Сустрэча без падтэксту. 21.by

Сустрэча без падтэксту

30.04.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае не шукаць падтэксту ў сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Украіны. Аб гэтым ён заявіў у Мінску на сустрэчы з Віктарам Януковічам.

"Сёй-той непакоіцца наконт нашых адносінаў. Мы не збіраемся супраць кагосьці сябраваць. Беларусь не збіраецца займацца геапалітычнымі праблемамі. Гэта не ў нашых інтарэсах і не ў інтарэсах Украіны таксама, я лічу", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што перад Беларуссю і Украінай стаіць задача выбудаваць свае эканомікі так, каб яны не адрозніваліся ад еўрапейскіх дзяржаў, каб людзі жылі дастойна. "Я пераканаўся, што такая ж задача стаіць і перад вамі", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да свайго калегі.  

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ ў Кіеве кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб тым, што ў бліжэйшы час правядуць сустрэчу, каб прааналізаваць напрацаванае экспертамі і ў выніку такой рэвізіі адкінуць тыя пытанні, якія страцілі сваю актуальнасць, і абмеркаваць тыя, што патрабуюць вырашэння ў бліжэйшы час у інтарэсах дзвюх дзяржаў і народаў. Ён дадаў, што трэба будзе распрацаваць нейкую "дарожную карту" ў адносінах Беларусі і Украіны. "Наконт цяперашняй сустрэчы пайшлі размовы, што нібыта хутка арганізаваўся візіт, няма праграмы, парадку дня таксама няма, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Нашы спецыялісты старанна працавалі па ўсіх лініях: і кіраўнікі адміністрацый прэзідэнтаў, і ва ўрадзе".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў прэзідэнтаў будзе час сустрэцца яшчэ не адзін раз, напрыклад, наступная сустрэча можа адбыцца на граніцы дзвюх дзяржаў, дзе будуць абмеркаваны пытанні прыгранічнага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва дзвюх краін.

"Лічу, у бліжэйшы час будзе прапрацавана магчымасць арганізацыі такой сустрэчы, якая пакажа нашы сапраўдныя намеры адносна адзін аднаго", — сказаў беларускі лідар.

Віктар Януковіч падтрымаў гэту прапанову.

"Лічу, наступная наша сустрэча павінна быць дзесьці на граніцы Беларусі і Украіны, каб мы пабывалі на тэрыторыі абедзвюх краін, абмеркавалі пытанні прыгранічнага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва", — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.

"Наша міжрэгіянальнае супрацоўніцтва павінна паслужыць добрым штуршком для развіцця гандлю, — упэўнены Віктар Януковіч. — Пакуль гэты рычаг не выкарыстоўваецца ў належнай меры".

Прэзідэнт Украіны з задавальненнем адзначыў ратыфікацыю беларускім парламентам дагавора па дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай граніцы. На думку Віктара Януковіча, гэта адкрывае новыя магчымасці для развіцця гандлёва-эканамічных адносінаў і новых інвестыцый. "Я перакананы, што наша палітыка будзе добрасуседскай і празрыстай", — сказаў украінскі лідар, дадаўшы, што ў абодвух бакоў шмат агульных інтарэсаў на міжнароднай арэне, у тым ліку наконт аховы бяспекі.

Украіна заклікае Беларусь да сумесных намаганняў па вырашэнні чарнобыльскай праблемы.

"Я ініцыяваў правядзенне ў наступным годзе ў Кіеве міжнароднай канферэнцыі па чарнобыльскай тэматыцы з удзелам краін-донараў, — адзначыў Віктар Януковіч. — Мы з вамі дамовіліся, што мы як краіны, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, павінны сумесна адстойваць сваю пазіцыю па гэтым пытанні. Бо Чарнобыль — праблема не толькі для Беларусі і Украіны, але і для ўсёй Еўропы".

Віктар Януковіч нагадаў, што ў наступным годзе будзе адзначацца 25-годдзе гэтай агульнай для народаў Украіны і Беларусі трагедыі.

"Некалькі дзён таму я пабываў у Чарнобылі. Там не ўсё так добра, як здавалася, — дадаў Прэзідэнт Украіны. — Вось мы гаворым аб новых пагрозах (гэтаму быў прысвечаны і саміт у Вашынгтоне, у якім я ўдзельнічаў), але пры гэтым яшчэ не вырашаны старыя пытанні. Чацвёрты энергаблок ЧАЭС да гэтага часу без саркафага. Не хапае 400 млн еўра фінансавання".

Прэзідэнт Украіны выказаў перакананасць, што Беларусь у недалёкім будучым стане членам Савета Еўропы.

"Прынамсі, я перакананы, што ў найбліжэйшы час вашай краіне будзе вернуты статус спецыяльна запрошанага", — адзначыў украінскі лідар.

"Я ведаю, што вы шмат зрабілі, каб наблізіць беларускае заканадаўства да еўрапейскіх стандартаў, — сказаў Прэзідэнт Украіны. — Беларусь паслядоўна ідзе па гэтым шляху".

Віктар Януковіч падкрэсліў, што еўрапейская інтэграцыя адпавядае інтарэсам як Украіны, так і Беларусі. "Мы з'яўляемся еўрапейскімі краінамі, і адкрыццё еўрапейскіх рынкаў у нашых інтарэсах, гэта вельмі патрэбна нашым эканомікам", — сказаў Прэзідэнт Украіны. Ён адзначыў, што ў працэсе збліжэння з еўрапейскімі структурамі Украіна крыху рушыла наперад у параўнанні з Беларуссю. "І ў сувязі з гэтым Беларусі можа быць цікавы ўкраінскі вопыт адаптацыі заканадаўства да еўрапейскіх стандартаў", — перакананы Віктар Януковіч.

Украінскі лідар таксама дадаў, што інтарэсам народаў адпавядае развіццё дзяржаў на аснове паважання правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў. "Нашы краіны ідуць па гэтым шляху і вельмі важна, каб гэта адчувалі людзі", — сказаў Віктар Януковіч.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае не шукаць падтэксту ў сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Украіны. Аб гэтым ён заявіў у Мінску на сустрэчы з Віктарам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика