Уладзімір Макей: "Заклiкаючы на плошчу, альтэрнатыўныя кандыдаты рыхтуюць правакацыю". 21.by

Уладзімір Макей: "Заклiкаючы на плошчу, альтэрнатыўныя кандыдаты рыхтуюць правакацыю"

14.12.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб гэтым заявiў 11 снежня ў iнтэрв'ю праграме "Карцiна свету з Юрыем Казiяткам" на тэлеканале "РТР-Беларусь" кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Уладзiмiр Макей, паведамляе БЕЛТА.

Уладзiмiр Макей упэўнены, што некаторыя прэтэндэнты на прэзiдэнцкую пасаду адназначна нацэльваюць сваiх прыхiльнiкаў на стварэнне прыгожай карцiнкi для заходняга тэлебачання, каб потым сказаць: "Бачыце, якая ў нас улада жорсткая, як яна жорстка абыходзiцца са сваiмi выбаршчыкамi".

"Мы гэта праходзiлi ўжо. Думаю, ва ўлады дастаткова сiл i сродкаў, каб адрэагаваць спакойна i дастойна на такiя заклiкi i сiтуацыю", — падкрэслiў Уладзiмiр Макей, дадаўшы, што i моладзь цяпер ужо далёка не тая, якая была нават пяць-дзесяць гадоў таму. Маладыя людзi не прымаюць такiх падыходаў.

Кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта лiчыць, што заклiкi выйсцi на плошчу — гэта спосаб альтэрнатыўных кандыдатаў адпрацаваць грошы, атрыманыя ў свой час на правядзенне перадвыбарчай кампанii, на арганiзацыю такiх мерапрыемстваў, схаваўшыся за спiны "гэтакiх бязвусых юнакоў". "Думаю, што бацькi, асаблiва мацi, таксама выдатна разумеюць, што значаць такiя плошчы для iх дзяцей. Больш таго, ужо цяпер вядома, што яны не збiраюцца мiрным чынам праводзiць гэта мерапрыемства. Ужо закупляюцца цёплыя рэчы, рыхтуюцца пiратэхнiчныя i выбуховыя сродкi", — сказаў Уладзiмiр Макей.

Кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта падкрэслiў: плошча — не вырашэнне праблем. У доказ сваiх слоў ён прывёў думку выдатнага рускага фiлосафа Бярдзяева, якi гаварыў, што ўсялякая рэвалюцыя ёсць зло, што ў ходзе рэвалюцыi адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў i, больш таго, усе каштоўнасцi абясцэньваюцца, сцiраецца адрозненне памiж дабром i злом, i самога народа ў рэвалюцыi не вiдаць. Акрамя таго, заклiкi выйсцi на плошчу — прыкмета палiтычнага бяссiлля кандыдатаў у прэзiдэнты. Гэта ж адзначаюць i апазiцыйныя палiтолагi.

На думку Уладзіміра Макея, выступленні альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты пакідаюць гнятлівае ўражанне.

"Я гэта гавару не толькі як кіраўнік Адміністрацыі, але і як чалавек", — адзначыў Уладзімір Макей. Ён выдзеліў у заявах асобных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду два асноўныя пасылы: першы — усё дрэнна, другі — я прыйду да ўлады і зраблю народ заможным, але ніхто не гаворыць, якім чынам. Таксама, на думку Уладзіміра Макея, у выказваннях некаторых кандыдатаў прасочваецца пагардлівае стаўленне да народа, паколькі ўсё, што зроблена добрага за апошнія гады, не заўважаецца або аплёўваецца.

Уладзімір Макей прывёў некалькі прыкладаў. Так, адзін з кандыдатаў, паэт, які цяпер, на думку кіраўніка Адміністрацыі, "ператварыўся ў палітычнага акцёра", правёў пяць гадоў у бягах за мяжой, спалохаўшыся адказнасці за растрату грошай. Вярнуўшыся назад, ён гаворыць, што гатовы пасля прыходу да ўлады прадаць Расіі ўсё, на яго погляд, нам непатрэбнае і ў чым зацікаўлены расійскі капітал, — нафтавыя прадпрыемствы, газаправоды і інш. Сам жа ён не ўклаў ні крыхі сваёй працы ў стварэнне гэтай інфраструктуры.

"Або прапануе раздаць усю зямлю ў прыватныя рукі, маўляў, мы створым вялікую колькасць фермерскіх гаспадарак і зажывём заможна. Атрымліваецца, усё тое, што мы з цяжкасцю стваралі, усё, што цяпер пачало прыносіць даходы (а гэта $3 млрд экспарту прадуктаў харчавання за год), мы павінны разбурыць. Навошта разбураць тое, што ўжо цяпер эфектыўна працуе", — не можа зразумець Уладзімір Макей.

Яму таксама агідна ад заяў кандыдата, які называе сябе вопытным дыпламатам, аб тым, што ўся ўлада крадзе, чыноўнікі жыруюць, усе яны казнакрады і інш. Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі, калі ёсць такія папрокі, то няхай называюцца канкрэтныя прозвішчы. Прэзідэнт вельмі патрабавальна ставіцца да такіх рэчаў, і ні адзін чалавек, які ўчыняе якія-небудзь праступкі, не пазбягае пакарання.

Уладзімір Макей таксама скептычна ставіцца да выказванняў аднаго "вядомага" эканаміста, які гаворыць аб стварэнні мільёна рабочых месцаў. "Спачатку ён прапануе прыватызаваць прадпрыемствы, у выніку чаго з'явіцца як мінімум 3 млн беспрацоўных, а пасля стварыць 1 млн рабочых месцаў", — сказаў Уладзімір Макей. Ёсць шмат супярэчнасцяў і ў прамовах іншых альтэрнатыўных кандыдатаў.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ўпэўнены: грамадзяне ўважліва паставяцца да такіх заяў прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду і змогуць убачыць, што стаіць за прыгожымі словамі. У Беларусі многае зроблена за апошнія гады: гарады абнавіліся, пабудаваны і мадэрнізаваны прадпрыемствы, установы аховы здароўя, культурныя і спартыўныя аб'екты. Пра ўсе гэтыя поспехі забываюць згадаць альтэрнатыўныя кандыдаты, магчыма, таму, што ім больш знаёмая архітэктура замежжа, чым нашых абласных цэнтраў, райцэнтраў, малых гарадоў і пасёлкаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым заявiў 11 снежня ў iнтэрв'ю праграме "Карцiна свету з Юрыем Казiяткам" на тэлеканале "РТР-Беларусь" кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Уладзiмiр...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика