Выбары: надзеі – усё меней, расчараваньня – усё больш
17.03.2010
—
Новости Политики
|
Выбарчыя камісіі ў рэгіёнах працягваюць праверку дакумэнтаў, пададзеных прэтэндэнтамі на кандыдатаў у дэпутаты. Гэтая працэдура будзе доўжыцца да 25-га сакавіка. Сярод апазыцыйных прэтэндэнтаў усё больш расчараваных у гэтай кампаніі. МЕНШЧЫНА Прэтэндэнтку на кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ звольнілі з працы
Сёньня сябра Партыі БНФ Тацяна Балабанская паведаміла Свабодзе, што дырэктар Маладзечанскага лясгаса Анатоль Ермаловіч звольніў яе з пасады радыёляга. Верагоднай прычынай гэтага, па словаў суразмоўцы, зьяўляецца магчымая рэгістрацыя яе кандыдатам у дэпутаты Маладзечанскага гарсавета: “Раней дырэктар лясгаса хадзіў і папярэджваў: “Калі хто зьяўляецца сябрам БНФ, то мусіць звольніцца асабіста. Ня зробіць гэтага – звольнім па прымусу”. І вось калі я падала свае дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці прэтэндэнта ў кандыдаты, то мне сёньня патэлефанавалі і паведамілі, што ўжо зволілі”. У Маладзечанскім лясгасе карэспандэнту “Свабоды” адмовілі ў тлумачэньні. Было толькі заяўлена, што “Тацяна Балабанская працавала часова, падмяняла спэцыяліста на час дэкрэтнага адпачынку”. ВІЦЕБШЧЫНА Актывісту БХД заявілі, што не зарэгіструюць кандыдатамПавел Папоў зь Віцебску даведаўся пра тое, што ў яго мала пэрспэктываў зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты абласнога савету, яшчэ калі здаваў подпісы за сваё вылучэньне. Ён прынёс 13 аркушаў з подпісамі, але камісія запісала, што іх усяго 10, пакуль актывіст даставаў з тэчкі астатнія: “Пачакайце, кажу, не запісвайце. А мне кажуць: “Усё, мы ўжо запісалі. І выпраўляць ня будзем”. Тады кажу: “Давайце хаця б заменім: у тых дзесяці аркушах некалькі было з памаркамі, а гэтыя тры — без”. Не, адмовілі наадрэз. І кажуць яшчэ: “Так, у вас тут памылка, там папраўка. Подпісы мы возьмем, але вы, хутчэй за ўсё, ня пройдзеце. Так што — да пабачэньня!” Аршанская суполка АГП патрабуе тлумачэньняў На думку Алеся Шутава з Воршы, каардынатара ў справе выбараў у мясцовай Радзе АДС, варта чакаць, што на кандыдатаў у дэпутаты зарэгіструюць усіх ахвотных. А потым “адсеюць” апазыцыянэраў ужо падчас выбараў — нездарма ж дэмакратычных актывістаў не ўключылі ў склад выбарчых камісій. Спадар Шутаў распавёў, што аршанская гарадзкая арганізацыя АГП зьвярнулася зь лістом да старшыні гарвыканкаму Мікалая Лісоўскага. Партыйцы пытаюцца, чаму ў камісіі не ўключылі сябраў АГП Аляксандра Крывіскага ды Ўладзімера Юржыца, якія ўжо неаднойчы бралі ўдзел у выбарчых кампаніях — і ў камісіях, і ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты, тым часам як у камісіі трапілі нават прадстаўнікі “Таварыства Чырвонага Крыжа” і “Таварыства выратаваньня на вадзе”, якія ня маюць аніякага досьведу працы ў падобных структурах. Леанід Гаравы скардзіцца Зь лістамі ў абарону нормаў выбарчага заканадаўства працягвае зьвяртацца ў адпаведныя інстанцыі і актывіст руху “За свабоду” Леанід Гаравы з Гарадку. Учора ён накіраваў зварот у Віцебскую абласную камісію, заўважыўшы чарговае парушэньне: на Гарадоччыне выбарчыя акругі ўтварылі такім чынам, што ў Галіцкую выбарчую акругу № 9 была ўключана вайсковая частка № 94107. Яна месьціцца за 5 км ад населенага пункту, і больш лягічна было б далучыць яе да Верамееўскай акругі, бо выбарчы кодэкс забараняе ўтвараць акругі з тэрыторый, якія не мяжуюць паміж сабой. Падобнае парушэньне спадар Гаравы заўважыў і ў Шумілінскай акрузе № 10: “Калі мы гаворым пра прававую дзяржаву, то ў ёй павінны дзейнічаць нормы закону. І калі чыноўнікі іх парушаюць, гэта не прававая дзяржава, а прававая сваволя. Калі парушаюцца нават нормы “нарэзкі” акругаў, дык якія могуць быць справядлівыя выбары? Калі чыноўнікі ўжо парушаюць нормы выбарчага кодэксу!” ГАРАДЗЕНШЧЫНА Партыя БСДГ пакідае выбары ў ГорадніПартыі БСДГ у Гарадзенскай вобласьці давялося зьмяняць маштаб свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі, які плянаваўся дагэтуль. Пра гэта — адзін з актывістаў, Уладзімір Хільмановіч: “Партыя БСДГ у выніку таго, што ніводзін зь яе сяброў ня быў уключаны ў склад участковых камісій у Купалаўскай выбарчай акрузе ў Кастрычніцкім раёне Горадні, дзе плянавалася вылучыць кандыдатам у дэпутаты аблсавету Віктара Парфёненку, адмовілася ад удзелу ў выбарах на тэрыторыі гораду. Таму што гэта ня мела ніякага сэнсу, калі няма мажлівасьці кантраляваць падлік галасоў”. Уладзімір Хільмановіч удакладніў: з шасьці сяброў, якіх вылучыла партыя на тэрыторыі гэтай акругі, ніводзін ня быў уключаны ў склад участковай камісіі. Хільмановіч: “Што датычыць агульнай сытуацыі, то абласная арганізацыя партыі мае двух сваіх сяброў, якія імкнуліся зарэгістравацца. Былі падрыхтаваны дакумэнты, каб вылучыцца па Дубненскай акрузе № 43 Лявону Карповічу, і па Сьвіслацкай выбарчай акрузе № 50 Віктар Дзясяцік таксама падаў дакумэнты на рэгістрацыю. Такім чынам, атрымліваецца, што замест плянаваных сямі-васьмі кандыдатаў — бо першапачаткова ішла падрыхтоўка да вылучэньня такой колькасьці чалавек у абласны савет дэпутатаў — зараз ад партыі БСДГ пададзены на рэгістрацыю кандыдатамі дакумэнты ад двух чалавек”. “Гарадзенская выбарчая камісія робіць выбары закрытымі” Маніторынг выбарчай кампаніі ў Гарадзенскай вобласьці ажыцьцяўляе прадстаўнік БХК Раман Юргель: “Старшыня гарадзенскай гарадзкой выбарчай камісіі Ўладзімір Хлябіч адмовіўся даць любую інфармацыю па колькасьці пададзеных дакумэнтаў на рэгістрацыю прэтэндэнтамі ў кандыдаты і адмовіўся таксама адказваць на любыя пытаньні. Сказаў, каб я ня ўмешваўся ў працу камісіі. А мяне цікавіла — колькі дакумэнтаў на рэгістрацыю здадзена для ўдзелу ў выбарах у гарсавет. Непрадстаўленьне інфармацыі можна ацэньваць як закрытасьць выбарчага працэсу, непразрыстасьць”. Партыйцы з БНФ хочуць удзельнічаць у выбарах у мясцовыя саветы на Лідчыне. Пра гэта — Станіслаў Суднік: “Па Лідзе з БНФ вылучаўся адзін кандыдат, гэта Ўладзімір Круцікаў, старшыня гарадзкой арганізацыі партыі. Подпісы за яго сабраны, дакумэнты пададзены. Так, ён у раённы савет хоча балятавацца. У Бярозаўцы вылучаўся Трафімчык з нашай партыі. Партыя БНФ выстаўляла трох чалавек у камісіі ўчастковыя: два па Лідзе, адзін у Бярозаўцы. Абодва лідзкія ўключаны ў камісіі, яны на тых двух участках, па якіх ідзе Круцікаў. У яго акруга — 20-я, участкі 27-ы і 31-ы”. Што датычыць Гарадзенскага абласнога савету, то ніхто зь лідзкіх партыйцаў, сябраў БНФ, у выбарах удзельнічаць не зьбіраўся. Пра гэта таксама паведаміў Станіслаў Суднік. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выбарчыя камісіі ў рэгіёнах працягваюць праверку дакумэнтаў, пададзеных прэтэндэнтамі на кандыдатаў у дэпутаты. Гэтая працэдура будзе доўжыцца да 25-га сакавіка. Сярод апазыцыйных прэтэндэнтаў усё больш расчараваных у гэтай кампаніі.
|
|