Беларусь і Еўропа: цяжкасці перакладу. 21.by

Беларусь і Еўропа: цяжкасці перакладу

29.09.2010 11:05 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Узаемаадносіны з Еўрасаюзам — тэма гутаркі нашага карэспандэнта з вядомым незалежным беларускім эканамістам Л.Ф. Заікам.

- Ці лёгка гандляваць Беларусі з Еўрапейскім саюзам?

- Не проста, хоць ужо многае ў нас атрымліваецца. Спецыфіка тут у тым, што мы будуем свае гандлёва-эканамічныя адносіны не ў цэлым з Еўрасаюзам, а з кожнай яго краінай паасобку. А гэта даволі складаны працэс, бо партнёры часам моцна адрозніваюцца падыходамі да вядзення бізнэсу, менталітэтам. У нас амаль заўсёды былі дастаткова збалансаваныя адносіны з Германіяй, з Францыяй - не ў такой ступені. Крыху лепей з Італіяй, але тут мае ўплыў асабістых адносін кіраўнікоў абедзвюх дзяржаў.

Прашу не забываць, што Еўрасаюз - гэта даволі закрытая тэрыторыя, можна сказаць, своеасаблівы клуб, які ўмее абараняць свае эканамічныя інтарэсы. Тут трэба мець на ўвазе, што патрэбныя па якасці і ўзроўні цэнаў тавары еўрапейцы набываюць па ўсім свеце. Яны могуць сабе дазволіць выбіраць лепшае. І нам не варта моцна разлічваць на нейкія раптоўныя і значныя прарывы беларускіх групаў тавараў на рынкі ЕС, хоць імкнуцца да гэтага трэба. Наш экспарт стрымліваецца і абумоўліваецца пэўнымі квотамі на тэкстыль, іншыя тавары шырокага спажывання.

Акрамя гэтага, нас пакуль у Еўропе ўспрымаюць як пастаўшчыка якасных нафтапрадуктаў. У лепшыя дакрызісныя гады 40 працэнтаў нашага экспарту ў краіны ЕС складалі нафтапрадукты. Асабліва паспяховыя гандлёвыя адносіны склаліся ў нас з Нідэрландамі. Сёлета ў першым паўгоддзі мы прадалі туды нашай прадукцыі, пераважна нафтапрадуктаў, больш чым на мільярд долараў ЗША. Гэтая краіна - наш гандлёвы партнёр нумар адзін у Еўропе. На другое месца можна паставіць Польшчу. З ёй гандлёвы абарот ідзе на сотні мільёнаў долараў. З Вялікабрытаніяй у нас таксама трывалыя гандлёва-эканамічныя сувязі, салідныя паказчыкі ўзаемнага гандлю. Сярод новых членаў ЕС з намі настроены актыўна супрацоўнічаць суседнія Літва і Латвія.

- У ЕС, калі не памыляюся, ёсць спецыяльная праграма па развіцці прыгранічнага гандлю, увогуле памежнага супрацоўніцтва. У свой час і ў нас ускладаліся вялікія надзеі на развіццё так званых эканамічных еўрарэгіёнаў. Сёння пра іх ужо мала ўспамінаюць. Чаму?

- А навошта скаланаць паветра? Памятаю, у свой час стварэнне еўрарэгіёнаў многім у нас здалося вельмі перспектыўнай справай. Некаторыя навукоўцы нават пачалі пісаць дысертацыі на гэтую тэму. Але потым іх энтузіязм знік, бо аказалася, што пісаць няма пра што. Еўрарэгіёны сталі нейкай дэманстрацыйнай пляцоўкай для правядзення кірмашоў і выстаў, якія носяць больш забаўляльны, чым дзелавы характар. А яны, як задумвалася, павінны былі стаць цэнтрамі эканамічнага развіцця канкрэтных рэгіёнаў, прамысловай кааперацыі, стымулам для ўзаемавыгаднага гандлю. Напрыклад, наш сумесны з Польшчай, Расіяй і Літвой еўрарэгіён "Неман" так і застаўся, па вялікім рахунку, структурай на паперы. Як і еўрарэгіёны "Буг", "Днепр", "Азёрны край", "Белавежская пушча". На жаль, сёння ў нас няма еўрарэгіёнаў, якія б займаліся распрацоўкай і рэалізацыяй сумесных гучных праектаў паміж адміністрацыямі, грамадскімі арганізацыямі памежных тэрыторый розных краін. Каб дзяржаўная мяжа паступова ператваралася ў месца эфектыўнага супрацоўніцтва суседзяў.

- Якія, на ваш погляд, значныя праекты з краінамі Еўрасаюза маглі б стаць знакавымі, істотна паскорыць працэс збліжэння, якасна палепшыць узаемавыгадныя стасункі ЕС з Беларуссю?

- Думаю, што будаўніцтва атамнай станцыі з удзелам партнёраў з ЕС магло б стаць прарыўным праектам. Быў шанц узводзіць АЭС сумесна з Францыяй. Але мы гэты буйны заказ аддалі Расіі, з якой ужо ўзніклі сур'ёзныя спрэчкі і непаразуменні па асобных пытаннях узвядзення і наступнай эксплуатацыі АЭС. Калі праблемы не будуць вырашацца, то не выключаю, што ў рэшце рэшт будаваць яе будзем з французамі. Яны, між іншым, адразу былі гатовыя ўдзельнічаць у гэтым праекце.

Засваенне транзітнага патэнцыялу Беларусі, стварэнне сумесных транспартных калідораў, скажам, ад Паўночнай Еўропы да ўзбярэжжа Турцыі, можа стаць агульнай справай на доўгія гады. Энергазберажэнне і выкарыстанне новых крыніц энергіі можа ды і ўжо становіцца перспектыўнай сферай нашага ўзаемадзеяння з еўрапейцамі, у прыватнасці, з немцамі, якія тут дасягнулі значных вынікаў. Ужо ёсць цікавыя канкрэтныя прыклады. Наколькі я ведаю, пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры будзе створаны сумесна з немцамі цэнтр па праблематыцы энергаэфектыўнасці. Там прадстаўнікі прадпрыемстваў і камунальных устаноў змогуць пазнаёміцца з досведам ФРГ па зберажэнні энергіі, а з наступнага года будуць праходзіць адукацыйныя мерапрыемствы для школьнікаў і студэнтаў.

Таксама цікавыя праекты можна было б ажыццяўляць у галіне адукацыі. Калі мы, як аб'яўлена, вырашылі далучыцца да так званага Балонскага працэсу, то нас чакаюць істотныя пераўтварэнні ў адукацыі: ад сістэмы падрыхтоўкі студэнтаў да новых падыходаў у атэстацыі выкладчыкаў. Балонскі працэс увогуле адкрывае вялікія перспектывы для супрацоўніцтва нашых ВНУ з вядучымі еўрапейскімі ўніверсітэтамі.

- У Бруселі лічаць, што новая праграма ЕС пад назвай "Усходняе партнёрства" (яна з'явілася ў многім дзякуючы ініцыятыве Польшчы і Швецыі) уяўляе сабой удалы фармат, у якім могуць паспяхова развівацца і прагрэсіраваць адносіны Беларусі і Еўрапейскага саюза. Вы згодныя?

- Не зусім. Будзем шчырымі, "Усходняе партнёрства" стала пэўным адказам Еўрасаюза на актыўныя спробы Расіі ўзмацніць свой уплыў у былых савецкіх рэспубліках. У чым сэнс гэтай праграмы? Ёсць краіны, якіх у бліжэйшым будучым не прымуць у Еўрасаюз. І вось для іх было прыдумана "Усходняе партнёрства" - своеасаблівая першапачатковая школа для пачынальнікаў. Тым не менш адразу з яе асуджэннем рашуча выступіла Масква. У Крамлі неаднойчы каментавалі праграму як "накіраваную супраць Расіі", ўбачылі схаванае процідзеянне Бруселя аднаўленню былога палітычнага дамінавання Масквы на постсавецкай прасторы. Маскве ў гэтым сэнсе ўдалося прасунуцца ў Кыргызстане, ва Украіне. Цяпер узяліся за Беларусь, Грузію.

Дарэчы, у Бруселі ў свой час абяцалі Маскве зрабіць у 2008 годзе бязвізавы ўезд для грамадзян Расіі ў краіны ЕС. Але чамусьці гэта абяцанне не выконваецца і невядома калі будзе выканана.

- А што вам канкрэтна не падабаецца ва "Усходнім партнёрстве"?

- У прыватнасці, тое, што Брусель прапаноўвае сумесныя праекты ў рамках гэтай праграмы. Скажам, Беларусь і Украіна, Беларусь і Літва. А чаму б не рэалізаваць праект напрамую па лініі ЕС - Беларусь? Мне таксама да канца незразумела, чаму асноўнае фінансаванне "Усходняга партнёрства" атрымаюць Грузія і Украіна? Відаць таму, што ў Бруселі хочуць менавіта гэтыя краіны абараніць ад расійскага ўплыву. І яшчэ баюся, каб "Усходняе партнёрства" не ператварылася ў бюракратычнае супрацоўніцтва брусельскіх еўрачыноўнікаў з нашымі чыноўнікамі. У іх цяпер будзе больш прыемных і, прама скажам, пазнавальных замежных камандзіровак, не вельмі насычаных перамоў у камфортных офісах, шопінгаў, экскурсій і г. д.

- Што перашкаджае больш актыўным кантактам і развіццю дзелавых сувязяў прадстаўнікоў малога бізнэсу, звычайных людзей?

- Шэнгенскі візавы рэжым. На мой погляд, ён з'яўляецца асноўным бар'ерам для грамадзян еўрапейскай краіны Беларусь мець і развіваць нармальныя дзелавыя і чалавечыя сувязі з грамадзянамі іншых, у тым ліку суседніх еўрапейскіх краін. Яшчэ дзесяць гадоў таму мы маглі адносна свабодна ўязджаць у суседнія Літву, Латвію, Польшчу і г. д. А цяпер яны нібы на замку. Што б нам ні казалі нашы партнёры ў Бруселі, сталіцах уплывовых еўрапейскіх краін, але факт застаецца фактам: Беларусь штучна закрылі ад краін Еўрапейскага саюза шэнгенскімі візамі.

У той жа час выхадцы з Арабскага Усходу, Паўднёвай Афрыкі не першы год рабуюць крамы, сотнямі ноччу спальваюць аўтамабілі законапаслухмяных карэнных жыхароў заходнееўрапейскіх краін, займаюцца крадзяжом машын, трафікам наркотыкаў і жывога тавару. І нічога, Еўропа патэтычна разважае аб неабходнасці паскарэння асіміляцыі гэтых новых еўрапейцаў. Увогуле дзіўная рэч — еўрапейская дэмакратыя.У ЕС чужынцы звонку ў масавым парадку парушаюць законы краіны знаходжання, правакуюць беспарадкі і сутыкненні з паліцыяй, а ў той жа момант ад ціхіх і памяркоўных беларусаў адгарадзіліся "жалезнай" заслонай Шэнгена.

- А як вы ставіцеся да кошту шэнгенскай візы ў 60 еўра?

- Цана празмерна высокая. Цікавыя думкі з гэтай нагоды прыходзяць у галаву. Я ў свой час прапаноўваў беларускаму боку ўвесці для чыноўнікаў ЕС плату за візу ў нашу краіну прапарцыянальна кошту шэнгенскай візы для беларусаў. У нас сярэдняя зарплата недзе ў межах 300 еўра. Такім чынам, шэнгенская віза абыходзіцца нашаму сярэднестатыстычнаму даросламу суайчынніку амаль у пятую частку яго месячнага заробку. Дык чаму б за беларускую візу з чыноўнікаў Еўрапейскага саюза высокага рангу не браць прыкладна адну пятую ад яго сярэдняй месячнай зарплаты ў 11-12 тысяч еўра? А гэта будзе ўнушальная сума - каля 1,5-2 тысяч еўра. Можа тады б яны задумаліся, як аптымізаваць кошт шэнгенскай візы для грамадзян Беларусі. Бо ўсе нашы пярэчанні на гэты конт не ўспрымаюцца ў Бруселі: там быццам бы не разумеюць, аб чым мы гаворым. Вось такія, вобразна кажучы, цяжкасці перакладу. Вельмі спадзяюся, што яны часовыя.

- Сёлета ўпершыню Беларусь выйшла на рынак еўрапейскіх аблігацый. Па звестках прадстаўнікоў Міністэрства фінансаў, удалося прыцягнуць у краіну 1 мільярд долараў ЗША. Як вы ацэньваеце гэты крок?

- Са стрыманым аптымізмам. Мы ўзялі ў доўг у Еўропы значную суму грошай пад 8,75% гадавых. Гэта значыць, што кожны еўрапеец, які набыў, скажам, на тысячу еўра нашы даўгавыя абавязацельствы, у год атрымае 87,5 еўра даходу. А кожны жыхар Беларусі, які пакладзе тысячу еўра, скажам, у Беларусбанк, атрымае праз год 60-65 еўра.

- Таксама нядрэнна.

- Вядома, лішніх грошай не бывае. Аднак узнікае пытанне, чаму еўрапеец атрымае на 22,5 еўра больш? Чым ён лепшы за карэннага бабруйчаніна ці жыхара Хойнікаў? Ім бы таксама дадатковыя грошы былі б дарэчы. Я думаю, калі б стаўкі на валютныя ўклады ў нашых банках былі на ўзроўні 8,75% гадавых, то ўдалося б прыцягнуць на дэпазіты гэты мільярд долараў ЗША ад насельніцтва. Магчыма, такі падыход стымуляваў бы нашых людзей да больш актыўнага зберажэння грошай у айчынных банках. А таму еўрапейскія аблігацыі для нас аказаліся дарагімі. Разумею, што краіне патрэбная валюта, што баланс нашага знешнегандлёвага сальда жадае лепшага, але даўгі прыйдзецца аддаваць з працэнтамі.

- "Мы хочам працягваць дыялог з Беларуссю", - так часта гавораць у Мінску і Бруселі высокапастаўленыя прадстаўнікі кіруючых структур ЕС. Як думаеце, гэта толькі ветлівыя словы?

- Я так не думаю. Дыялог такі патрэбны і самому ЕС. Нагадаю, наша краіна ўносіць адчувальны ўнёсак у агульнаеўрапейскія і рэгіянальныя працэсы. У прыватнасці, Беларусь забяспечвае функцыянаванне ключавых транспартных і энергетычных камунікацый, спрыяе барацьбе з нелегальнай міграцыяй, арганізаванай злачыннасцю, гандлем людзьмі, адмываннем брудных грошай, умацаванню ваенна-палітычнай і міжнацыянальнай стабільнасці. Беларусь неаднойчы заяўляла, што гатовая да ўдзелу ў вырашэнні наспелых пытанняў рэгіянальнай бяспекі. Таму для ЕС у свеце цяперашніх геапалітычных рэалій, часткова звязаных з наступствамі сусветнага крызісу, важна развіваць і пашыраць супрацоўніцтва з суседзямі на Усходзе, у тым ліку і з Беларуссю.



 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Еўрасаюз — гэта даволі закрытая тэрыторыя, можна сказаць, своеасаблівы клуб, які ўмее абараняць свае эканамічныя інтарэсы. Тут трэба мець на ўвазе, што патрэбныя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика