“Ну і моладзь! Хіба ж мы такімі былі!” – падобныя словы часта чуе маладое пакаленне ад людзей больш сталага ўзросту, якім здаецца, што іх юнацтва павінна быць прыкладам для дзяцей. “Безумоўна, гэта так, – часцей за ўсё згаджаюцца на такія заўвагі юнакі і дзяўчаты. – Але мы іншыя, мы другія. У нас свой шлях, а каштоўнасці сапраўды – агульныя”.
Дык якая яна, наша моладзь, у чыіх у руках будучыня дзяржавы, яе дабрабыт? Па адказ на гэтае пытанне мы накіраваліся ў ААТ “Гарадзец-агра” нездарма: гаспадарка – лідар па маладых кадрах у раёне. Толькі за апошнія 2 гады сюды прыйшло 9 маладых спецыялістаў, сярод якіх ветфельчары, ветурачы, эканаміст, інжынер-электрык, інжынер-механік.
– Нас не можа не радаваць той факт, што моладзь усё часцей паварочвацца ў бок вёскі, вяртаецца да зямлі-карміліцы, выбіраючы для сябе сельскагаспадарчыя прафесіі. Мы ж у сваю чаргу дзелімся з імі прафесіянальным вопытам, імкнемся стварыць для іх спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку, клапоцімся пра побыт, – заўважае дырэктар гаспадаркі Іван Цецярук. – Часта пасля заканчэння “адпрацоўкі” моладзь застаецца ў нас, стварае тут сем’і. А тое, што яна іншая, – гэта добра. Яна дынамічная, рухомая, мэтанакіраваная. Ды і адказнасці ёй не займаць. Таму, хто прайшоў першыя выпрабаванні на зямлі і зразумеў, што не памыліўся з выбарам, ніякія іспыты не будуць страшнымі. У такія рукі і гаспадарку перадаваць можна з упэўненасцю.
Інжынер-механік Генадзь Хімчанка нават падчас сустрэчы з карэспандэнтам не можа адарвацца ад спраў – нешта заклапочана запісвае ў штодзённік, адрываецца на тэлефонныя званкі, даючы слушныя парады:
– Прабачце, калі ласка, – просіць прабачэння малады спецыяліст. – Лета. Гарачая пара, тэхніка павінна працаваць без збою.
Тэхніка з дзяцінства вабіла Генадзя. Таму і не дзіва, што пасля заканчэння 9-ці класаў СШ №7 г. Кобрына ён пайшоў вучыцца ў Брэсцкі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж прыборабудавання, а затым вырашыў паглыбіць свае веды ў Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі. У сакавіку 2020 года малады спецыяліст трапіў па размеркаванні ў “Гарадзец-агра”. Гаспадарка выдзеліла яму “прэзідэнцкі” домік. Да зарплаты ён, як і іншыя маладыя спецыялісты, атрымлівае дадатковыя выплаты.
Далёка наперад юнак не загадвае, заўважае:
– Калі любіш сваю справу, яна ніколі табе не надакучыць, і заўсёды знойдзеш прымяненне сваім рукам. Вольны час? Пакуль у мяне на першым месцы работа, практычнае ўдасканаленне ведаў. Чалавеку заўсёды ёсць куды расці.
Цёплая ўсмешка і яскравыя вочы адразу ж выдаюць добрае сэрца маладога спецыяліста Вольгі Усовіч – прафесія ветурача, якуя яна сабе выбрала, сапраўды, яе прызванне. У кватэры ў Брэсце, дзе яна жыла з бацькамі, пакуль не вылецела з роднага гнязда, ніколі не пераводзіліся жывёлы – каты, хамякі, папугаі, якіх дзяўчынка з любоўю даглядала і лячыла. Трапіць у вёску пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны ў жніўні 2019 года малады ветурач не баялася, заўважае, што папрасіць размеркаванне ў ААТ “Гарадзец-агра” ёй параілі знаёмыя з Брэста – і гаспадарка ў ліку лепшых у раёне, і да роднага Брэста недалёка. Кіраўніцтва Вольгу таксама забяспечыла жыллём. Пра свой вольны час дзяўчына расказвае:
– Для мяне мая работа – гэта і праца – складаная, адказная: у нас 13 малочнатаварных фермаў, комплекс па дарошчванні буйной рагатай жывёлы, і аддушына. Нідзе столькі пазітыўнай энергетыкі не возьмеш, як ад жывёл і зямлі.
А вось ветфельчар Вадзім Грамінчук ужо паспеў засумаваць па сваёй рабоце – ён зусім нядаўна вярнуся са службы ў арміі. У адрозненне ад сваіх таварышаў-гараджан сельскагаспадарчая праца яму знаёма з дзяцінства – юнак вырас у вёсцы, закончыў Залескую СШ, а прафесію атрымаў у Пінскім дзяржаўным аграрным тэхналагічным каледжы. Паўгода, якія давялося папрацаваць у гаспадарцы перад арміяй, як заўважае Вадзім, час, безумоўна, невялікі для набыцця вопыту, але для таго, каб агледзецца і зразумець, чаго ты хочаш ад жыцця, дастаткова.
Працоўны шлях гэтых маладых людзей толькі пачынаецца – перад імі шырокая дарога, якая не заўсёды будзе прамой і гладкай. Будуць на ёй і павароты, будзе і каменне. Але ёсць у сучаснай моладзі моцны ўнутраны стрыжань, які вядзе іх наперад: яны – дзеці сваіх бацькоў і годная іх змена.
Алена БАКУН.
Фота: Алена БАКУН.