Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь і Расія павінны разам адказваць на выклікі сучаснасці". 21.by

Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь і Расія павінны разам адказваць на выклікі сучаснасці"

26.11.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларусь і Расія падпісалі пагадненне аб продажы "Газпраму" акцый "Белтрансгаза" і кантракты аб аб'ёмах і ўмовах паставак і транзіту расійскага прыроднага газу ў Беларусь на 2012—2014 гады, перадае БЕЛТА.

Падпісанне гэтых дакументаў адбылося па выніках пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы ў Маскве ў прысутнасці прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева. Таксама падпісана міжурадавае пагадненне аб прадастаўленні ўраду Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі. Адбылося заключэнне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж ААТ "Беларускі аўтамабільны завод" і ААТ "Мечэл".

Акрамя таго, бакі падпісалі пагадненне аб парадку ажыццяўлення кантролю за наяўнасцю і мэтавым выкарыстаннем прадукцыі ваеннага прызначэння, якая пастаўляецца ў рамках Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва ад 10 снежня 2009 года.

Па традыцыі двухбаковая сустрэча папярэднічала пасяджэнню Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Гэта ўжо чацвёртая сустрэча прэзідэнтаў за апошнія паўгода. Кіраўнікі дзяржаў сустракаліся ў жніўні падчас нефармальнага саміту АДКБ у Астане, у Сочы, а таксама роўна тыдзень таму ў расійскай сталіцы на трохбаковых перагаворах з удзелам прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў у час двухбаковай сустрэчы прыйшлі да адзінага меркавання, што Беларусь і Расія павінны разам адказваць на выклікі, якія ўзнікаюць на сучасным этапе перад дзяржавамі.

"Мы абмяркоўвалі многія праблемы і, шчыра скажам, выклікі, якія сёння ўзнікаюць перад нашымі дзяржавамі. Мы гэта не ўтойваем. Можа, вельмі публічна аб гэтым не гаворым. Але выклікі вялікія", — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прэзідэнты сышліся на думцы, што перад гэтымі выклікамі "хто-хто, а Беларусь і Расія павінны быць разам". "Гэта павінны ведаць усе", — падкрэсліў ён. "Абмяркоўваючы цяпер гэтыя пытанні, мы сказалі, што гэта непарушна", — дадаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, бакі вырашылі, што павінны падпісаць усё, што падрыхтавана парадкам дня, каб нічога не адкладваць і не разбураць. "З'явіліся некаторыя нюансы, мы дамовіліся, што мы можам на працягу гэтага года гэтыя праблемы абмеркаваць і дадаткова ў двухбаковым фармаце на ўзроўні ўрадаў або прэзідэнтаў прыняць рашэнне", — сказаў беларускі лідар.

Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі не вычарпала свайго патэнцыялу.

"Калі мы дамаўляліся з Дзмітрыем Анатольевічам аб тым, што мы павінны правесці Вышэйшы Дзяржаўны Савет, мы адзначылі з ім, я ўжо маю права раскрыць сакрэт, што мы не будзем нішчыць праект Саюзнай дзяржавы, а наадварот будзем развіваць. Гэта была наша дамоўленасць тры месяцы таму, калі мы пачалі падрыхтоўку да гэтага Вышэйшага Дзяржсавета", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што сёння неабходна сур'ёзна задумацца аб ролі і месцы Саюзнай дзяржавы і яе інстытутаў у агульнай архітэктуры інтэграцыі, каб не атрымалася так, што нейкія інтэграцыйныя напрамкі і структуры больш важныя, чым Саюзная дзяржава. "Лічу, гэтым шляхам трэба ісці, яго паглыбляць. А чым далей, тым складаней будзе, але мы поўныя рашучасці ісці гэтым шляхам", — падкрэсліў беларускі лідар.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, сённяшнія дамоўленасці паміж Беларуссю і Расіяй, якія прапануецца зафіксаваць у шэрагу рашэнняў ВДС і двухбаковых дакументаў, — самае яскравае таму пацвярджэнне.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на асаблівы характар цяперашняга пасяджэння, паколькі яно праходзіць на фоне прыняцця гістарычных рашэнняў. "Я заўсёды аддаваў належнае Расійскай Федэрацыі ў гэтым плане. Мы заўсёды аб гэтым вялі дыялог, і вельмі сімвалічна і знамянальна, што гэты працэс вельмі актывізаваўся з боку Расіі месяц таму", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб дамоўленасці трох краін развіваць еўразійскую эканамічную інтэграцыю. На думку беларускага лідара, добры штуршок гэтаму даў артыкул Уладзіміра Пуціна, апублікаваны ў газеце "Известия". "Гэта дало добры штуршок, каб усе вызначыліся і выказаліся: як жа будзем рухацца далей", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён з задавальненнем адзначыў, што на працягу некалькіх месяцаў ішла практычная работа і бакі аказаліся гатовымі да падпісання тых гістарычных дакументаў, якія прывядуць да стварэння Еўразійскага саюза.

"З гордасцю магу сказаць, што мы нямала зрабілі для гэтага працэсу і ў рамках будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Усё ж такі будзем шчырымі — гэта не толькі эканамічны саюз Беларусі і Расіі, але і ваенна-палітычны", — сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што аб гэтым сведчыць і парадак дня цяперашняга пасяджэння ВДС, на якім разглядаюцца пытанні і абароннага, і знешнепалітычнага характару, і сацыяльнай абароненасці грамадзян. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь і Расія падпісалі пагадненне аб продажы "Газпраму" акцый "Белтрансгаза" і кантракты аб аб'ёмах і ўмовах паставак і транзіту расійскага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика