28 чэрвеня – 76 год вызвалення Кіраўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 21.by

28 чэрвеня – 76 год вызвалення Кіраўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

28.06.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тэрыторыя Кіраўскага раёна была вызвалена ў выніку правядзення Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” войскамі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў.

24 чэрвеня 1944 года пачаўся разгром бабруйскай групоўкі ворага. За 6 дзён наступлення была прарвана абарона праціўніка на глыбіню да 100 – 150 кіламетраў. Савецкія воіны вызвалілі вёскі Асаўнік, Барчыцы, Глыбокавічы, Капусціна, але на подступах да шашы Магілёў – Бабруйск перад імі аказалася моцная танкавая заслона. Завязаўся бой. Танкавы батальён Героя Савецкага Саюза Шаўцова зайшоў з паўночнага флангу, а батальён капітана Бураўцова – з поўдня, і ў кароткай схватцы на адкрытым полі паміж вёскамі Капусціна і Старцы варожая дывізія была разбіта. Савецкіх танкістаў падтрымлівала авіяцыя, якая каля гадзіны наносіла бомбавыя ўдары, у тым ліку і па ўмацаваннях ворага ў Кіраўску, вёсках Букіно і Старцы.

Войскамі 413-й стралковай дывізіі (камандзір палкоўнік I.В.Мулаў) і 95-й танкавай брыгады (камандзір палкоўнік А.I.Кузняцоў) былі вызвалены вёскі Старцы, Стараселле, Селішча, Хамічы, Букіно, а таксама Кіраўск. Знішчаючы на сваім шляху варожыя калоны, 9-ы танкавы корпус генерал-маёра Б.С.Бахарава пакінуў для прыкрыцця ў Кіраўску невялікія вайсковыя падраздзяленні і рушыў па шашы Магілёў – Бабруйск заняць баявы рубеж каля в.Цітаўка Бабруйскага раёна. Тым самым былі перакрыты шляхі адступлення буйной групоўцы праціўніка.

На ўсходняй граніцы раёна была ўведзена ў дзеянне 129-я Арлоўская Чырванасцяжная стралковая дывізія (камандзір генерал-маёр П.В.Пінчук), якая фарсіравала р.Друць каля в.Лапічы Быхаўскага раёна і заняла рубеж паміж вёскамі Рэкта Рагачоўскага і Літобічы Кіраўскага раёнаў, а 283-я (камандзір палкоўнік В. А.Канавалаў) і 5-я стралковая (камандзір палкоўнік Т.Л.Волкаў) дывізіі пачалі фарсіраваць раку Друць на ўчастку ад Літобіч да в.Падсёлы, вызвалілі Стайкі, Дубцы, але панеслі значныя страты. Населеныя пункты раёна былі ператвораны ў моцныя абарончыя ўмацаванні з сістэмай траншэй, дотаў і дзотаў. Некалькі дзён ішлі жорсткія кровапралітныя баі. Пры фарсіраванні р. Друць каля вёсак Літобічы, Падсёлы, Стайкі ў схватках з ворагам загінула звыш двухсот савецкіх воінаў.

28 чэрвеня 1944 г. былі вызвалены вёскі Прыбар, Чыгірынка, Нямкі, Го- галь, Колбава, Падлужжа. 323-я стралковая дывізія (камандзір генерал- маёр В.Т. Маслаў) узяла напрамак праз вёскі Стайкі, Чарабамір, Новае і Старое Заліцвінне, Забуднянскія Хутары. Праціўнік аказаў моцнае супраціўленне.

У баях пад в.Старое Заліцвінне 26 чэрвеня старшы сяржант А.К.Шомін паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава. У рашучы момант бою ён закрыў сваім целам амбразуру дзота.

Далейшы шлях 323-й стралковай дывізіі пралягаў праз вёскі Хвайніца, Бераснёўка, Скачок, Новы Гарадок.

У вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў актыўны ўдзел прынялі 108-я стралковая дывізія (камандзір генерал-маёр П. А. Церамаў) і 120-я гвардзейская стралковая дывізія (камандзір генерал-маёр Я.Я.Фогель). З месца прарыву фронту каля в.Азяраны Рагачоўскага раёна і фарсіравання р.Друць іх шлях праходзіў праз вёскі Добасна, Паўлавічы, Полькавічы, Думаноўшчына і Цітаўка. Дывізіям прыходзілася пераадольваць жорсткае варожае супраціўленне і знішчаць буйныя групоўкі праціўніка, якія імкнуліся вырвацца з акружэння. 26 чэрвеня былі вызвалены населеныя пункты Жылічы, Барчыцы, Даброціна, Дабрыца, Пясцова, Чырвоная Горка, Баркі, Харлапавічы, Капачоўка, Лёўкавічы, Добасна, Пархімкавічы, Паўлавічы, Шпілеўшчына, праз дзень – Новыя і Старыя Дваранінавічы.

27 чэрвеня каля в.Полькавічы завязаўся цяжкі бой. Савецкія воіны мужна змагаліся і разбілі групоўку ворага.

Да 27 чэрвеня амаль усе населеныя пункты Кіраўскага раёна былі вызвале- ны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Войскі Чырвонай Арміі прарвалі абарону праціўніка на ўсім участку правага крыла фронту ад в.Падсёлы на Друці да Жлобіна. У акружэнне трапілі амаль 40 тысяч фашыстаў.

27 чэрвеня немцы паспрабавалі прарвацца на поўнач праз пазіцыі 9-га тан- кавага корпуса, каб злучыцца з часцямі 4-й арміі, якая адыходзіла да Магілёва. Корпусу пагражала акружэнне. Генерал-маёр Бахараў запрасіў дапамогі ў камандавання 3-й арміі. Да танкістаў была накіравана 108-я стралковая дывізія, узнята ў паветра звыш 500 баявых самалётаў, якія каля гадзіны бесперапынна наносілі бомбавыя ўдары па жывой сіле і тэхніцы праціўніка. Фашысты панеслі вялікія страты. Аднак поўнасцю знішчыць групоўку нямецкіх войскаў не ўдалося. Гітлераўцы паспрабавалі прарвацца ноччу па лініі абароны ад Цітаўкі да пасёлка Ясны Лес. Баі былі вельмі жорсткімі. Аднак ворагу не ўдалося пераадолець вогненны шчыт нашых войскаў, і ён быў адкінуты назад.

27 чэрвеня былі вызвалены вёскі Гарадзец, Пацава Слабада, Падрэчча.

Асабліва кровапралітныя баі адбыліся 28 чэрвеня. Камандуючы 35-м ня-

мецкім корпусам генерал фон Лютцаў павёў рэшткі сваіх войскаў на прарыў. Гэта была апошняя спроба вырвацца з акружэння. На світанні гітлераўцы пайшлі на штурм пазіцый савецкіх войскаў на ўсёй лініі абароны ад Цітаўкі да Кіраўска па шашы Бабруйск – Магілёў. Дзве групы немцаў ноччу па пойме р.Ала падыйшлі да в.Букіно і Кіраўска і хацелі прарвацца на поўнач, але раніцай былі знішчаны воінамі Чырвонай Арміі, якія знаходзіліся ў вёсках Старцы, Стараселле, Хамічы і Селішча.

Галоўны ўдар па нашай абароне праціўнік нанёс на ўчастку ад в.Цітаўкі да в.Падрэчча, які абаранялі 9-ы танкавы корпус, 108-я і 413-я стралковыя дывізіі, 8-я мотастралковая брыгада. Тут завязаліся цяжкія баі. Фашысты неаднаразова хадзілі ў «псіхічныя атакі». Справа даходзіла да рукапашных схватак. Нашы артылерысты прамой наводкай вялі агонь. Гітлераўцы ішлі і ішлі ў атаку. У іх гушчы разрывалі- ся снарады, кулямёты выкашвалі іх рады, але ворагі зноў і зноў спрабавалі прарвацца. Гэта была перадсмяротная агонія асуджаных на гібель людзей.

Ворагу не ўдалося прарваць абарону савецкіх войскаў. У 12 гадзін дня 28 чэрвеня групоўка немцаў была разгромлена, былі вызвалены вёскі Сяргеевічы, Любонічы. Толькі невялікім групам удалося прасачыцца на паўночна-заходнім напрамку да вёсак Гута і Шчаткава, але яны былі знішчаны часцямі Чырвонай Арміі. У той жа час па паўночнай граніцы тэрыторыі раёна рухаліся войскі 2-га Беларускага фронту. Яны вызвалілі вёскі Збышын, Пільнікі, Стары і Новы Юзін Грыбавецкага сельскага Савета. Поўнасцю тэрыторыя раёна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 28 чэрвеня 1944 г.

Савецкім воінам дапамагалі партызаны, якія захоплівалі пераправы, пе- раразалі шляхі адступлення праціўніку, разбуралі чыгуначныя камунікацыі ворага метадам «рэйкавай вайны», удзельнічалі ў баях, знішчалі жывую сілу і тэхніку ворага.

Пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў савецкія воіны праявілі масавы гераізм, мужнасць і адвагу.

Па матэрыялах кнігі “Памяць”.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэрыторыя Кіраўскага раёна была вызвалена ў выніку правядзення Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” войскамі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў. 24...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика