Аляксандр Лукашэнка: "У Беларусі стараюцца акружыць клопатам кожнае дзіця"
28.12.2011
—
Новости Политики
|
Беларуская дзяржава зробіць усё магчымае, каб кожнае дзіця было акружана клопатам і любоўю. Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей, перадае БЕЛТА. "Усе вы — дзеці адной дружнай сям'і, і Радзіма, як пяшчотная маці, імкнецца сагрэць клопатам і любоўю кожнага з вас", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, менавіта гэтай мэце служыць дабрачынная акцыя "Нашы дзеці". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым годзе папрасіў усіх багатых людзей напярэдадні Новага года зрабіць падарункі для дзяцей. Прэзідэнт выказаў падзяку ўсім, хто адгукнуўся на гэту прапанову. Ён расказаў, што ў бліжэйшыя дні будзе сустракацца з тымі дзецьмі, у каго няма бацькоў, хто сустракае свята ў бальнічнай палаце, і дарыць падарункі. "Свята абавязкова прыйдзе да кожнага дзіцяці!" — выказаў упэўненасць кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да дзяцей, якія сабраліся на галоўнай ёлцы краіны, Прэзідэнт адзначыў, што на свята прыйшлі самыя ініцыятыўныя, спартыўныя, добрыя і адказныя хлопчыкі і дзяўчынкі. "Мы цэлы год чакалі гэтага свята, і, нарэшце, яно наступіла. Мы заўсёды пад Новы год жадаем адно аднаму шчасця. А шчасце для дарослых — калі вы вясёлыя, смеяцеся, усміхаецеся, калі вы здаровыя і вашы вочы свецяцца", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт нагадаў аб поспехах дзяцей, якіх яны дасягнулі ў 2011 годзе. "Самае вялікае, што вы прынеслі ў гэты год — гэта вашы поспехі. Беларускія школьнікі заваявалі 23 медалі на міжнародных прадметных алімпіядах. Значыць, вы не забылі аб тым, што трэба вучыцца. Без вучобы гэтыя поспехі былі б немагчымы", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіна ганарыцца поспехамі Лідзіі Заблоцкай і яе сяброў, якія дастойна прадставілі краіну на конкурсе дзіцячага "Еўрабачання-2011". "Да яе і яе сяброў мы ставімся як да пераможцаў", — сказаў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў выступленне Аляксандры Няхай, якая стала лаўрэатам Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу на "Славянскім базары ў Віцебску". Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што будучы год будзе лепшы за цяперашні. Паводле яго слоў, гэта было б добрым падарункам для дарослых і добрай прыметай для краіны. Прэзідэнт пажадаў дзецям у дні доўгачаканых канікул не губляць часу дарма, правесці іх весела, але з карысцю для здароўя і розуму. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх з надыходзячым Новым годам. "Жадаю вам, вашым родным, блізкім і сябрам, аднакласнікам, настаўнікам і выхавальнікам здароўя, шчасця і дабрабыту. Няхай усе вашы запаветныя мары абавязкова здзейсняцца!" — падкрэсліў Прэзідэнт. На галоўную ёлку краіны запрошаны 2 тыс. 370 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем'ях, дзеці з сем'яў бежанцаў, навучэнцы — пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, навучэнцы, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай рабоце. У дабрачынным навагоднім свяце прымуць удзел таксама 30 вучняў Рыжскай беларускай школы. Пасля яркага казачнага музычна-сцэнічнага шоу, якое пакажуць на сцэне Палаца Рэспублікі, усім дзецям уручаць падарункі ад імя Прэзідэнта. Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праводзіцца з 20 снежня па 10 студзеня. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская дзяржава зробіць усё магчымае, каб кожнае дзіця было акружана клопатам і любоўю. Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на...
|
|