Не заўсёды лета з’яўляецца часам адпачынку для настаўнікаў. Асабліва калі настаўнік – мастак.

У дзевяты раз на Смалявіцкай зямлі збіраліся мастакі і педагогі з розных куткоў Беларусі на традыцыйны арт-пленэр з паэтычнай назвай “Лета ў правінцыі”. І гэта ўжо не проста пленэр, гэта сустрэча творчых аднадумцаў, калег і сапраўдных сяброў. Многія з іх прымалі ўдзел ў творчым форуме ўжо дзевяты раз. Відаць, у гэтым ёсць неабходнасць – збірацца разам кожнае лета, каб пакінуць пасля сябе такую прыгажосць – творчыя працы.

Сёлетні пленэр адбыўся ва ўмовах няпростай эпідэміялагічнай абстаноўкі, калі зачыненыя межы не дазволілі многім апынуцца на прэстыжных еўрапейскіх пленэрах. Але “Лета ў правінцыі”, нягледзячы на абставіны, адбылося. Трынаццаць мастакоў прыехалі маляваць Смалявіччыну на пяць дзён. Аздараўленчы комплекс “Аганёк” на гэты кароткі час стаў рэзідэнцыяй мастакоў-педагогаў. Маляўнічая прырода, найчысцейшае паветра з водарам сасновага бору, маляўнічая рака Волма, шум ранішняга дажджу, калыханне соснаў, пах зямлі далі назву IX пленэру – “Карані”, які прысвечаны году малой радзімы.

Мастакі з Мінска, Віцебска, Ліды, Салігорска, Барысава, Смалявічаў аддана пераносілі на свае палотны ўраджанні ад беларускіх мясцін, укладаючы ў свае працы любоў да роднай зямлі. У карцінах увасобіліся прасторы палёў і майстэрства продкаў, знаёмыя лясныя сцежкі ды гоман ялін, паветра над знаёмай ракой і дзеці з суседняй вёскі.

Гэта малая радзіма – так і хочацца сказаць, калі бачыш выніковую выставу жывапісных прац. Пляцоўкай для выставы стала лясная тэрыторыя. Упершыню выстава па выніках пленэру адбылася там, дзе і працавалі мастакі.

Колькі захаплення, радасці і задавальнення адчулі аўтары ад выкананай працы. У рамках пленэра мастакі самі не на доўгі час сталі керамістамі. Майстар-клас для іх правяла мастачка, педагог Барысаўскай дзіцячай школы мастацтваў Алёна Фаставец. Яна таксама пазнаёміла ўдзельнікаў пленэра з цікавымі фактамі аб тым, як з’явіўся гліняны посуд у Беларусі.

Самае адказнае у творчасці мастака – гэта сустрэча з гледачом, тым, хто ацэніць вынік, хто не абыякававы да мастацтва. Таму вельмі важна каб выставы дзейнічалі, а гледачы прыходзілі да твораў мастакоў. У апошні дзень пленэру прыемным падарункам стала сустрэча з мастаком Алесем Марачкіным, які завітаў на заключную выставу “Лета ў правінцыі”. Кожны хацеў пагутарыць з майстрам, атрымаць параду ці пахвалу. За цёплай размовай удзельнікі творчага форума пачулі словы пра важнасць такіх пленэраў, асабліва для настаўнікаў, якія не маюць іншай магчымасці павысіць ўзровень свайго майстэрства, бо кожны дзень яны дзеляцца ім са сваімі вучнямі ў мастацкіх школах. А папрацаваць побач з калегамі, якія маюць узнагароды і ганаровыя званні у Беларускім Саюзе мастакоў – увогуле магчымасць унікальная.

Пленэр завяршыў сваю работу, каб у наступным годзе зноў сабраць удзельнікаў на дзесятым юбілейным пленэры “Лета ў правінцыі”. Хачу выказаць сваю удзячнасць усім, хто дапамог арганізаваць мерапрыемства: кіраўніку АК “Аганёк” Сяргею Мікалаевічу Салдаценку за цудоўныя ўмовы, у якіх жылі і працавалі мастакі; аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смалявіцкага райвыканкама — за забяспячэнне педагогаў неабходнымі матэрыяламі для работы.

Усіх тых, хто цікавіцца мастацтвам і чакае новых прац ад “Лета ў правінцыі”, запрашаем на выставу, якая адкрыецца на святкаванне Дня города.

Наталля КАМІНСКАЯ,

арганізатар арт-пленэра “Лета ў правінцыі”, мастачка, педагог, загадчык мастацкага аддзялення Смалявіцкай ДШМ.