Праздничная Дисна радостью окружила, наслаждение подарила. 21.by

Праздничная Дисна радостью окружила, наслаждение подарила

08.07.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

 Прыгожа і разнастайна, па-сяброўску шчыра і гасцінна, з добрым настроем і светлымі ўсмешкамі адзначыла маленькая Дзісна сваё свята. Гарадскі парк – маляўнічае месца на беразе Заходняй Дзвіны, насупраць амытага ракой вострава, адкуль калісьці даўным-даўно ўзяў свой пачатак гарадок – стаў месцам радасных сустрэч і прыемных уражанняў.

Свята горада саткана з мноства пачуццяў. У ім радасць за роднае мястэчка і яго жыхароў, чые старанні і поспехі адзначаюць узнагародамі. У ім захапленне талентам і пазітыўнай энергетыкай артыстаў і майстроў. У ім асалода ад гукаў і мелодый, водараў і смакаў, усмешак і абдымкаў. І гэтыя пачуцці наўрад ці кагосьці абмінулі ў святочнай Дзісне.

Каму маленькая Дзісна мілей вялікіх гарадоў

Святам творчасці, міру і добрага настрою назвалі дзень горада вядучыя ўрачыстасці Аляксей і Наталля Астукевічы. Заўважылі, што атмасфера настройвае на пазітыў і віншаванні.


Павіншаваў дзісненцаў старшыня Міёрскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Кузняцоў, падзякаваў за любоў і адданасць гораду. Адзначыў, што з кожным годам Дзісна прыгажэе, становіцца ўтульней і выказаў спадзяванне, што сумеснымі намаганнямі так будзе працягвацца далей. Жыхарам Дзісны кіраўнік раёна ўручыў узнагароды.


 Ганаровай граматай райвыканкама адзначаны добрасумленная праца і значны асабісты ўклад у зберажэнне і развіццё народных традыцый дырэктара Дзісненскага гарадскога Дома рамёстваў Людмілы Ганебнай. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджана старшая медсястра Дзісненскай бальніцы сястрынскага догляду Зінаіда Фурс. Падзяку старшыня райвыканкама аб’явіў намесніку дырэктара ДЛГУ «Дзісненскі лясгас» Алене Конах і майстру Міёрскага раёна электрасетак Мікалаю Шаўлюга.


Прэміямі за высокія дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ў намінацыі «Лепшы самадзейны калектыў народнай творчасці» адзначаны вакальны ансамбль «Дзісенчукі» і дырэктар Дзісненскага гарадскога Цэнтра культуры Аляксей Астукевіч як «Лепшы клубны работнік».


Дзісне – квітнець, а яе жыхарам быць здаровымі, шчаслівымі ў сем’ях і паспяховымі ў справах жадаў старшыня Дзісненскага гарвыканкама Яўген Баран.


– Дзень горада – гэта свята, якое аб’ядноўвае не толькі ўсіх нашых жахыроў, але і тых, хто лічыць Дзісну радзімай сваіх продкаў, хто адчувае яднанне з горадам, знаходзячыся за сотні і тысячы кіламетраў, – заўважаў Яўген Іванавіч у прывітальнай прамове. – Аднак у першую чаргу гэта свята для тых людзей, якія тут выраслі, працуюць, для тых, хто не паддаўся спакусам вялікага горада, прыехаў сюды і застаўся. Упэўнены, што цяперашняе і будучыня Дзісны ў першую чаргу залежыць ад усіх нас, ад нашых узаемадапамогі, падтрымкі, жадання зрабіць горад больш камфортным і добраўпарадкаваным.


 За добрымі словамі – прыемныя ўзнагароды. У намінацыі «Вялікая дружная сям’я» адзначылі сям’ю Дзмітрыя і Ірыны Шавяковых. За «Дом узорнага парадку» узнагародзілі Уладзіміра і Ганну Глінскіх, Васіля і Святлану Яленскіх. Пераможца ў намінацыі «Любімая справа» – настаўніца замежнай мовы Дзіснескай СШ Вікторыя Ляшкевіч. За актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні горада адзначылі дзісненскі ўчастак УП ЖКГ пад кіраўніцтвам Руслана Смірнова, за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Дзісны – Ядвігу Ганебную, за дапамогу гораду – галоўнага ляснічага ДЛГУ «Дзісненскі лясгас» Дзяніса Леановіча. Лепшым індывідуальным прадпрымальнікам назвалі Уладзіміра Навіцкага.

Ліецца музыка, музыка, музыка…

Сцэнічная пляцоўка ў парку на працягу доўгага святочнага дня ні на хвіліну не заставалася без гледачоў.


 Першымі добры настрой дзісненцам і гасцям дарылі мясцовыя артысты. Цёплымі апладысментамі віталі гурты «Спатканне» і «Дзісенчукі», салістаў Алу Цурыкаву, Ядвігу Ганебную, Аляксея Астукевіч, Яўгена Барташэвіча, Ігара Мятлу, дуэт Дзіяны Маляўкі і Аляксандра Ляшкевіча, юных выканаўцаў Данілу Астукевіча, Паліну Валенцік, Юлію Няпомняшчую. Яркімі танцавальнымі нумарамі радаваў дзіцячы харэаграфічны калектыў «Натхненне».


З віншаваннямі і музычнымі прывітаннямі выходзілі на сцэну артысты з Полацка і Наваполацка.


На свята да землякоў завіталі Леся Кодуш і Слава Нагорны. Як прызнавалася са сцэны Леся, выступаць у родным горадзе вельмі прыемна і адказна. Гледачы не шкадавалі эмоцый і апладысментаў, падпяваючы вядомаму беларускаму дуэту хіты «А дні прыгожыя», «Фишка» і іншыя кампазіцыі.


 Пад вечар ля сцэны загучала мелодыя стрэлаў і металу. Гэта рыцарскі клуб «Шатландская пяхота» з Маладзечна дэманстраваў баявыя дзеянні і сцэнкі з сярэдневяковага жыцця. Яшчэ да выступлення ўдзельнікі аб’яднання паказвалі публіцы мячы, баявыя сякеры і іншую зброю, вырабленую ўласнымі рукамі. Яна мала чым адрозніваецца ад рэальнай, таму траўмы ў пастановачных баях смелыя воіны атрымліваюць сапраўдныя. У капітана «Шатландскай пяхоты» Аляксандра Шоця на руках нямала шрамаў.

Вабіць майстэрства ўмелых рук

 Гуляючы па парку, неяк было прайсці міма палаткі Дзісненскага гарадскога Дома рамёстваў. Майстры Наталля Валенцік, Яўгенія Козел, Уладзімір Майсяёнак разам з дырэктарам установы Людмілай Ганебнай прадстаўлялі свае вырабы. Карысталася папулярнасцю ўтульная і з адметным дэкорам фотазона ў сельскім стылі.


У другі раз з выставай карцін прымаў удзел у свяце горада мастак Уладзімір Расанец. На палотнах дзісненскія краявіды. Работы новыя, працаваў над сюжэтамі сёлета і ў мінулым годзе.


 З Завуцця прывезла дэкаратыўныя талерачкі з краявідамі Міёр і Дзісны, вышытыя бісерам карціны, кухонныя рэчы, аздобленыя ў тэхніцы дэкупаж Алена Стаўская. Рукадзелле – яе хобі і прафесія. У школе вучыць дзяцей ствараць сваімі рукамі прыгажосць, прысвячае ўлюбёнаму занятку вольны час.


У Таццяны Кісель з Дзісны шмат цікавых вырабаў з тканіны. Лялькі і падушачкі, дыванкі і ўпрыгожанні.
Сувеніраў на свяце можна было знайсці шмат. На любы густ. Для любога ўзросту.

І пра бяспеку не забыліся

Атмасфера на Дні горада панавала радасная і бесклапотная. Але і на такім свяце ёсць месца рэчам сур’ёзным. І яны вельмі арганічна ўпісваліся ў канву агульнага настрою, бо падаваліся вясёлай гульнёй. Размова пра праграму «101 спяшаецца на дапамогу», якую ладзілі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у рамках акцыі «З клопатам пра бяспеку малой радзімы».


 – Прапаноўваем удзельнікам розныя заданні: распазнаць знакі пажарнай эвакуацыі, прымерыць убор выратавальніка, узгадаць тэлефоны экстраных служб, паспаборнічаць у перацягванні пажарнага шланга, – знаёміць са зместам гульні інспектар Дзмітрый Плотнікаў. – У мінулым годзе асабліва цікавіла дзяцей і дарослых дымакамера. Каб адшукаць цацку ў задымленай палатцы, стаяла чарга. Сёлета такі іспыт таксама прапаноўваем, толькі з карэктывамі: пасля кожнага ўдзельніка маску апрацоўваем дэзсродкамі. Акрамя таго, дзецям да васьмі гадоў уваход у дымакамеру забаронены. Балон са сціснутым паветрам важыць 16 кілаграмаў. Астатнія заданні разлічаны на дзяцей рознага ўзросту, самыя маленькія могуць праходзіць іх з бацькамі. У фінале – фотасесія ў нашай фотазоне і памятныя падарункі.


Праводзіць гульню выратавальнікам дапамагалі вучні Дзісненскай і Міёрскай СШ № 2.

***
Увесь дзень у гарадскім парку было шматлюдна, радасна, хораша. Хтосьці ішоў дадому адпачыць, а пасля зноў вяртаўся прагуляцца і зарадзіцца святочным настроем. Познім вечарам над горадам раздаліся выбухі салюта. Па традыцыі, яго запускаюць з вострава. Гэта сімвалічна. Яркія іскры ўзлятаюць у неба адтуль, дзе бярэ пачатак слаўны гарадок, яго багатая гісторыя, цяперашні дзень і – хочацца верыць-спадзявацца – шчаслівая і доўгая будучыня.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 Прыгожа і разнастайна, па-сяброўску шчыра і гасцінна, з добрым настроем і светлымі ўсмешкамі адзначыла маленькая Дзісна сваё свята. Гарадскі парк – маляўнічае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика