Аляксандр Лукашэнка: "За гэту пяцігодку ў Мінску з'явіцца мноства цікавых новабудоўляў і кварталаў". 21.by

Аляксандр Лукашэнка: "За гэту пяцігодку ў Мінску з'явіцца мноства цікавых новабудоўляў і кварталаў"

26.04.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку, ён працаваў на ўзвядзенні будынка аквапарка ў Мінску.

Як далажыў Прэзідэнту мэр Мінска Мікалай Ладуцька, сталічны аквапарк, будаўніцтва якога плануецца завяршыць у 2013 годзе, стане пятым па велічыні ў Еўропе.

Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, гэта пяцігодка будзе цікавая тым, што ў Мінску з'явіцца шмат прыгожых новабудоўляў, кварталаў і асобных аб'ектаў.

На аб'екце працавалі яшчэ тры брыгады — пад кіраўніцтвам кіраўніка Адміністрацыі і кіраўніка спраў Прэзідэнта, а таксама ігракоў прэзідэнцкай хакейнай каманды. Разам з кіраўніком дзяржавы працавалі чыноўнікі, спартсмены, прадстаўнікі БРСМ, прафсаюзаў, студэнты, работнікі сферы адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі.

Палавіна заробленых краінай на рэспубліканскім суботніку грашовых сродкаў будзе накіравана на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезона, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, другая палавіна — на будаўніцтва новага будынка Музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску і стварэнне яго музейнай экспазіцыі.

Завяршыўшы работу, кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Прэзідэнт расказаў, што, калі прымалася рашэнне аб чатырох выхадных днях запар, ён распарадзіўся, каб урад назначыў на 21 красавіка суботнік.

Гаворачы пра свой удзел у суботніку, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Усе, хто працаваў на гэтым аб'екце, у будучым, наведваючы аквапарк, змогуць сказаць, што і яны ўнеслі ў будаўніцтва сваю невялікую лепту".

Журналісты папрасілі кіраўніка дзяржавы пракаментаваць выказванні аб тым, што Аляксандр Лукашэнка нібыта баіцца пратэстаў рабочых і таму патрабуе ад урада вырашэння пытанняў на праблемных прадпрыемствах.

"Там, дзе ёсць слова "баіцца", каментаваць няма чаго", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Я нічога не баюся, — сказаў ён. — Мне баяцца няма чаго, я чалавек рашучы, і губляць мне ў прынцыпе няма чаго". Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што адзінае, чым ён даражыць, гэта меркаванне народа. "Калі я чаго і баюся, дык толькі меркавання маіх людзей, майго народа. Гэта мае выбаршчыкі, я іх меркаванне цаню і паважаю. Таму, калі рабочы чалавек кажа, што нешта не так, я на гэта рэагую. Як я рэагую, вы ведаеце", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца праблемных прадпрыемстваў, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны будуць рэфармавацца.

Ён нагадаў, што нядаўна прыняў рашэнне аб аднаўленні ў краіне новай галіны — авечкагадоўлі. Так, плануецца пабудаваць новы камвольны камбінат і атрымліваць у Беларусі вырабы з воўны.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, плануецца рэфармаваць і мотавелазавод. "Я ніколі ў жыцці не аддам і не страчу гэту марку. Мы зробім самае сучаснае прадпрыемства, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта таксама вялікі страх, каб не страціць гэты брэнд і каб мае людзі, мае рабочыя, мой народ мелі магчымасць працаваць, зарабляць і карміць сваіх дзяцей".

"А тое, што гэтыя пятакалоннікі ныюць і выюць... Вы іх палітыку ведаеце, я таксама гэта вельмі добра ведаю. Таму няхай думаюць так, калі ім гэта выгадна", — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта адносна адтоку кадраў з краіны ў сувязі з утварэннем АЭП. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не баіцца канкурэнцыі на рынку працы і адтоку з Беларусі кваліфікаваных кадраў са стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы. "Свабоднае перамяшчэнне капіталу, рабочай сілы — у гэтым сэнс АЭП, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Чалавек мае права выбраць работу там, дзе яму зручней. Мы з адкрытай эканомікай, у нас адкрытая краіна, і мы нікога ніколі сілай не ўтрымаем. Мы проста павінны змагацца за чалавека, ствараючы нармальныя ўмовы, каб людзі заставаліся тут і працавалі на сваёй зямлі".

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі рэалізуецца шмат інвестпраектаў, і, на яго думку, інвестар у першую чаргу будзе шукаць высокакваліфікаваных спецыялістаў і дастойна аплачваць іх працу.

"Напрыклад, плануецца будаўніцтва так званага кітайскага квартала. Праўда, тут зноў гэта "пятая калона" пачала лямантаваць, што гэта кітайцы да нас прыедуць жыць. Гэта нам будуюць, нашым людзям, па новых тэхналогіях! Я папрасіў кітайцаў, будучы там: прыедзьце, пабудуйце так, як вы ўмееце будаваць. І за кошт тэрмальных вод з-пад зямлі трэба абагрэць гэтыя дамы. Гэта новыя тэхналогіі. Гэта была мая просьба. Але жыць жа вам — беларусам", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Я для таго гэта гавару, што гэта вялікія грошы, і інвестары гатовы плаціць нашым рабочым тую заработную плату, якую яны плацяць нават не ў Расіі, а на Захадзе. Але яны не возьмуць абы-каго, яны возьмуць высакакласных бетоншчыкаў, муляраў, майстроў, спецыялістаў, кіраўнікоў і гэтак далей.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ўзровень зарплат у Беларусі паступова расце, выраўноўваючыся з краінамі-суседкамі. "Мы паціху выраўноўваемся па заработнай плаце. А тыя інвестпраекты, якія мы рэалізуем, то я не думаю, што адсюль будаўнік паедзе ў Расію на заробкі. Я не хачу сказаць, што тут у іх зарплата большая, чым у некаторых расіян-будаўнікоў, якія там працуюць. Не ў гэтым справа. Але ў нас сёння і цэны ў разы ніжэйшыя, чым у Маскве. Гэта таксама трэба ўлічваць. Таму той, хто хоча паспытаць дабра на чужыне, няхай едзе, мы не перашкаджаем", — сказаў Прэзідэнт.

"Упэўнены, на працягу гэтага года мы выраўнуемся і дасягнём прыкладна таго сярэдняга ўзроўню зарплат, што ў суседзяў", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што на буйных беларускіх прадпрыемствах, так званых флагманах, ужо даволі высокі ўзровень заработных плат. "Заработная плата, дапусцім, у нафтавікоў — амаль $800 у месяц, БелАЗ, МАЗ, МТЗ, машынабудаванне — звыш $500, да $700 у некаторых. А пачыналася з $300. Таму паціху падцягваемся", — сказаў Прэзідэнт.

"Вось, кажуць, у Расіі зарплата у паўтара раза вышэйшая. Але разумееце, як лічыцца гэта зарплата? Ёсць, дапусцім, алігарх з мільярдамі долараў, а ёсць звычайны селянін, які практычна нічога не атрымлівае. У кучу склалі, падзялілі, атрымалі сярэднюю. А хто гэту сярэднюю зарплату мае?" — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі няма такой вялікай розніцы ў зарплатах.

Аляксандр Лукашэнка па просьбе журналістаў выказаўся таксама і адносна рэакцыі Еўрасаюза на вызваленне двух апазіцыянераў, памілаванне якіх Прэзідэнтам быццам бы ўказвае на нейкую эфектыўнасць санкцый ЕС. Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, памілаваныя апазіцыянеры выйшлі на свабоду не з-за націску Еўрасаюза. "Не напісалі б прашэння аб памілаванні — сядзелі б да гэтага часу. А тыя, хто там застаўся і не напісаў гэты зварот на імя Прэзідэнта, будуць сядзець. Вось і ўвесь націск. Ніхто на мяне тут не націсне", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы папярэдзіў: "Яшчэ адзін націск — і тыя балбатуны, якія выйшлі на свабоду і павінны сказаць дзякуй, што з імі так абышліся, могуць вярнуцца зноў у калонію".

"Яны проста, напэўна, прагнуць гэтага. Сумленней было б па-мужчынску прыйсці да некага там або сказаць: слухайце, ужо надакучыла на волі, мы палітвязні, вярніце нас назад. Дзве гадзіны — і яны ў калоніі", — сказаў Прэзідэнт. "Таму мы тут націску ніякага не пацерпім. І раней я ўжо гаварыў, пры якіх умовах яны могуць выйсці на свабоду", — дадаў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, прымаючы рашэнне аб памілаванні, улічваў асабістыя аспекты: наяўнасць маленькага дзіцяці ў аднаго з вызваленых і праблемы са здароўем у другога. "Не было б малога ў аднаго, а ў другога спіна раптам не забалела (там ён ужо хадзіць не мог, поўзаў, праўда, тут, як выйшаў, пабег), я, можа, нават і не рэагаваў бы так на іх просьбы. Але падумаў, добра, няхай яны будуць у сваіх сем'ях. Але будуць малоць языкамі — вернуцца туды. Вось і ўвесь будзе націск", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "А то ж такія бедныя... Сорамна чытаць інфармацыю аб тым, чым яны там займаліся", — дадаў Прэзідэнт.

"Калі хочуць вярнуцца ў калонію, няхай толькі скажуць. Два словы, дзве гадзіны — і мы іх зноў туды вернем, калі яны хочуць гэтага", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Вось яны цяпер гавораць: націснулі, таму паслоў упусцілі. Мы, наадварот, паслам сказалі: хлопцы, вы паехалі, пабудзьце там. А паслы сёння выказалі пажаданне вярнуцца сюды. Але трэба ж перавярнуць сітуацыю, каб нібыта захаваць твар. Дык людзі ж не дурні, яны гэта разумеюць", — сказаў Прэзідэнт.

БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку, ён працаваў на ўзвядзенні будынка аквапарка ў Мінску.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика