З будучыняй — начыстую!
23.10.2010
—
Новости Политики
|
Учора кіраўнік дзяржавы сустрэўся з удзельнікамі Усебеларускай акцыі "Пытанне Прэзідэнту", наладжанай Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і піянерскай арганізацыяй краіны. Магчымасцю задаць пытанне першай асобе дзяржавы ў рамках акцыі скарысталася каля трох тысяч чалавек. У асноўным — школьнікі, навучэнцы прафтэхвучылішчаў, студэнты з розных куткоў Беларусі. 60 хлопцаў і дзяўчат, чые пытанні аказаліся самымі цікавымі ці хвалявалі вялікую колькасць прадстаўнікоў падрастаючага пакалення, запрасілі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Тут іх цікавасць задаволіў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Трэба адзначыць, што дзяцей і моладзь хвалявалі як вузкія, асабістыя моманты, так і тэмы адукацыі, службы ў войску, міжнародных адносін, развіцця нашай краіны. Каля 15 працэнтаў удзельнікаў акцыі задалі кіраўніку дзяржавы пытанні асабістага характару. Адкрываючы сустрэчу, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значнасць падобных акцый. На яго думку, пытанні ад моладзі — своеасаблівы барометр не толькі таго, што цікавіць Беларусь сёння, але і таго, якія праблемы краіна хацела б вырашыць заўтра. Таму, калі Прэзідэнт даведаўся пра акцыю моладзевых арганізацый, папрасіў, каб усе пытанні, вырашаць якія патрэбна на дзяржаўным узроўні, былі прапрацаваныя адпаведнымі органамі ўлады. Звяртаючыся да моладзі, Прэзідэнт адзначыў: "Тое, што вы маеце, успрымаецца як належнае. Вам, напэўна, цяжка ўявіць, што можа быць інакш. Але ж усё пазнаецца ў параўнанні. Вы наўрад ці добра помніце тое, што было пасля распаду Савецкага Саюза". "Вашы бацькі помняць, што адбывалася, калі наша краіна толькі набыла незалежнасць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Было нялёгка, але мы далі сабе слова, што пабудуем краіну, у якой будзе камфортна жыць людзям, і будучыя пакаленні будуць ганарыцца сваёй зямлёй і сваёй краінай. Мы нямала ў гэтым напрамку зрабілі і нават у чымсьці дасягнулі поспехаў". Удзельнікаў акцыі цікавіла, як Аляксандр Лукашэнка ставіцца да БРСМ, а таксама пра тое, ці не з'яўляецца гэтая арганізацыя вяртаннем да мінулага — да камсамола. Паводле слоў Прэзідэнта, ён каля сямі гадоў працаваў у камсамоле і бачыў усе недахопы гэтай арганізацыі. "Я бачыў тую недарэчнасць, якая была тады, фармалізм, бесталковасць, калі ад нас патрабавалі незразумела што", — сказаў ён. Разам з тым у дзейнасці камсамола было і шмат добрага, і гэтага добрага было больш. "Гады, праведзеныя ў камсамоле, проста так для мяне не прайшлі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі б я не працаваў у камсамоле ў свой час, то, можа, я і не стаў бы прэзідэнтам. А калі б і стаў, то, мабыць, мне чагосьці не хапала б. Я не так бы разумеў цяперашнюю моладзь, таму што, не паварыўшыся ў тым катле, не адчуўшы тыя праблемы, якія былі тады ў дзяржаве, было б складана сёння". Нападкі на БРСМ Прэзідэнт лічыць праяўленнем зайздрасці нядобразычліўцаў, у тым ліку апазіцыі, якой не ўдаецца стварыць годнага моладзевага крыла. Адказваючы на пытанне пра сваё стаўленне да БРСМ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта арганізацыя, па сутнасці, з'яўляецца яго "дзіцем". "Што датычыцца таго, што БРСМ — гэта назад у мінулае, — так, ёсць і назад у мінулае, і мінулае не заўсёды было дрэнным. І дай бог, каб тое добрае, якое было ў мінулым, мы не страцілі сёння", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У якасці аднаго са станоўчых прыкладаў ён прывёў існаванне студэнцкіх атрадаў. "Наша моладзевая арганізацыя патрэбна, ёй быць", — падкрэсліў Прэзідэнт. Пры гэтым ён адзначыў: тое, якой быць гэтай арганізацыі, павінна вызначаць сама моладзь. "Вы павінны разумець, і гэта патрабаванне часу, грамадству патрэбны не толькі добрыя спецыялісты, але і патрыёты, якія цанілі б сваю дзяржаву і, атрымаўшы адукацыю, не імкнуліся кудысьці бегчы, можа, за доўгім рублём, а ўсё-такі працавалі ў Беларусі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў значнасць моладзевых і дзіцячых грамадскіх аб'яднанняў. "Калі наша моладзевая арганізацыя будзе такой уплывовай, як калісьці быў камсамол, думаю, я буду шчаслівым чалавекам, таму што мне некалі давялося ініцыіраваць адраджэнне гэтай моладзевай арганізацыі. А наогул я асабіста ганаруся нашай моладдзю, нашым падрастаючым пакаленнем, тымі дзецьмі, якія, напрыклад, перамагаюць на міжнародных прадметных алімпіядах, праславілі краіну на дзіцячым "Еўрабачанні", адстойваюць гонар Беларусі ў спорце, і ўсімі юнымі беларусамі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Хлопчык з Баранавічаў, які ў будучым хацеў бы працаваць на знакамітай птушкафабрыцы "Дружба" і нават узначаліць яе, пацікавіўся ў кіраўніка дзяржавы сакрэтамі поспеху. На думку Прэзідэнта, галоўнае — гэта настойлівае імкненне да мэты. "Галоўны складальнік поспеху — гэта тваё імкненне, тваё жаданне ісці, паўзці, караскацца да той вяршыні, якую ты бачыш і якую вызначыў сабе як мэту ў жыцці", — лічыць кіраўнік дзяржавы. Сярод якасцяў чалавека, неабходных для дасягнення поспеху, Аляксандр Лукашэнка вылучыў таксама адукаванасць і цвёрды характар. Акрамя таго, на яго думку, неабходна быць сумленным, шчырым і справядлівым. Гаворачы пра сябе, пра той час, калі ён стаў Прэзідэнтам, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Гэта, напэўна, поспех — стаць прэзідэнтам, першым у дзяржаве — гэта пачэсна, ды яшчэ ў 38 гадоў. У гэтым узросце чалавек, напэўна, яшчэ не зусім гатовы быць прэзідэнтам. Мы вырашылі зрабіць жыццё людзей лепшым, народ паглядзеў і даверыў гэтую пасаду". "Сказаць, чаму гэта адбылося, я не магу, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Тут сышлося вельмі многае, але я не хачу цяпер аналізаваць гэтае пытанне". Безумоўна, многіх юнакоў хвалюе пытанне тэрміновай службы ў войску. Поўны перавод арміі на кантрактную аснову ў Беларусі не плануецца, паведаміў Галоўнакамандуючы. Часта паняцці аб "прафесійнай" і "кантрактнай" арміі падмяняюцца. "... І што значыць — перавод арміі на прафесійную аснову? У нас уся армія прафесійная". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі завершаная рэформа Узброеных Сіл, у далейшым жа будуць дашліфоўвацца асобныя моманты. Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне вызначаныя тыя пасады, дзе людзі павінны служыць прафесійна. Ёсць вялікі пласт прафесій і спецыяльнасцяў, дзе маладыя хлопцы нясуць тэрміновую службу. У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што існуе праблема: з той колькасцю Узброеных Сіл, якая існуе, не ахопліваецца службай усё мужчынскае насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў беларускай арміі няма страшэнных фактаў дзедаўшчыны, а калі дзесьці і ёсць такія факты, то іх вельмі жорстка адсочваюць.Аляксандр Лукашэнка лічыць, што кожны малады чалавек павінен прайсці службу ў арміі — гэтую своеасаблівую школу мужнасці. "Калі мы пачалі скарачаць набор ва Узброеныя Сілы маладых людзей, я падумаў: што гэта будзе за мужчына, калі ён не паслужыў у арміі?" — сказаў Прэзідэнт. Ён дадаў, што яго старэйшыя сыны таксама неслі службу ў арміі. "Армія робіць маладога чалавека сапраўдным мужчынам. Гэта школа мужнасці, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — У арміі трэба служыць, калі ты хочаш быць сапраўдным чалавекам, сапраўдным мужчынам. А дзяўчатам раю, каб яны знаходзілі сабе спадарожнікаў жыцця сярод тых, хто ведае, што такое армейскае жыццё. Тады ён будзе пераадольваць усе нягоды вашага жыцця і не будзе скардзіцца". Адно з пытанняў Прэзідэнту з дапамогай канферэнц-сувязі задала школьніца са Слуцка Паліна Сыцько, якая з-за хваробы мае абмежаваныя магчымасці. Яна пацікавілася ў Прэзідэнта, ці можа чалавек з абмежаванымі магчымасцямі атрымаць паўнацэнную адукацыю і знайсці дастойную работу, каб прыносіць карысць сваёй сям'і і краіне. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ствараюцца ўсе ўмовы, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі нармальна жыць і працаваць, атрымліваць вышэйшую адукацыю. У тым ліку і з дапамогай высокіх тэхналогій. У той жа час, на яго думку, такі чалавек усё роўна павінен канкурыраваць разам з усімі, паказваць свае здольнасці. "Мы такім людзям дапамагаем, і яны знаходзяцца на кантролі", — сказаў Прэзідэнт. Паліна Сыцько нядрэнна малюе. Яна скарысталася магчымасцю і падарыла кіраўніку дзяржавы адну са сваіх карцін, чым вельмі яго расчуліла. Што ж датычыцца інфармацыйных тэхналогій, то кіраўнік дзяржавы адзначыў, што "недалёкі той дзень, калі высакаскорасны інтэрнэт прыйдзе ў вёску". Ён падкрэсліў, што ў гэтым плане Беларусь не адстае ад іншых дзяржаў. Як дадаў начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Усевалад Янчэўскі, кіраўніком дзяржавы прынятыя ўсе неабходныя рашэнні, і ўжо да канца года ў Беларусі павінна адбыцца сапраўдная "рэвалюцыя" ў гэтай галіне. Адна з удзельніц акцыі пацікавілася ў кіраўніка дзяржавы яго меркаваннем наконт ролі жанчыны ў сучасным грамадстве: яна ў першую чаргу павінна выхоўваць дзяцей або будаваць кар'еру? "Тое, што Бог прадвызначыў жанчыне быць маці, неаспрэчна. Якая кар'ера ні была б, вам давядзецца займацца выхаваннем сваіх дзяцей. Я хачу, каб наша жанчына нараджала не менш за трох дзяцей", — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, дзяржава вельмі шмат робіць для абароны мацярынства і дзяцінства, а ў будучым будзе рабіць яшчэ больш. Прыярытэтная ўвага ў гэтым плане будзе ўдзяляцца забяспечанасці жыллём. "Калі нарадзіла трое дзяцей, ты атрымаеш жыллё за невялікую цану, а можа, і бясплатна — у залежнасці ад развіцця эканомікі. Калі ў сям'і чацвёра-пяцёра дзяцей, то гэта сапраўды бясплатная кватэра. Мы будзем узмацняць падтрымку такіх сем'яў. На гэта мы будзем нацэльваць наш урад і грамадства", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што забеспячэнне дэмаграфічнай бяспекі становіцца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці дзяржавы. Паводле яго слоў, неабходна, каб у Беларусі пражывалі як мінімум 20 млн чалавек. Акрамя таго, Прэзідэнт падкрэсліў, што жанчына не павінна адна выхоўваць дзяцей, і ў гэтым важная роля адводзіцца мужчыну. "Адказнасць за выхаванне дзяцей ляжыць не толькі на жанчыне, але і на мужчыне, і яшчэ цяжка сказаць, на кім больш", — сказаў ён. Што датычыцца кар'ернага росту, то Прэзідэнт адзначыў, што жанчынам асабіста ён давярае больш, чым мужчынам. Жанчыны больш акуратныя, асцярожныя, адказныя і менш карумпаваныя. Гаворачы пра ўдзел жанчын у жыцці грамадства, кіраўнік дзяржавы прывёў у якасці прыкладу тое, што больш за 30 працэнтаў членаў беларускага парламента — жанчыны. Амаль палову месцаў яны займаюць у органах мясцовай улады, многія жанчыны працуюць на розных кіруючых пасадах. Не пагадзіўся кіраўнік дзяржавы з меркаваннем наконт таго, што працуючыя пенсіянеры займаюць пасады і не даюць ходу моладзі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што вострай праблемы ў Беларусі з беспрацоўем няма, асабліва ў проціпастаўленні да пенсіянераў. У якасці прыкладу ён згадаў забастоўкі, што прадаўжаюцца ў Францыі, дзе людзі пратэстуюць супраць павелічэння пенсійнага ўзросту. "У нас, як вы ведаеце, пенсійны ўзрост для жанчын — 55 гадоў і 60 — для мужчын. Нам не трэба падымаць пенсійны ўзрост", — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка не лічыць праблемай, што многія пенсіянеры працягваюць працаваць. "Нельга выпіхваць пенсіянераў на вуліцу, — падкрэсліў ён. — Нельга крыўдзіць старых, і мы іх выганяць з работы не будзем — не такія вялікія ў іх пенсіі. А вопыт у іх велізарны, і вельмі многія яшчэ могуць эфектыўна працаваць". Думаю, пакуль у нас такой вострай праблемы няма. Ёсць пэўныя прафесіі і пасады, дзе, можа, пенсіянеры затрымаліся. Але, калі кіраўнік трымае, значыць, яны штосьці могуць", — рэзюмаваў Прэзідэнт. Моладзі б хацелася мець на тэлебачанні "свой" канал. Аляксандр Лукашэнка не супраць, аднак для гэтага пакуль яўна недастаткова моладзевых праграм. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што да пытання стварэння асобнага моладзевага канала ў краіне падыходзілі ўжо неаднойчы. "Ведаю, што вы крытыкуеце "Знамя юности", ведаю, што вы крытыкуеце каналы за тое, што там мала моладзевых праграм. А ніхто не закрывае магчымасці ствараць на тэлебачанні моладзевыя праграмы", — сказаў Прэзідэнт. На думку Аляксандра Лукашэнкі, спачатку неабходна стварыць такую колькасць праграм, цікавых моладзі, каб у далейшым іх можна было трансліраваць на асобным канале. "Давайце пачнём з малога — з моладзевых праграм. Дзе яны? Тыя, якія глядзелі б людзі. Калі ты прыбег дадому, адразу кнопку націскаеш, шукаеш канал, каб паглядзець моладзевую перадачу. Няма такога", — адзначыў ён. "Стварыце спачатку праграмы, а потым размова пойдзе пра канал, — сказаў Прэзідэнт. — Тут усё залежыць ад вас, не ад мяне". Сяргей ПРОТАС. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора кіраўнік дзяржавы сустрэўся з удзельнікамі Усебеларускай акцыі "Пытанне Прэзідэнту", наладжанай Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і... |
|