Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў больш актыўна развіваць агратурызм і не ствараць перашкод патэнцыяльным інвестарам
02.11.2010
—
Новости Политики
|
Гэта патрабаванне ён агучыў 30 кастрычніка, наведваючы агратурыстычны комплекс "Фермерская гаспадарка "Белавежтур" у Пружанскім раёне. "Пакуль не позна, трэба своечасова, абдумаўшыся, як у свой час у сельскай гаспадарцы, развіваць агратурызм", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што інвестарам, якія прыходзяць у гэты бізнэс, нельга ствараць штучных перашкод. Расійскі прадпрымальнік ураджэнец вёскі Клятное Мікалай Бурнос, за кошт якога тут і пабудавана фермерская гаспадарка, расказаў кіраўніку дзяржавы, што ёсць некаторыя праблемы па ўзгадненні праектаў з уладамі. Аляксандр Лукашэнка прыняў бок інвестара і строга ўказаў чыноўнікам на недапушчэнне такога ў будучым. "Што тут за праблема? Чалавек добраўпарадкаваў, райскі куток зрабіў, не, абавязкова яму трэба стварыць якія-небудзь праблемы! — сказаў Прэзідэнт. — Якіх вы сюды інвестараў будзеце прыцягваць, калі будзеце ўсё валакіціць?!" Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ад развіцця турыстычнай галіны можна атрымліваць вялікі прыбытак. Як далажыў Прэзідэнту міністр спорту і турызму Беларусі Алег Качан, за 5 гадоў экспарт турыстычных паслуг у Беларусі павялічыўся ў 10 разоў. У мінулым годзе паступленні ад міжнароднага турызму павялічыліся на 1 працэнт. Паводле яго слоў, гэта нямнога, але, галоўнае, што ўдалося не дапусціць спаду, як гэта адбылося ў суседніх краінах. "Агратурызмам трэба займацца, гэта вельмі вялікія грошы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка ў той жа час лічыць, што дзяржаве таксама неабходна ствараць адпаведную інфраструктуру ў месцах, куды ў будучым можна прыцягваць турыстаў. "Калі мы створым умовы, значыць, будзе вынік. І не трэба спадзявацца, што прыйдуць інвестары. Самім трэба думаць, як ствараць тут інфраструктуру. Прыйдуць інвестары — дзякуй ім, мы павінны іх прымаць сардэчна", — сказаў ён. Прадпрымальнік Мікалай Бурнос у сваёй роднай вёсцы Клятное стварыў цэлы турыстычны комплекс. Тут пабудавана гасцініца на 36 месцаў, 8 гасцявых домікаў, кафэ, будуюцца лазня, саўна і басейн, а таксама спарткомплекс. У будучым з'явіцца яшчэ адна гасцініца на 100 месцаў. Як адзначыў сам бізнэсмен, сюды на адпачынак прыязджае вельмі шмат турыстаў. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў прадпрымальніку браць новыя ўчасткі зямлі і будаваць там турыстычныя комплексы, калі гэта такі выгадны бізнэс, запрашаць сюды такіх жа беларусаў-бізнэсменаў. "Няхай едуць, будуюць. Будзе канкурэнцыя, будзе змяняцца цана". Прыцягненню большай колькасці замежных турыстаў у рэгіён Белавежскай пушчы можа таксама дапамагчы арганізацыя рэгулярных міжнародных рэйсаў у брэсцкім аэрапорце. Адпаведнае даручэнне, наведваючы агратурыстычны комплекс, даў Аляксандр Лукашэнка. "Рашэнне прынята — займайцеся. Але праз год каб ляталі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Добры аэрапорт, добрае месца. Калі трэба, адрамантуйце ўзлётна-пасадачную паласу". Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу чыноўнікаў на пытанні экалогіі: развіваць турызм трэба так, каб не нашкодзіць навакольнаму асяроддзю. "Мы так закруцім гайкі па экалогіі, што ў кожнага косці будуць трашчаць", — папярэдзіў ён, даручыўшы прывесці ў парадак усе землі. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што па перыметры Белавежскай пушчы павінен быць ідэальны парадак. Акрамя таго, у абарот неабходна вярнуць усе добрыя ў сельскагаспадарчым плане землі. Другой тэмай рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Пружанскі раён стала будаўніцтва аб'язной дарогі вакол Нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць высокую якасць пры будаўніцтве як гэтай, так і іншых аўтадарог у рэспубліцы. "Трэба, каб было дастаткова з'ездаў з дарогі каля вёсак і тых месцаў, дзе ў перспектыве магчыма развіццё прыдарожнага сэрвісу або агратурызму, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Усё рабіце па-гаспадарску — без празмернасцяў, але каб было надзейна". Паводле яго слоў, "такім чынам мы будзем далей прыводзіць у парадак усю краіну". Потым Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў аграгарадок "Жураўліны", дзе яму далажылі аб сацыяльным развіцці і добраўпарадкаванні гэтага і іншых аграгарадкоў Пружанскага раёна, а таксама аб эканамічным і сацыяльным развіцці ААТ "Жураўлінае". Гаворачы аб рэалізацыі праграмы па будаўніцтве ў Беларусі аграгарадкоў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ трэба будзе праверыць іх якасць. "Я хутка пачну вас варушыць на ўсю катушку. Таму што далажылі, што вы зрабілі 1,5 тыс. аграгарадкоў — усё пабудавалі. А цяпер мы пачнём глядзець, ёсць жа стандарт аграгарадка. Што там зроблена, ці ўсё зроблена", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да чыноўнікаў. На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка ўсклаў кветкі да помніка ахвярам фашызму, які ўзведзены на ўскраіне аграгарадка на месцы брацкай магілы расстраляных жыхароў вёскі. Як расказалі Прэзідэнту сведкі тых страшных падзей, фашысты на гэтым месцы расстралялі 182 чалавекі. Пасля жалобнай цырымоніі Прэзідэнт пагутарыў з мясцовымі жыхарамі, пасля чаго па традыцыі адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ. На гэты раз журналістаў цікавілі перспектывы прыцягнення ў краіну інвестыцый, перадвыбарная тэматыка, адносіны Беларусі з ЕС і меркаванне кіраўніка дзяржавы аб неабходнасці і магчымасці рэфармавання АБСЕ. У прыватнасці, у Прэзідэнта спыталі, ці плануецца ў Беларусі рабіць якія-небудзь новыя захады па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату і ці можна чакаць у будучым годзе паступлення ў краіну новых інвестыцыйных патокаў, за выключэннем ужо вядомых кітайскіх сродкаў. Прэзідэнт адзначыў, што кітайскія інвестыцыі, хоць і з'яўляюцца самымі буйнымі, не адзіныя ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што "інвестыцыі інвестыцыям не роўныя, гледзячы што хочуць інвестары". "Так, заўтра мы можам атрымаць, напрыклад, мільярдаў пяць, можа, сем інвестыцый на прыватызацыю калійнага камбіната, нафтаперапрацоўчай галіны — яшчэ мільярдаў пяць-сем. Але хіба нам патрэбны такія інвестыцыі? — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба прывыкнуць да таго, што калі хтосьці нас крэдытуе, то гэта за зваротныя грошы, іх трэба вяртаць. Таму патрэбны акупныя праекты". Гаворачы аб палітычнай кампаніі, што праходзіць у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для яго не важна, колькі кандыдатаў будзе змагацца за прэзідэнцкую пасаду. "Мне ўсё роўна: будзе іх 17 або ў альтэрнатыве будзе адзін, ці двое. Калі яны сапраўдныя палітыкі, яны змагацца будуць. Калі яны ніякія — хутчэй за ўсё, пабаяцца ўступаць у адкрытую палітычную бойку", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён дадаў, што "бойкі не будзе, мы будзем вельмі дастойна сябе паводзіць". Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў яго не было часу, каб сур'ёзна заняцца перадвыбарнай кампаніяй. "Я нават, шчыра кажучы, не ведаю, колькі сабрана ў мяне подпісаў", — сказаў ён. Паводле слоў Прэзідэнта, на мінулым тыдні было сабрана ўжо 1 млн 300 тыс., з улікам розных памылак і недахопаў у выніку іх, магчыма, застанецца менш. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не збіраецца весці ніякай палітычнай агітацыі і прапаганды, а будзе спакойна працаваць так, як і рабіў да гэтага часу. "Як працую цяпер, так і буду працаваць, — адзначыў Прэзідэнт. — Што я буду вам гаварыць пра сябе? Вы выдатна ведаеце, як я працаваў, як буду працаваць. Вы, нават не чытаючы праграмы, ведаеце, што я буду рабіць. Таму што я ўжо ўсё расказаў". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што разгледжаны ўжо ўсе напрамкі і вызначана, як мы будзем працаваць у новай пяцігодцы. Да таго ж на Усебеларускім народным сходзе будзе зацверджаны пяцігадовы план развіцця краіны. Паводле слоў Прэзідэнта, за гэта таксама крытыкуюць дзейную ўладу. "Ах, плануюць. Так, плануем. Але мы адкрыта гаворым, што мы зробім. І перш чым сказаць, што мы зробім у будучай пяцігодцы, мы павінны адказаць, а што зроблена за папярэднія пяць гадоў. Няхай хтосьці паспрабуе ў свеце сказаць, што ён канкрэтна зробіць і потым зробіць справаздачу. Ніхто. Гэта таксама вялікая нагрузка і абавязак улады", — адзначыў Прэзідэнт. Што датычыцца прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму абсалютна ўсё роўна, якую тактыку яны выберуць. "Спачатку іх было ці то 17, ці то 19. Потым па пэўных прычынах яны пачалі, як у народзе кажуць, зварочваць з гэтай дарожкі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Калі з насельніцтвам не сутыкаешся, здаецца, усё дрэнна, за нас людзі прагаласуюць. Пайшлі да народа. Аказалася, што і подпісы складана сабраць. Калі б я не звярнуўся і не папрасіў людзей, каб яны падпісаліся за іх, дык яны б і подпісы не сабралі. І вось, сутыкнуўшыся з меркаваннем народа лоб у лоб, яны зразумелі, што нуль і адну сотую працэнта або, колькі там можа быць, адзін, два, тры, пяць працэнтаў могуць набраць на выбарах", — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяпер прэтэндэнтамі ў кандыдаты выпрацоўваецца своеасаблівая тактыка: "калі ўжо не выйграем у Лукашэнкі, давай або здымацца, або пакінем аднаго-двух". "Каб зберагчы, як яны гавораць, сябе ад разгрому, трэба здымацца. Першая тактычная хітрасць у іх: пакінуць Лукашэнку аднаго. Калі ласка! Мяне гэта не напружвае", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што людзі зразумеюць прычыны такіх дзеянняў. "Людзі зразумеюць, чаму яны не пайшлі змагацца за гэту пасаду. Зноў бізнэс, зноў грошы, хтосьці дзе-небудзь штосьці сабе атрымаў, патрошку на год-два-тры хопіць, а там новыя выбары, там яшчэ хтосьці, напэўна, дасць", — сказаў Прэзідэнт. "Мне ўсё роўна, колькі іх будзе. Галоўнае для мяне, каб людзі былі забяспечаны ўсім неабходным, як заўсёды, і завяршыць усё тое, што мы калісьці пачыналі, можа, нават і 10 гадоў таму: у сельскай гаспадарцы, у прамысловасці , інфраструктуры, транспарце", — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што па ўсіх стратэгічна важных для нас напрамках, пачынаючы ад энергетыкі і заканчваючы вёскай, рашэнні прыняты. Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы яго меркаваннем аб тым, чаму такое праяўленне дэмакратыі, як Усебеларускі народны сход, апазіцыяй успрымаецца ў штыкі. У прыватнасці, многія апазіцыйныя інтэрнэт-выданні ахрысцілі гэты сход "палітычнай дэкарацыяй". У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка задаў рытарычнае пытанне: "А што наша так званая апазіцыя не прыняла ў штыкі?" "Мне часам іх шкада. Усё, чым яны займаюцца, — каменціруюць мае дзеянні. Дык у нас журналісты, каментатары ёсць — яны ўсё адкаменціруюць і пракаменціруюць", — дадаў ён. "Пара б ужо заявіць аб тым, што вы (апазіцыя) зрабілі за гэты час — пісьменнікі, не пісьменнікі; паэты, не паэты — скажыце, што вы зрабілі за гэты прамежак часу, што вы пражылі, і потым скажыце, што вы будзеце рабіць. Што вы ўсё глядзіце, што там дзейны Прэзідэнт робіць або не робіць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Народ жа гэта ўсё чытае і думае: "А вы што?". "Таму — непаўнацэнныя людзі", — дадаў беларускі лідар. Наконт Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт адзначыў, што ён пройдзе ўжо чацвёрты раз. "Што тут дрэннага? Мы зацвярджаем перспектыву, і гэта план дзеянняў цяперашняй улады, цяперашняга Прэзідэнта. І не толькі я, але і ўсе, хто там будзе, яны прымуць гэту праграму, і я як Прэзідэнт абавязаны выканаць гэту праграму", — падкрэсліў ён. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў: "Калі камусьці хочацца, каб гэта былі нейкія "дэкарацыі" ці яшчэ штосьці, — калі ласка, няхай так лічаць, мяне таксама гэта не вельмі напружвае". "Мы ідзём сваім шляхам. Сабака брэша — караван ідзе, — дадаў Прэзідэнт. — Таму трэба супакоіцца і ісці сваёй дарогай". Ён таксама заўважыў, што і некаторыя прадстаўнікі апазіцыі хочуць трапіць на Усебеларускі народны сход. "Ці выберуць іх там — не выберуць, хаця наўрад ці. Але калі гэта "дэкарацыі", навошта тады ісці туды, замест дэкарацый ці што? Не заўсёды паслядоўныя нашы так званыя апазіцыянеры", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. Што датычыцца адносін Беларусі і Еўрапейскага саюза, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што бакі выбудуюць канструктыўныя адносіны. "Ніколькі не сумняваюся, што мы знойдзем з еўрапейцамі патрэбны алгарытм дзеянняў і выбудуем нашы адносіны", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. "Хоць я не магу цяпер крыўдзіцца, што ў нас няма якіх-небудзь адносін", — дадаў ён. Прэзідэнт лічыць, што галоўнае ў адносінах сёння — гэта эканоміка. "Я не сказаў бы, што на нас на Захадзе больш націскаюць, чым на Усходзе. Ідзе канкурэнтная барацьба..." Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён спакойна ставіцца да меркаванняў аб тым, што апошнія візіты еўрапейскіх палітыкаў у Беларусь быццам бы сведчаць аб падтрымцы, што аказваецца Лукашэнку з боку Еўропы. "Калі шчыра гаварыць, наўрад ці ў Лукашэнку еўрапейцы бачаць свайго ідэальнага партнёра. Але калі народ выбера таго ж Лукашэнку, то еўрапейцы не дурні: яны ж выдатна разумеюць, што ёсць такая краіна ў цэнтры Еўропы, з якой трэба мець справу", — лічыць Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што спроба еўрапейскіх улад па ізаляцыі Беларусі нічога не прынесла, і яны гэта самі прызнаюць. Як лічыць Прэзідэнт, "дэмакратычным дзяржавам ёсць чаму павучыцца ў Беларусі". "У нас паліцэйскія з аўчаркамі на народ не кідаюцца, слёзатачывы газ мы ніколі не прымянялі і нават вадамёты. Таму нас у гэтым не папракнеш. Але недахопаў хапае і ў нас. Але ў іх яшчэ больш. Апошнія падзеі аб гэтым сведчаць", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць, што Беларусь выбудуе адносіны з еўрапейцамі. "Тое, што да нас прыязджаюць еўрапейцы і пачынаюць размаўляць, — у гэтым ёсць іх цікавасць, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Чаму прыехала Прэзідэнт Літвы? Ды таму што акрамя палітыкі ў нас яшчэ ёсць і канкрэтная эканоміка". Ад перавалкі беларускіх грузаў у Літве фарміруецца 30 працэнтаў бюджэту. "Што, гэта мала? Таму і я паехаў бы", — дадаў беларускі лідар. У сваю чаргу прадаўжэнне санкцый адносна 41 беларускага чыноўніка Аляксандр Лукашэнка лічыць унутранай справай ЕС. У прыватнасці, кіраўніка дзяржавы папрасілі пракаментаваць рашэнне Еўрасаюза аб прадаўжэнні на адзін год санкцый адносна беларускіх чыноўнікаў і мараторыю на іх прымяненне для пяці чалавек. Журналісты пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі, ці можа гэта рашэнне паўплываць на якасць дыялога Беларусь — ЕС. "Мяне гэта пытанне абсалютна не напружвае. Яно для мяне абсалютна зразумелае, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. — Гэта бесталковае рашэнне, якое ў свой час было прынята, але з гэтага ж трэба неяк выйсці і захаваць твар. Таму мне здаецца, што гэта якраз адпаведны выхад з той сітуацыі, якая складвалася". Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненне ў тым, што АБСЕ будзе рэфармавана. "Не думаю, што мы зоймемся рэфармаваннем АБСЕ. Вельмі розныя плыні ў гэтай арганізацыі, вельмі розныя мэты ставяць гэтыя 50 з лішнім дзяржаў", — сказаў ён. У той жа час, на думку Прэзідэнта, гэта арганізацыя ўсё ж мае патрэбу ў рэфармаванні. "АБСЕ павінна займацца праблемамі бяспекі і супрацоўніцтва. А мы АБСЕ ведаем па якіх пытаннях? Выбары, прыехалі, паназіралі, штосьці напісалі. Усё! Больш АБСЕ не бачым і не чуем. Таму яна і мае патрэбу ў рэфармаванні і выкананні сваіх статутных функцый", — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта патрабаванне ён агучыў 30 кастрычніка, наведваючы агратурыстычны комплекс "Фермерская гаспадарка "Белавежтур" у Пружанскім раёне. "Пакуль не позна,... |
|