Развіццю транспланталогіі і ў далейшым будзе аказвацца падтрымка. 21.by

Развіццю транспланталогіі і ў далейшым будзе аказвацца падтрымка

29.09.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным пашырэнне ў Беларусі такога напрамку ў медыцыне, як транспланталогія, і стварэнне ў краіне новых цэнтраў трансплантацыі органаў і тканак. Аб гэтым ён заявіў 28 верасня, наведваючы Рэспубліканскі цэнтр трансплантацыі органаў і тканак у Мінску.

Як адзначаюць самі медыкі, сёння прапрацоўваецца ўжо магчымасць стварэння ў рэгіёнах цэнтраў трансплантацыі і выканання там аперацый па перасадцы ныркі.

Даручэнне аб стварэнні цэнтра трансплантацыі органаў і тканак кіраўнік дзяржавы даў яшчэ ў 2006 годзе, выступаючы на Усебеларускім сходзе. "Мяне пераконвалі, што гэта не галоўная сёння праблема і гэты напрамак не такі важны. Таму ваганні былі. Гэта ж вялікія сродкі. Тады я прыняў рашэнне: трансплантацыі ў Беларусі быць. Як ужо мы гэта будзем рабіць, ці шырока разгорнем, але гэта неабходна", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, рашэнне аб стварэнні такога цэнтра было правільнае. "Гэты напрамак узнімае цэлы пласт аховы здароўя і дае штуршок развіццю аховы здароўя наогул, цягне яго наперадзе, як лакаматыў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Рэспубліканскі цэнтр трансплантацыі органаў і тканак створаны на базе 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Ён аснашчаны сучасным лячэбным і дыягнастычным абсталяваннем, што дало магчымасць павялічыць колькасць высокатэхналагічных аперацый. Так, калі ў 2005 годзе было выканана 8 трансплантацый ныркі, у 2006-м — 20, у 2007-м — 40, у 2008-м — 70, то у 2009-м — ужо 100. 2009 год быў азнаменаваны пачаткам выканання трансплантацыі сэрца, а таксама трансплантацыі комплексу ныркі і падстраўнікавай залозы. Акрамя таго, упершыню былі выкананы тры роднасныя перасадкі нырак дзецям. У 2008 годзе ўпершыню перасаджана печань, а ўсяго за год праведзена 9 такіх трансплантацый, у 2009-м — 15. У 2009 годзе было зроблена 11 перасадак сэрца, а ў гэтым годзе — ужо 17.

У 2010 годзе ўпершыню выканана роднасная трансплантацыя печані дзіцяці. Усяго з пачатку гэтага года выканана 121 трансплантацыя (сэрца — 17, ныркі — 83, печані — 21). Па колькасці трансплантацый органаў на 1 млн чалавек Беларусь на сённяшні дзень займае сярод краін СНД першае месца, апярэджваючы ў два разы Расію і амаль у сем разоў Украіну, але пакуль адстае ад вядучых еўрапейскіх краін, такіх, як Германія, Іспанія.

Як расказаў кіраўнік цэнтра Алег Румо, быў страчаны ўсяго адзін пацыент, што сведчыць аб даволі высокім узроўні транспланталогіі ў краіне. Цэнтр цесна супрацоўнічае з калегамі як з краін СНД (Расіі, Украіны), так і з замежных клінік, павышаючы ўзровень беларускіх спецыялістаў. Дзякуючы развіццю гэтага напрамку ў Беларусі, спынілася накіраванне за мяжу маленькіх пацыентаў для трансплантацыі печані. Акрамя таго, беларускія медыкі ўкараняюць новыя тэхналогіі, праводзяць ашчаджальныя аперацыі.

У клініцы разгорнуты тры рэанімацыйныя аддзяленні: для пацыентаў хірургічнага профілю і інтэнсіўнай тэрапіі пасля трансплантацый органаў, аддзяленне рэанімацыі цэнтра трансплантацыі касцявога мозга і для пацыентаў агульнага профілю. Усе аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, якое дае магчымасць праводзіць усе метады назірання і інтэнсіўнай тэрапіі пацыентаў любога профілю ў крытычнай сітуацыі.

У цэнтры таксама створана адзіная камп'ютарная сетка, якая аб'ядноўвае ардынатарскія, аперацыйныя, кабінеты загадчыкаў аддзяленняў і адміністрацыі клінікі. Аддзяленні анестэзіялогіі, рэанімацыі аснашчаны найноўшай апаратурай сачэння і жыццезабеспячэння, апаратамі "Штучная печаць — нырка". Аперацыйныя цэнтра адзіныя ў Беларусі атрымалі міжнародны сертыфікат якасці. Такім чынам, у цэнтры маюць права аперыраваць і замежных пацыентаў.

Як адзначыў Алег Румо, у гэтым годзе цэнтр павялічыў экспарт медыцынскіх паслуг у пяць разоў. Сёння на лячэнне ў цэнтр прыязджаюць пацыенты з краін СНД і блізкага замежжа, якія поўнасцю аплачваюць сваё лячэнне. У параўнанні з такімі медустановамі ў вядучых еўрапейскіх дзяржавах у Беларусі такія аперацыі абыходзяцца танней. Так, кошт трансплантацыі печані складае $30—35 тыс., трансплантацыі сэрца — $30—50 тыс., ныркі — $6—13 тыс., касцявога мозга — $17—70 тыс. Для беларусаў жа аперацыі па перасадцы органаў і тканак праводзяцца бясплатна.

Як лічыць Прэзідэнт, калі ёсць попыт на такія аперацыі з боку замежных грамадзян і іх гатоўнасць аплачваць лячэнне, то гэты напрамак неабходна развіваць і далей, пашыраць яго.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў цэнтр, пабываў у аддзяленнях трансплантацыі, клетачных тэхналогій, клініка-дыягнастычнай лабараторыі, памяшканнях, дзе праводзіцца забор органаў і тканак, аперацыйным блоку. Ён пагутарыў з пацыентамі — з тымі, хто яшчэ толькі чакае трансплантацыі органаў і каму ўжо зроблены такія аперацыі, хто вярнуўся да звычайнага жыцця. Прэзідэнт зайшоў таксама ў канферэнц-залу цэнтра, куды ў рэжыме оnlіnе была арганізавана трансляцыя аперацыі на печані. У цэнтры таксама ёсць магчымасць правядзення відэаканферэнцый і навучальных семінараў у рэжыме оnlіnе з вядучымі клінікамі Еўропы, Амерыкі, Азіі і Аўстраліі. Акрамя таго, тут упершыню ў Беларусі для падрыхтоўкі студэнтаў створаны вучэбныя класы, у якіх таксама прадугледжана магчымасць оnlіnе-трансляцыі аперацый. Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з тым, як арганізаваны вучэбны працэс.

Як падагульніў Прэзідэнт, у Беларусі будзе і ў далейшым аказвацца падтрымка, у тым ліку і фінансавая, развіццю транспланталогіі. "Мы не настолькі бедныя, каб не даць магчымасці гэтаму развівацца, — сказаў ён. — У імя выратавання людзей грошай не пашкадуем". У той жа час кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што неабходна шукаць энтузіястаў — тых таленавітых урачоў, у каго ёсць жаданне і імкненне развіваць транспланталогію ў краіне.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным пашырэнне ў Беларусі такога напрамку ў медыцыне, як транспланталогія, і стварэнне ў краіне новых цэнтраў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика