Выпускники из Турца удостоились титула «Коронный выпуск», а ребята из Мира – собственного созвездия. 21.by

Выпускники из Турца удостоились титула «Коронный выпуск», а ребята из Мира – собственного созвездия

11.06.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

10 чэрвеня выпускнікі Карэліччыны атрымалі атэстаты ў ясны летні дзень. Гледзячы на прыгожых, разумных і таленавітых юнакоў і дзяўчат, кожнаму з нас верыцца, што наперадзе іх чакае такая ж сонечная будучыня і светлы жыццёвы шлях, поўны прамяністых падзей.


З цёплымі віншаваннымі і падарункамі завітала да выпускнікоў Турэцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа і сярэдняй школы г.п. Мір начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч:

– Сёлета на Карэліччыне выпускаецца 164 дзевяцікласніка, з якіх 7 атрымоўваюць пасведчанне з адзнакай. Таксама ў дарослае жыццё школы раёна адпраўляюць 80 адзінаццацікласнікаў, з іх 10 залатых медалістаў. Між тым, упершыню ўручэнне атэстатаў праходзіць у такім новым для ўсіх нас фармаце. Але гэта не змяняе сутнасць падзеі. Сёння вы, выпускнікі, завяршаеце школьны этап жыцця і ўступаеце ў новы свет. У гэтых сценах застаюцца такія доўгія, як вам часам здавалася, урокі і кароткія перапынкі, конкурсы і віктарыны, прыгоды і адкрыцці, першыя пачуцці і экзамены, а вы ўпэўненым крокам накіроўваецеся ў будучыню. На вашай дарозе будзе шмат радасцяў і перамог, але сустрэнецеся вы і з выклікамі. Галоўнае, не губляйце сябе, у складаную гадзіну не апускайце рукі і імкніцеся знайсці сваё месца ў жыцці і тую справу, якая зробіць вас шчаслівымі. У добры шлях, выпуск-2020!



Сапраўды, хоць фармат выпускных быў нязвыклы, затое настрой панаваў ва ўсіх прысутных – педагогаў, дзяцей і бацькоў – цудоўны. Так, у Турэцкім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа сваім 7 выпускнікам падарылі сапраўдную казку і, апроч таго, актуальныя ў сённяшніх рэаліях цішоткі з жартаўлівым надпісам “КОРОНный выпуск”. Юнакі і дзяўчаты ў адказ парадавалі педагогаў і бацькоў лірыкай, паэзіяй, відэаролікамі і школьным вальсам. І нават афіцыйная цырымонія ўручэння атэстатаў не абышлася без да слёз кранальных момантаў, калі бацькі віншавалі сваіх сыноў і дачок букетамі руж, жадаючы ім квітнеючай будучыні.












Дарэчы, сёлета ў школе ў Турцы адразу две выпускніцы – Паліна Чачотка і Дзіяна Грышукевіч – сталі залатымі медалісткамі. Таксама Ірына Асташэвіч уручыла ім прэміі ад райвыканкама, а бацькам выдатніц – падзячныя пісьмы ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. На гэтым падарункі не скончыліся. Паліну Чачотку адзначылі прэміяй ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. А дырэктар Турэцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Ганна Шугала ад установы ўзнагародзіла выпускнікоў за дасягненні ў вучобе, грамадскім жыцці і спорце пахвальнымі лістамі. Распавяла яна і пра тое, якім выдаўся гэты навучальны год:

– Вядома, усім нам давялося апошнім часам сутыкнуцца з шэрагам пытанняў у сувязі з пандэміяй. Але галоўнае – мы, дружнай школьнай сям’ёй, з усім справіліся. Таму не будзем гаварыць пра складанасці гэтага навучальнага года, а лепш узгадаем поспехі нашай школы. Так, мы атрымалі 6 прызавых месцаў у раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, з іх 2 першых. Сталі лепшымі ў раёне па алімпіядзе па фінансавай граматнасці, другімі – у аглядзе-конкурсе “Абаронца Айчыны” і конкурсе “Я бы ў выратавальнікі пайшоў”. Адразу 3 дыпломы прынёс нам раённы этап рэспубліканскага конкурса “Жывая класіка”.





Калі з дырэктарам установы мы гаварылі пра мінулыя поспехі, то з выпускніцай Ганнай Дзялёвай пра будучыя:

– Зусім хутка пачнецца пара студэнцтва. Гэта час, калі закладваецца падмурак маёй прафесіі. Таму бліжэйшыя планы – старанна вучыцца, добра здаваць сесіі, набываць новыя карысныя веды, каб на працу выйсці граматным маладым спецыялістам. Менавіта такой годнай і самадастатковай асобай я бы хацела стаць праз 5 гадоў. Тым больш, я планую звязаць свой прафесійны лёс з эканомікай, а гэта сур’ёзная галіна, якая патрабуе ад чалавека высокай кваліфікацыі. Яшчэ праз 10 гадоў я бачу сябе спецыялістам, які ўсё можа, умее і паспяхова рэалізуе маштабныя задачы ў жыццё. Вядома, у планах на будучыню – сям’я, дом і падарожжы, бо вельмі хочацца наведаць Іспанію, Партугалію, ЗША і максімум цёплых краінаў, дзе ёсць мора-акіян. Наконт першай зарплаты ў самастойным жыцці, усё проста – куплю шыкоўны букет кветак для матулі за тое, што столькі любові і сіл уклала ў мяне.

У сярэдняй школе г.п. Мір нас сустрэлі не выпускнікі, а 6 юных зорак, гатовыя сваімі ведамі і талентамі ўславіць карэліцкі край. Менавіта касмічная тэматыка стала тут лейтматывам цырымоніі ўручэння атэстатаў. Выпускнікі нават выстраіліся ў сузор’е, дзе ў кожнага была свая імянная зорка.


Першым віншаванне з залатым медалём і прэмію ад райвыканкама прымаў ад Ірыны Асташэвіч Уладзімір Бойка, а яго бацькі – падзячнае пісьмо ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Самыя маленькія вучні школы таксама завіталі да выпускнікоў з падарункамі – паэтычнымі пажаданнямі і памятнымі сувенірамі. А самі галоўныя героі ўрачыстасці заклалі новую традыцыю і высадзілі ля роднай школы ружы. Таксама дырэктар установы Таццяна Шаплыка ўручыла юнакам і дзяўчатам як прадстаўнікам класа педагагічнага напрамку запрашэнні ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.











Дарэчы, адразу дзве выпускніцы ўзялі мэтавыя накіраванні ад раёна на паступленне ў Мінск якраз на педагагічныя спецыяльнасці. Яна Скурат хоча стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, а Аліна Каральчук – рускай. Падзяліліся дзяўчаты і іншымі свамі планамі.

– Мне студэнцкае жыццё ўяўляецца багатым на самыя розныя падзеі. І гэта тычыцца не толькі вучобы, бо, безумоўна, хочацца добрых адзнак і ладнай залікоўкі. Я планую працягнуць займацца спортам, весці актыўны лад жыцця. І, у цэлым, адкрыць нейкія новыя грані сваёй асобы, – з запалам расказала Яна. – Праз 5 гадоў я ўжо буду з любімай прафесіяй і гатовай спраўляцца са шматлікімі задачамі. Прычым, пачаць прафесійнае жыццё мне хочацца з утульнага маленькага пасёлка ці горада, а лепш за ўсё з роднага Міра. Калі пытаецеся пра першы заробак, то частку адкладу на мары, а на астатнія грошы куплю падарункаў для блізкіх. Праз 10 гадоў пасля школы павінна ўжо быць усё ладна і з кар’ерай, і з уласнай сям’ёй, і з самарэалізацыяй. Мару вяртацца натхнёная з лепшай у свеце працы ў прыгожы вялікі дом у абдымкі да любімых людзей. А яшчэ мне вельмі важна стаць апорай і радасцю для сваіх бацькоў.

Аліна больш жыве сённяшнім днём, але таксама згаджаецца паразважаць пра сваю будучыню:

Мы толькі атрымалі атэстаты, і па сутнасці яшчэ адчуваем сябе школьнікамі. І адначасова з радасным нецярпеннем чакаем пачатку студэнцкага жыцця. Нашы бацькі расказваюць пра гэтую пару адно, старэйшыя сябры – іншае, але ў кожнага з нас будзе свой адмысловы вопыт. Дзесьці давядзецца цяжка, прыйдзецца станавіцца больш самастойнымі і разлічваць на свае сілы. Але педагогі і бацькі так шмат заклалі ў нас, што студэнцтва запомніцца нам як светлы, вясёлы і яркі перыяд жыцця. А праз 5 гадоў багаж маіх ведаў значна папоўніцца, і я смела ўвайду ў прафесію, спадзяюся, у Міры. Таксама мне вельмі важна стаць сапраўдным чалавекам, які робіць усё для таго, каб расці і развівацца. Тым больш, я буду настаўнікам, а гэта значыць прыкладам для сваіх вучняў, як і мае сённяшнія шаноўныя педагогі. Наконт першай зарплаты, шчыра кажучы, не задумвалася. Хай гэтыя грошы пойдуць на якую-небудзь добрую справу. Далей праз 10 гадоў мару, каб вакол панавала хараство і гармонія: на працы, у сям’і і ў доме.


Якраз такімі любімымі вучнямі з адкрытымі сэрцамі і светлымі думкамі запомніўся гэты навучальны год і дырэктару сярэдняй школы г.п. Мір Таццяне Шаплыка, а яшчэ шэрагам падзей:

– Пра нашы дасягненні можна казаць доўга. Напрыклад, мы сталі пераможцамі конкурса буктрэйлераў “Кніга з экрана”, прэзентавалі сваю музейную дзейнасць на Першым Рэспубліканскім краязнаўчым форуме, правялі на базе ўстановы Рэспубліканскі семінар-практыкум для педагогаў. Нашы дзеці вярнуліся з абласнога этапа квэст-гульні “Па слядах Перамогі…” з трэцім месцам, а на абласных конкурсах і фестывалях прадстаўнікі педагагічных класаў былі адзначаны як адны з самых красамоўных аратараў і яркіх ілюстратараў сценгазет. Яшчэ адна абласная ўзнагарода – Дыплом ІІІ ступені – за даследчую працу на канферэнцыі “Крыштальная Альфа”. Ганарымся мы і сваім праектам “Азбука культур нацыянальнасцей на тэрыторыі Мірскага сельскага савета”. Увогуле, увесь гэты год мы па традыцыі актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах не толькі раённага і абласнога ўзроўняў, але рэспубліканскага і міжнароднага. А, між тым, ёсць ужо ідэі і чарнавікі праектаў на новы навучальны год.


Нам, у сваю чаргу, застаецца пажадаць, каб усе планы і мары педагогаў, выпускнікоў і іх бацькоў рэалізаваліся, і мы яшчэ не раз пачулі толькі добрыя навіны пра кожнага з іх.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
10 чэрвеня выпускнікі Карэліччыны атрымалі атэстаты ў ясны летні дзень. Гледзячы на прыгожых, разумных і таленавітых юнакоў і дзяўчат, кожнаму
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика