З чым у кожнага з нас асацыюецца лета? Напэўна, з гарачым надвор’ем, рэчкай, канікуламі ці водпускам і, вядома, дзіцячым лагерам. Вось і для адзінаццаці вучняў ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы” бягучы тыдзень стаў пачаткам новага і насычанага летняга жыцця.
На ўрачыстым адкрыцці школьнага лагера з дзённым знаходжаннем, які сёлета атрымаў назву “Вясёлка”, прысутнічалі не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі з першага па пяты клас, але і ганаровыя госці. Так, павіншаваць дзяцей з заканчэннем школы і пачаткам доўгачаканых канікул прыйшлі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан і начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч. Прадстаўнікі ўлады не толькі заклікалі малечу да актыўнага адпачынку, але і нагадалі аб тым, што нельга забываць пра бяспеку, якая залежыць ад кожнага з нас. Прыемным сюрпрызам для атрада “Праменьчыкі” сталі новыя мячы, уручаныя прадстаўнікамі раённай вертыкалі.
Як расказала дырэктар лагера Кацярына Варанко, у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай у краіне дзеля дзіцячай бяспекі ў лагеры ўсталяваны закрыты рэжым. Акрамя гэтага, ложкі ў спальні размешчаны на адлегласці ў паўтара метра адзін ад аднаго; тое ж самае і ў сталовай: там дзеці таксама захоўваюць сацыяльную дыстанцыю.
– Кожная раніца ў лагеры пачынаецца з таго, што медсястра вымярае тэмпературу ўсім выхаванцам, – тлумачыць дырэктар. – Да таго ж, каб пазбегнуць заражэння, да адкрыцця лагера кожны з дзетак прынёс медыцынскую даведку ад педыятра, якая пацвярджае адсутнасць інфекцыі. Такія ж самыя даведкі, дарэчы, маюць і выхавальнікі, якія захоўваюць абавязковы масачны рэжым.
На працягу трох тыдняў хлопчыкаў і дзяўчат чакаюць не толькі гульні на свежым паветры, цікавыя віктарыны і эстафеты, але і збалансаванае трохразовае харчаванне. Так, у рацыёне пераважаюць гародніна і садавіна, абавязковым пунктам ідуць вітаміны.
А што пра такі адпачынак думаюць самі дзеці?
Мілана МАНКЕВІЧ,
вучаніца 4 класа:
– У лагеры я ўжо трэці год і, шчыра кажучы, мне яшчэ ніколі не было тут сумна. Мы штодня гуляем, малюем і смачна харчуемся (усміхаецца). Напрыклад, мне больш за ўсё падабаецца курыная катлета, але часам нас частуюць і салодкім: учора гэты быў мармелад. Нягледзячы на тое, што я спачатку не ведала некаторых дзяцей, зараз магу ўпэўнена сказаць, што сябрую з кожным. Да таго ж мяне абралі камандзірам атрада, таму трэба шукаць падыход да кожнага.
Аляксандра БАРАНЧЫК,
вучаніца 2 класа:
– У школьным лагеры я ўпершыню і нават ужо паспела знайсці сабе лепшых сябровак… Вядома, тут лепш, чым дома: ёсць з кім пагуляць, пагутарыць і ўвогуле весела правесці канікулы. Яшчэ мне падабаецца, што мы гуляем у настольны футбол і часта бываем на свежым паветры. Да таго ж нас вельмі смачна кормяць. У мяне, напрыклад, вялікую радасць выклікаюць салаты з гародніны, якія часам тут смачней, чым дома (усміхаецца).
Маргарыта ШЭЎКА,
вучаніца 2 класа:
– Лагер – гэта цудоўная магчымасць пазнаёміцца з новымі сябрамі, што я і зрабіла. Мы не сварымся, часта гуляем і нават дзелімся адна з адной уласнымі цацкамі – усё, як у сапраўдных сябровак. Увогуле, у лагер я іду з задавальннем, бо тут заўсёды цікава. Што тычыцца ежы, то я больш за ўсё люблю амлет і салат “Аліўе”, якім, дарэчы, нас частавалі сёння. Яшчэ хочацца, каб нам давалі малочны суп з грэчкай… Я нават сказала аб гэтым сваёй выхавальніцы і яна паабяцала, што ўсё будзе (усміхаецца).
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара