Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыпыніць транзіт расійскіх нафты і газу ў выпадку неаплаты паслуг "Газпрамам" у найбліжэйшыя суткі
26.06.2010
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыпыніць транзіт расійскіх нафты і газу ў выпадку неаплаты "Газпрамам" у поўным аб'ёме ў найбліжэйшыя суткі прадастаўленых паслуг. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў учора на нарадзе па супрацоўніцтву з Кітаем, перадае БЕЛТА. "Яшчэ раз папярэджваю ўрад: неаплата "Газпрамам" у поўным аб'ёме паслуг у найбліжэйшыя суткі павінна прывесці да прыпынення ўсялякіх паслуг для Расійскай Федэрацыі па транспарціроўцы вуглевадароднай сыравіны — і нафты, і газу", — падкрэсліў Прэзідэнт. "У вас ёсць магчымасць — дамаўляйцеся, але тэрмін вам — двое сутак, і я ўчора гэта сказаў прэм'еру і віцэ-прэм'еру", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што хацеў бы пачуць інфармацыю аб сітуацыі на расійскім напрамку, у тым ліку па энергарэсурсах. "Можа, вы ўжо дамовіліся. Хацеў бы наконт гэтага вас паслухаць", — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прэм'ер-міністра. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўна працаваць над інвестыцыйнымі праектамі з Кітаем. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што супрацоўніцтва з Кітаем і тыя новыя напрамкі ў знешнеэканамічнай сферы, якія былі намечаны апошнім часам, у прыватнасці кантакты ў зоне Карыбскага басейна, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, "маюць не проста стратэгічнае значэнне — гэта пытанне выжывальнасці нашай дзяржавы як суверэннай і незалежнай". "Вырашым гэту праблему — не толькі наша пакаленне, але і будучае будуць жыць нармальна, не вырашым — будзем куляцца, і нас будуць штурхаць у спіну так, як нас штурхаюць да гэтага часу, будуць накідваць пятлю на шыю і зацягваць яе так, што хрыпець пачнём. Потым, магчыма, адпусцяць. А можа, і не. Вось чаму я так настойліва патрабую ад усіх дзяржслужачых і людзей, якія маюць дачыненне да гэтага, больш актыўна дзейнічаць у такім напрамку", — сказаў беларускі лідар. "Калі нехта не можа, таксама як і не хоча, скажыце прама. Вы ўжо мне прабачце, але такія падазрэнні ў мяне з'яўляюцца адносна асобных людзей, у тым ліку тых, хто сядзіць за гэтым сталом. Сабатажу я не пацярплю, гультайства таксама, яно будзе прыраўноўвацца да сабатажу", — дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што супрацоўніцтва з Кітаем мае выключна стратэгічны характар. Таму на самым высокім узроўні створаны ўсе неабходныя ўмовы для далейшага пашырэння ўзаемадзеяння як у палітычнай, так і эканамічнай сферах. У канцы мінулага года былі дасягнуты прарыўныя дамоўленасці аб адкрыцці для Беларусі льготных крэдытных ліній урада і банкаў Кітая на агульную суму каля $15 млрд для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па заяўках беларускага боку. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэта сума амаль у два разы большая, чым усе замежныя інвестыцыі, укладзеныя ў эканоміку Беларусі ў 2009 годзе, у 4,5 раза большая за тое, што Беларусь атрымала ад МВФ і ў 10 разоў большая за крэдыт, прадастаўлены брацкай Расіяй. "Словам, кіраўніцтвам Беларусі і Кітая створаны проста ўнікальныя магчымасці для актывізацыі двухбаковых крэдытна-інвестыцыйных сувязяў. З'явіўся шанц выкарыстаць рэсурсы Кітая для мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі, — адзначыў Прэзідэнт. — Вядома, страчваць такую магчымасць недазвольна, больш скажу — злачынна". Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што гэтыя сродкі павінны быць накіраваны выключна на мадэрнізацыю беларускай эканомікі, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці, гэта значыць, стварэнне такіх вытворчасцяў, якія б давалі магчымасць працаваць выключна па сусветнай цане на сыравіну і рэсурсы і "не стаяць на каленях раз за разам, выпрошваючы нейкія прэферэнцыі, у тым ліку ад Расіі". У час нарады Прэзідэнт меў намер азнаёміцца з тым, як выконваюцца раней дадзеныя даручэнні па пытаннях супрацоўніцтва з КНР, а таксама высветліць, чаму недапушчальна марудна ідзе фарміраванне двухбаковых праектаў, якія праекты з выкарыстаннем ільготных крэдытных рэсурсаў КНР будуць рэалізаваны ўрадам у першую чаргу. "Я папярэджваў і ўрад, і старшыню Беларуска-кітайскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, і беларускага пасла ў Кітаі, што паўсонная работа на кітайскім напрамку будзе ім дорага каштаваць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыпыніць транзіт расійскіх нафты і газу ў выпадку неаплаты "Газпрамам" у поўным аб'ёме ў найбліжэйшыя...
|
|