Аляксандр ЛУКАШЭНКА: Сусветныя палітыкі сёння прызнаюць, што сітуацыя ў Кыргызстане далёкая ад нармальнай
22.04.2010
—
Новости Политики
|
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з Прэзідэнтам Кыргызстана Курманбекам Бакіевым. "Што датычыцца Кыргызстана, народа і сітуацыі, якая там адбываецца цяпер, вы маю пазіцыю ў гэтым плане ведаеце, і яна не абумоўлена нейкімі кан'юнктурамі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да госця. — Я зыходжу з чыста чалавечых пазіцый, зыходжу з таго, што такога быць не павінна". "І калі нават раней некаторыя палітыкі асобных дзяржаў рабілі бравурныя заявы, то сёння вымушаны прызнаць, што сітуацыя там далёкая ад нармальнай. І Дзмітрый Анатольевіч Мядзведзеў нядаўна заявіў аб тым, што "мы не будзем супрацоўнічаць з новай уладай Кыргызстана да таго часу, пакуль яна не легітымізуе сябе, правядзе выбары і гэтак далей", — сказаў беларускі лідар. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што выбары ў Кыргызстане нельга праводзіць без дзеючага прэзідэнта гэтай краіны. "Я не ведаю, як можна праводзіць выбары без дзеючага прэзідэнта. Вось гэта мяне здзіўляе", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, "калі гэта будзе зроблена, то гэта яшчэ далей загоніць у тупік сітуацыю ў Кыргызстане". Прэзідэнт Беларусі таксама дадаў, што сям'і Курманбека Бакіева будзе аказана і любая неабходная медыцынская дапамога. "Я ўчора аб гэтым гаварыў, усё, што датычыцца рэабілітацыі, дапамогі дзецям (а ўрачы мне дакладвалі, там ёсць некаторыя праблемы, асабліва ў дзяцей), мы ўсё гэта зробім. І лякарствамі дапаможам, і іншым — у гэтым можаце не сумнявацца", — сказаў беларускі лідар. "Я вельмі рады, што сям'я ваша ў нармальным стане. Мы толькі што перакінуліся некалькімі словамі, што вы хоць неяк пачалі тут адпачываць, хоць па 2-3 гадзіны ў суткі пачалі спаць", — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы. "Мы прынялі рашэнне аб гуманітарнай дапамозе кыргызскаму народу", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік беларускай дзяржавы папрасіў Курманбека Бакіева, каб ён падказаў, у якіх таварах у першую чаргу мае патрэбу кыргызскі народ: "Мы хочам, пакуль вы знаходзіцеся тут, каб для Кыргызстана была арганізавана гуманітарная дапамога, каб вы і пасольства прадумалі, якія тавары ў першую чаргу неабходна даставіць для кыргызаў і ў якой дапамозе яны больш за ўсё маюць патрэбу". "Усім, чым мы можам, мы абавязкова дапаможам, але вы павінны нам падказаць і дапамагчы арганізаваць гэту дапамогу", — сказаў Прэзідэнт Беларусі. Прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў лічыць аднабаковай падачу інфармацыі аб сітуацыі ў Кыргызстане і выказаў гатоўнасць адказаць на ўсе пытанні. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы ў Мінску з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. "На жаль, у першы час у сродках масавай інфармацыі настолькі аднабакова ўсё падавалася, як расстрэльвалі мірных людзей і гэтак далей, — сказаў ён. — Таму я гатовы адказаць на ўсе пытанні. Я лічу, гэта неабходна зрабіць менавіта тут. Тое, як усё падавалася, гэта проста неспасціжна розуму". Курманбек Бакіеў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку ад свайго імя, ад імя членаў сваёй сям'і, а таксама большасці кыргызскага народа за аказаную падтрымку. "Чаму я гавару ад большасці народа Кыргызстана, таму што тая кучка людзей, узброеных людзей, якія чыста бандыцкім спосабам захапілі сілай уладу, — гэта яшчэ не ўвесь Кыргызстан. І тое, што адбываецца ў Бішкеку і вакол Бішкека, гэта таксама не ўвесь Кыргызстан", — сказаў Курманбек Бакіеў. Звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, Прэзідэнт Кыргызстана адзначыў: "Вы праявілі сваю высокую чалавечнасць, мужнасць, за гэта вам вялікі дзякуй. Я вельмі ўдзячны вам за тое, што вы зрабілі і робіце. Дзякуй перш за ўсё вам ад мяне асабіста, ад членаў маёй сям'і і ад большасці народа Кыргызстана". Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з Прэзідэнтам Кыргызстана Курманбекам Бакіевым. "Што датычыцца Кыргызстана, народа...
|
|