Доўгачаканае лета для дашкалят традыцыйна пачынаецца з Дня аховы дзяцей. Ва ўстанове адукацыі “Азярыцкаслабадскі дзіцячы сад” у гэты дзень з раніцы гучала музыка, святочная зала сустракала мноствам кветак, паветраных шароў, выставамі дзіцячых работ. На арганізаваным свяце выхаванцы чыталі вершы пра сяброўства, вясёлку, сонейка, спявалі песні і гулялі ў цікавыя гульні. Калі выйшлі на прагулку, малявалі на асфальце мары пра лета, адпачынак і радзіму.

Калектыў дзіцячага садка падрыхтаваўся да летняга аздараўленчага перыяду: праверана ўсё гульнявое і спартыўнае абсталяванне на прадмет бяспекі, адноўлена экалагічная сцяжынка, распрацаваны новы маршрут прагулкі-пахода да Кургана Славы з мэтай наведвання выставы ваеннай тэхнікі, дапоўніліся картатэкі гульняў, з’явіліся цікавыя рэчы для творчай дзейнасці на свежым паветры, набыты ёмістасці для гульняў з вадой.

Асабліва хочацца адзначыць выставу дыдактычных гульняў. Гэта было сапраўднае свята метадычных аўтарскіх распрацовак. Выхавацель дашкольнай адукацыі А.М. Бараноўская прапанавала “Чароўную скрынку” з удзелам сучасных казачных персанажаў — Машы і Мядзведзя. Цікавай патрыятычнай гульнёй-вандроўкай па мясцінах баявой славы нашых землякоў зацікавіла Н.Р. Чыркун. Здзівілі гульні на экалагічную тэматыку С.К. Навіцкай і В.М. Еўдакіменка. Дыдактычная гульня “Матэматычныя вечкі” Ю.У. Лыка адпавядала ўзросту старэйшых выхаванцаў, мела шмат складаных заданняў. Сапраўдную капілку метадычнай дыдактыкі прапанавалі педагогі Л.А. Савіцкая і В.В. Макейчык. Гэта і “Знайдзі пару”, “Мазаічны серпантын”, “Адбяры лішняе”, “Крэсцікі-нолікі” і інш.

Можна смела сказаць, што іх рукі ніколі не ведаюць стомы. Менавіта таму дыдактычная гульня Л.А. Савіцкай “Дзіўны дыванок” была накіравана на раённы этап пятага абласнога фестываля-конкурса “Дзіўня свет дзяцінства”.

Цікавы падыход кіраўніка фізічнага выхавання Т.І. Прадзед да гульні “Пазнай па рухам” з мноствам фізкультурных практыкаванняў, якія напраўлены на фізічнае і эмацыянальнае здароўе дзяцей, пакінуў самыя цёплыя ўражанні ў удзельнікаў выставы.

А самае галоўнае, што ўсё метадычнае багацце будзе цешыць і развіваць нашых выхаванцаў на пряцягу ўсяго лета. Няхай жа летнія дзянёчкі будуць здаровымі і шчаслівымі для нашых дзетак, іх бацькоў і ўсяго калектыва!

А.М. ГАРАДЗЕЦКАЯ, загадчык ДУА “Азярыцкаслабадскі дзіцячы сад”.