці хатнюю гаспадарку, уладкоўваць на свой густ памяшканні, выбіраючы мэблю і прыгожыя аксесуары? Мяркую, што кожнаму. А настаўніцы рускай мовы і літаратуры, маладому спецыялісту Бобравіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ганне Уладзіміраўне Чарняк гэта ўдалося. Якім чынам? Даволі проста. Дзякуючы намаганням мясцовай улады па замацаванні маладых спецыялістаў на сяле.
Калі жыллёва-камунальнай службай былі адрамантаваны тры кватэры дома ў аг. Лаздуны 1, паўстала пытанне: каму іх прадаставіць? У старшыні сельвыканкама Станіслава Іванавіча Кузьміча нават сумненняў не ўзнікла, што навасёламі кватэр стануць маладыя спецыялісты, якім патрэбна затрымацца на сяле.
Ганна Чарняк, перш чым атрымаць прыгожую, прасторную жылплошчу, змяніла тры здымныя кватэры. Спачатку гаспадары папрасілі яе выселіцца па прычыне таго, што будуць рабіць рамонт. Потым яна жыла ў невялікім пакоі, дзе гаспадыняй дома была бабуля. Затым перасялілася ў трэцюю кватэру. І вось нарэшце доўгачаканыя асобныя квадратныя метры!
- Калі я даведалася пра тое, што мне даюць арэндную кватэру, радасці не было мяжы, - расказвае малады спецыяліст. - Я тут жа пачала рыхтавацца да пераезду. Ведаеце, жыць самастойна - гэта так выдатна!
Жыллё Ганны Чарняк - гэта аднапакаёўка з усімі выгодамі, размешчаная ў некалькіх кроках ад школы. Гэтай абставіне дзяўчына таксама рада, таму што раніцай кожная хвіліна на рахунку. А для дзяўчыны - асабліва.
Не хаваючы радасці, Ганна расказвае пра свае квадратныя метры: "У мяне прасторны галоўны пакой, вялікая кухня, санвузел. І месячны кошт усяго гэтага мяне задавальняе. Галоўнае - асобна!".
Ганна Уладзіміраўна амаль два гады працуе ў Бобравіцкім дз/с-СШ. Сюды ўраджэнка Іўеўшчыны трапіла па накіраванні і ніколькі не шкадуе. Пры размеркаванні новаспечанаму настаўніку рускай мовы і літаратуры, выпускніцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы прапанавалі на выбар дзве школы - родную і ў аг. Лаздуны 1. Ганна, як зразумела, выбрала апошнюю. Вельмі хацелася самастойнасці. І сцвярджае, што не прагадала. У калектыве яе сустрэлі прыветліва, цёпла і шчыра. Спрактыкаваныя настаўнікі з задавальненнем дзеляцца з маладым спецыялістам сакрэтамі педагагічнага майстэрства, дапамагаюць у вырашэнні незнаёмых спраў.
А дзеці за гэтыя два гады, па словах Ганны, сталі для яе роднымі. Яна палюбіла кожнага ўсім сэрцам. Асабліва 9 класс, дзе з'яўляецца класным кіраўніком.
-У выбранай прафесіі я не расчаравалася, - распавядае дзяўчына. - З кожным днём я ўпэўніваюся, што выбрала справу па душы. А тут яшчэ і жыллём абзавялася. Так што планую затрымацца тут надоўга. А, магчыма, і на ўсё жыццё.
Будзем спадзявацца, што мары маладой настаўніцы абавязкова спраўдзяцца. І няхай на яе працоўным і жыццёвым шляху чакаюць толькі добрыя падзеі.
Гаспадыня кветкавага раю
Хтосьці прыгожа сказаў: "Кветкі - гэта рэшткі раю на зямлі". І меў рацыю. Наўрад ці можна прайсці, не заўважыўшы магічнае прыцягненне ружы, або высакароднасць чароўнай лілеі, ці мілавіднасць сціплай фіялкі і прызыўнасць шыкоўных макаў… Без усякіх сумненняў, кветкі не толькі застаўляюць бачыць прыгожае, але і наталяюць душу высокім і тонкім адчуваннем свету. Няхай і ў вас, шаноўныя чытачы, пасля гэтай публікацыі ўзнікне жаданне стварыць свой уласны райскі куток.
Для кветкаводаў-аматараў вясновыя і летнія месяцы - самая гарачая пара. Толькі паспявай шчыраваць на сваіх прысядзібных участках. Сеяць, высаджваць, падкормліваць, паліваць - гэта толькі невялікі пералік працэсаў вырошчвання, якія прыходзіцца выконваць амаль штодзённа . А ёсць яшчэ капрызлівыя расліны, патрабуючыя да сябе павышанай увагі. З імі у кожнай гаспадыні асаблівая "размова". А можа і сапраўдная размова без двухкосся? Аднак пройдзе невялікі адрэзак часу і гэтыя "капрызулі" аддзячаць за шчодры клопат прыгожымі суквеццямі і яркімі фарбамі.
За прыемнымі клопатамі па доглядзе за кветкавай гаспадаркай карэспандэнты раёнкі засталі жыхарку аг. Лаздуны 1 Тамару Аляксандраўну Сміян, ветэрана педагагічнай працы, былога дырэктара Бобравіцкай школы, якая ўжо дваццаць шэсць гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Пад шыкоўным кустом рададэндрану вальяжна разваліўся вялізны рыжы кот. У метрах пяці сталаваліся вераб'і...
Назіранне за ўсёй гэтай ідылі-яй прывяло мяне да разумення важкасці простых рэчаў, таго звычайнага, будзённага, што мы з-за хуткасці часу не заўважаем, на што не звяртаем увагі, а таму і не атрымоўваем той порцыі асалоды і задавальнення, якая, магчыма, дапаможа падняць настрой, прывесці ў парадак думкі, настроіць на добры лад. Мае меркаванні пацвердзіла і сама гаспадыня незвычайнай сядзібы сваімі разважаннямі і навакольнай прыгажосцю.
Аказалася, вялікая любоў да кветак, да прыроды, да ўсяго жывога ў Тамары Аляксандраўны на генетычным узроўні, ад далёкіх продкаў. Яна, ураджэнка даваеннага Ленінграда, якая мае ў сабе фінска-балгарскія карані, аказалася ў Беларусі ў шасцігадовым узросце ў маі 1941 года, калі да пачатку Вялікай Айчыннай вайны заставалася крыху больш чым месяц.
На Гомельшчыне, дзе жылі яе бабуля з дзядулем, прывезлі хворага бацьку, якога неўзабаве не стала. І для невялікай дзяўчынкі пачалося дарослае жыццё. Тамара Аляксандраўна ўспамінае, як прыходзілася галадаць, як у школе, якая час ад часу папаўнялася эвакуіраванымі дзецьмі, дзяліліся бульбай у мундзірах і акрайцамі хлеба. З той пары, гаворыць, не можа глядзець у галодныя вочы, нават жывёл. Таму да жанчыны прыходзяць харчавацца дзевяць катоў (!), якія па тых ці іншых прычынах аказаліся непатрэбныя гаспадарам. У кагосьці нацешыліся дзеці і жывёліна стала ім не патрэбна, хтосьці не лічыць патрэбным даглядаць хатняга гадаванца. А Тамара Аляксандраўна нікога не асуджае, а проста ідзе ў краму, купляе корм і гатуе сваім пастаяльцам абед: напрыклад, сёння ў меню макароны з мясам.
Птушкі - таксама асобная тэма. Яны прывыклі, што ў двары жанчыны ім заўсёды рады. Проса і вараная грэчка асабліва хутка расходзяцца сярод пярнатых. А вось рыс чамусьці прыйшоўся ім не даспадобы…
Асаблівае захапленне Тамары Аляксандраўны, як гаварылася вышэй, кветкі. У яе кветніку іх столькі, што запомніць і запісаць у блакнот усе назвы проста нерэальна. Некаторыя, між іншым, “прыехалі” да нашай гераіні з экзатычных краін. І, нягледзячы на кліматычныя асаблівасці, цудоўна тут адчуваюць сябе. Чаму? Мяркую, што гэта вялікая заслуга іх гаспадыні. Таму што, мне здаецца, не толькі штодзённы клопат патрэбен кветкам, а нешта большае, якое словамі не апісаць. Магія? Чараўніцтва?
Вось як тады растлумачыць той факт, што на клумбе Тамары Аляксандраўны растуць азаліі, прывезеныя сынам з Тайланда? І не то што растуць, а цвітуць, радуючы вока сваёй неверагоднай афарбоўкай. Што тут, з асаблівымі прыроднымі ўмовамі апошніх гадоў, выдатна сябе адчувае магнолія з маскоўскай аранжэрэі, ці кітайская дэкаратыўная яблыня?
Тамара Аляксандраўна ўсмі-хаецца, запэўнівае, што ніякага асаблівага сакрэту не існуе.
- Я пра іх клапачуся, - гаворыць жанчына, - і яны адказваюць мне тым жа: растуць, цвітуць, прыносяць радасць і задавальненне.
Больш трыццаці кустоў чайна-гібрыдных ружаў, рададэндраны, клематысы, лілеі, ірысы, цюльпаны, вяргіні, петуніі, кусты гартэнзіі самай незвычайнай афарбоўкі, белая іва, горная сасна, самшыты, туі, жымаласць, дзявочы вінаград - гэта толькі сціплы спіс таго, што расце на невялікім прысядзібным участку жанчыны.
Вядома, увагу прыцягвае альпійская горка, якой налюбавацца немагчыма. Якіх тут толькі прыгажуноў не сустрэнеш?! Не паспеў адзін від адцвісці - другі на падыходзе. З кожнага боку - розны выгляд і розныя асацыяцыі. У гэтым уся прыцягальнасць такога ўладкаванне ландшафтнага дызайну.
У свае 86 Тамара Аляксандраўна выдатна спраўляецца з кветкавай гаспадаркай. Эмацыянальна распавядае пра бачанне свайго ўчастка ў летнюю пару, калі нарэшце ўсталюецца добрае надвор'е і ўсіх яе любімцаў магчыма будзе перасадзіць у адкрыты грунт. Але пакуль непагадзь не дае, як кажуць, развярнуцца па поўнай і дастаўляе дадатковы клопат кветкаводу. Аднак наша гераіня не траціць аптымізму. Прычым, у любой жыццёвай сітуацыі. Гэтаму яе навучыла нялёгкае, але такое цікавае і насычанае падзеямі жыццё. Яго ўрокі дапамагаюць і цяпер спраўляцца з узнікаючымі цяжкасцямі, распраўляцца адным махам з нягодамі і хваробамі.
Жыццёвых сіл педагогу з вялікім стажам надаюць сын, дачка і ўнук, якія атрымалі прэстыжныя прафесіі і жывуць у Маскве і Мінску. А яшчэ - удзячныя вучні, якія ў мінулым годзе з усіх куткоў Беларусі прыехалі павіншаваць сваю любімую настаўніцу з 85-гадовым юбілеем. І, вядома, любоў да прыроды, без якой жыццё не было б такім прыгожым, яркім і пачуццёвым.
Апошні з доневічан, або
вымушаная самаізаляцыя
Апошнім часам толькі і размаўляем пра каронавірус і яго наступствы. Разважаем, як гэта быць на каранціне, у чатырох сценах, без сяброў і знаёмых, без выхаду ў свет. Гэты няпросты перыяд часу перажывалі многія краіны свету, яны сталі сапраўдным выпрабаваннем для многіх іх жыхароў. Наконт гэтага з'яві-лася і шмат жартаў. Чамусьці гэты (жарт) мне прыйшоў у памяць перад напісаннем матэрыялу: “Пражываючая ў тайзе 75 гадоў Агаф'я Лыкава, прасіла перадаць, что самаізаляцыя - гэта толькі першыя пару гадоў цяжка, а затым прывыкаеш".
81-гадовы жыхар в. Доневічы Лаздунскага сельсавета Вацлаў Іванавіч Сапоцка, можна з упэўненасцю сказаць, знаходзіцца на самаізаляцыі. І гэта мера не прымусовая, а вымушаная. Так здарылася, што ў вёсцы ён адзіны жыхар, а таму перажыванняў, якіх цяпер у нас нямала наконт інфіцыравання каронавірусам, у яго мінімум.
- Раней у нашай вёсцы жыццё гуло і кіпела, - дзеліцца сваімі ўспамінамі з карэспандэнтамі раёнкі мужчына. - Уявіце сабе: 25 хатаў і ў кожнай па 5-7, а то і больш чалавек. А з цягам часу моладзь падалася ў горад ці перспектыўныя вёскі. Заставаліся толькі старыя. І вось я цяпер адзін. Жонкі не стала 13 гадоў назад.
На сваю адзіноту Вацлаў Іванавіч не скардзіцца. Сцвярджае, што прывык жыць адзін. Ды і калі тут сумаваць? Маючы хатнюю гаспадарку, часу на нейкі там сум не бывае наогул. Раніца пачынаецца з клопату пра жывёл, імі і заканчваецца дзень. А вясной ці ўлетку да гэтых спраў дадаюцца іншыя - агародніцтва, нарыхтоўка кармоў для жывёлы на зіму і іншае.
- Бачыце, як прыгожа навокал, - заўважае суразмоўца. - Прасынаешся раніцай пад спеў шматлікіх птушак, а калыханку спяваюць салаўі, - расказвае пра выгоды жыцця на прыродзе Вацлаў Іванавіч.
На плоце адзінага гаспадара жылога дома Доневіч красуецца расклад прыезду аўталаўкі Навагрудскага райспажыўтаварыства. Яна пад'язджае пад сядзібу мужчыны двойчы ў тыдзень. І, па яго словах, набыць тут магчыма ўсё, што душа пажадае. А калі ёсць жаданне "выйсці ў свет", Вацлаў Іванавіч запрагае каня і едзе ў Лаздуны. Гэты надзейны транспартны сродак не патрабуе ніякіх асаблівых затрат. Галоўнае, карміць і добра даглядаць.
Па двары доневіцкага Рабінзона шнуруюць куры, не перастае "наводзіць страх" на незнаёмцаў невялікі сабака. Вось і ўсе пастаянныя жыхары вёскі. Летам у некаторыя дамы прыязджаюць дачнікі, тады вёска крыху ажывае. А ў астатнім - толькі спевамі птушак і поўніцца. І ў гэтым свой непаўторны каларыт.
Вацлаў Іванавіч сорак гадоў працаваў трактарыстам ў мясцовым калгасе. Разам з жонкай выгадавалі чацвёра дзяцей - двое сыноў і дзве дачкі. Як вынік - шасцёра ўнукаў і адна праўнучка. Сыны ўладкаваліся ў Вільнюсе і Маскве, дочкі жывуць на Іўеўшчыне.
Яшчэ да аб'яўлення каранціну паспеў з'ездзіць да сына ў Маскву, расказвае суразмоўца. І вельмі гэтым задаволены. Улічваючы сённяшнюю эпідэміялагічную сітуацыю і часовае закрыццё мяжы, радуецца, што паспеў убачыцца са сваімі роднымі.
Старшыня Лаздунскага сельсавета Станіслаў Іванавіч Кузьміч са шкадаваннем адзначае, што маленькія вёскі паступова выміраюць. І гэты працэс не спыніць. Ён заканамерны. Гэта абаснавана, што людзі хочуць жыць у населеных пунктах, дзе ёсць усе умовы для нармальнай жыццядзейнасці, з развітай інфраструктурай. Толькі на гэтай адміністрацыйнай тэрыторыі дажываюць свой век Доневічы, Бабінск, Забялаўцы, Куправічы.
… Жыццё яно такое: камусьці і ў шыкоўным палацы цесна і млосна, а хтосьці задавольваецца малым. Напрыклад, як апошні жыхар в. Доневічы - спявалі б часцей салаўі.
-
Прыватная справа Пакуль некаторыя мараць, яны бяруць і робяць
У бягучым годзе споўнілася дваццаць гадоў з таго часу як сям'я прадпрымальнікаў з Юрацішак - Вацлава і Аляўціны Байса - у аг. Лаздуны 1 распачалі свой бізнес, а дакладней, адкрылі першую краму. Развіваць гандаль у сельскай мясцовасці - гэта вялікая праца, якая патрабуе асаблівай адказнасці і адмысловага ўмення кантактаваць з людзьмі. Адным словам, патрэбна ўсім сэрцам любіць гэтую справу, інакш доўга на плаву не ўтрымацца. Таму што тут, у вёсцы, пакупніка трэба заваёўваць не толькі вялікім асартыментам тавараў, але і адкрытасцю, шчырасцю, індывідуальным падыходам да кожнага, калі хочаце. У гэтым галоўны поспех сельскага гандлю, упэўнена Аляўціна Міхайлаўна. А яшчэ - у прафесіяналізме прадаўцоў, на якіх ў прыватным гандлёвым унітарным прадпрыемстве "Байса і К" шанцуе. Узяць да прыкладу Галіну Феліксаўну Мікша. Яна, па словах гаспадыні крамы, сапраўдны майстар сваёй справы. Ведае людзей, умее прапанаваць тавар, загадзя праінфармуе аб прывозе новай партыі. З такімі прадаўцамі і гандаль ідзе на лад.
У аг. Лаздуны 1 сямейны падрад бізнесменаў з Юрацішак трымае дзве крамы. Першая і галоўная - "Пралеска"- працуе, як гаварылася вышэй, дваццаць гадоў. Калісьці гэта была звычайная вясковая хата, якая была адрамантавана і пераабсталявана пад краму. Прадукты харчавання і прамысловая група тавараў для паўсядзённага выкарыстання складаюць яе асартымент. А другая, размешчаная на арэнднай плошчы, на месцы былога комплексна-прыёмнага пункта, займаецца рэалізацыяй рытуальных тавараў, а таксама тавараў шырокага выкарыстання. Гады чатыры назад, калі бытоўкі на сяле зачыніліся, расказвае Аляўціна Байса, прадпрымальнікам прапанавалі ўзяць на сябе гэтую нішу паслуг. Было і цікава, і няпроста займацца новым відам дзейнасці.
- Я вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай справе, - расказвае жанчына. - Збірала заказы на рамонт абутку, хімчыстку адзення, вазіла ў Іўе і Ліду, запрашала выязную цырульню. Гэта справа сябе не апраўдвала, даходу ад яе ні было аніякага, хутчэй - страты. Аднак не ў маім характары спыняцца на паўшляху. Яшчэ некалькі гадоў я цягнула гэтую лямку на сабе, а нядаўна вырашыла, што застануцца тыя віды дзейнасці, якія маюць права на існаванне. У асноўным - гэта рознічны гандаль.
Новыя ўмовы жыццядзейнасці, якія вызвала пандэмія, адгукнулі-ся і на развіцці прыватнага бізнесу. А. Байса заўважае, калі яшчэ прадукты харчавання і карыстаюцца попытам, то прамысловая група тавараў прадаецца з немалымі цяжкасцямі.
- Цяпер людзі, мне здаецца, сталі больш асцярожнымі, больш уважлівымі да пакупак, да траты сямейнага бюджэту, - разважае жанчына. - І гэта зразумела. Пагэтаму і нам, прадпрымальнікам, трэба на нейкі час, да паляпшэння сітуацыі, дзесьці падціснуцца, каб потым не аказацца каля разбітага карыта.
Тры месяцы назад Аляўціна Міхайлаўна ўпершыню сама стала за прылавак крамы. Так здарылася, што звольнілася адна з работніц магазіна "Гасцінец", які размешчаны на станцыі Юрацішкі. І гаспадыні крамы нічога не заставалася, як пайсці самой на яе месца.
-Вы ведаеце, мне гэта так прыйшлося даспадобы, такога ашаламляльнага эфекту я не чакала, - расказвае А. Байса. - Людзі вясковыя прыходзяць не толькі за пакупкамі ў краму, яны хочуць пагутарыць, падзяліцца набалелым, расказаць пра свае радасці. А мы павінны выслухаць, даць параду, калі патрэбна. Інакш у вёсцы немагчыма.
Ад сваёй асноўнай дзейнасці ў сувязі з "новым месцам працы" Аляўціна Міхайлаўна не вызвалілася. Яна па-ранейшаму займаецца маркетынгам гандлёвых кропак, што патрабуе немалых намаганняў. А самыя важныя абавязкі ў галавы бізнесу - Вацлава Вацлававіча. На яго плячах арганізатарскія функцыі, гаспадарчыя і будаўнічыя клопаты.
Сям'я Байса пачынала сваю справу, як кажуць, з нуля. Чым толькі на першых парах яны ні займаліся, успамінае Аляўціна Міхайлаўна. І агародніцтвам, і закупкай ягад і грыбоў, і многім іншым, пакуль не наладзілі сваё гандлёвае прадпрыемства.
- У прыватнага бізнесмена не бывае выхадных і вольных гадзін, - распавядае субяседніца. - Таму што дзень, другі замарудзіўся - і ўсё: нешта страціў, і нагнаць гэта немагчыма.
Яшчэ адна важная якасць ёсць у гэтай дзелавой пары - яны умеюць рызыкаваць. Пакуль некаторыя мараць, яны бяруць і робяць. А потым аказалася, трапілі ў яблычак.
Прадпрымальніцкая жылка перадалася па спадчыне і старэйшаму сыну Антону, які займаецца ў сталіцы бізнесам, звязаным з таксі. Сярэдні сын Арсеній атрымоўвае прафесію праграміста-лагіста, якая таксама мае адносіны да бізнесу. А малодшы Яраслаў - пакуль школьнік, і не выключана, што пойдзе па слядах бацькоў.
Бо добры прыклад - ён жа заразлівы.
Рэгіён наведалі І. БУТУРЛЯ і С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).